Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў сядзібе БНФ адбылося першае паседжаньне аргкамітэту ў справе “Чарнобыльскага шляху”, які павінен адбыцца 26 красавіка ў Менску.


Пра жаданьне ўзяць удзел у яго працы ўжо заявілі рух “За свабоду”, Партыя БНФ, АГП, БСДП (Грамада), ПКБ ды іншыя структуры аб’яднаных дэмсілаў.

Старшыня аргкамітэту Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што арганізатары пададуць заяўку ў Менгарвыканкам:

“Мы — законапаслухмяныя людзі. І нават апошні раз, калі мы пайшлі па маршруце, які нам не дазволілі. Яны не дазволілі, але Канстытуцыя дазваляе. І мы былі ўпэўненыя, што адпаведна закону дзейнічаем. Яны парушаюць заканадаўства. І таму зараз мы выберам той маршрут, які адпавядае сэнсу гэтай акцыі. А ўладзе застаецца проста дапамагчы нам, каб гэта было без сутыкненьняў, без крыві, безь зьбіваньня. І будзе залежаць ад улады — ці яна здольная прымаць нармальныя, законныя, кампрамісныя рашэньні”.

Як будуць улічвацца вынікі акцыі 25 сакавіка пры правядзеньні “Чарнобыльскага шляху”? Спадар Мілінкевіч сказаў:

“Тое, што адбылося 25-га, цалкам на сумленьні ўладаў, бо ўлада беспадстаўна, абсалютна незразумела мірных людзей з кветкамі зьбівала. А потым яшчэ агрэсіўна павяла сябе адносна журналістаў. Я хацеў бы плянаваць новыя акцыі не з пункту гледжаньня агрэсіўных паводзінаў улады. Хоць мы ніколі не правакавалі, але сваё ўмеем адстаяць”.

Паводле Мілінкевіча, ужо на наступным паседжаньні аргкамітэту будзе зацьверджаны маршрут Шляху. У прыватнасьці, Віктар Івашкевіч прапанаваў сабрацца каля чарнобыльскай капліцы побач з плошчай Бангалор і рухацца да пляцу Свабоды, да праваслаўнай і каталіцкай катэдраў, дзе запаліць сьвечкі і замовіць малебны ў памяць ахвяраў Чарнобылю.

“Калі ўлады будуць перашкаджаць людзям прайсьці да царквы, то яны пакажуць сваю сутнасьць, што ня боскую справу робяць. Акцыі павінны ставіць абвострана пытаньне: ты з кім?”

Нагадаем, перад акцыяй на Дзень Волі ўлады арыштавалі мастака Аляксея Марачкіна і сканфіскавалі зь яго майстэрні лёзунгі і харугвы, падрыхтаваныя для шэсьця. Спадар Марачкін заявіў, што далучыцца да афармленьня “Чарнобыльскага шляху”. Ён мяркуе, што ў галаве калёны будуць несьці ягоны абраз “Маці Божая ахвяраў Чарнобылю”.

“Трэба так, як і раней, годна. Каб там, канечне, была і наша сымболіка. І асабліва ў сувязі з ідэяй будаўніцтва атамнай станцыі на Беларусі — гэтая тэма таксама павінна быць выкарыстана пры афармленьні шэсьця. Я маю вопыт, і мы рабілі чарнобыльскія знакі, сымбалі гарадоў, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі. І гэта павінна абавязкова прысутнічаць. Павінны быць расьцяжкі, лёзунгі пра нашу будучыню”.

Сёньня ж у Вільні прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці выпрацавалі супольную пазыцыю да слуханьняў у Эўрапарлямэнце адносна постчарнобыльскай сытуацыі ў Беларусі. Слуханьні адбудуцца 17 красавіка ў Страсбуры. Іх ініцыятарам выступіў прафэсар Юры Бандажэўскі. Спадар Бандажэўскі таксама выказаў жаданьне ўвайсьці ў склад аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG