Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Самае сьмешнае ў Беларусі — гэта ўлада”


1 красавіка ў Беларусі, як і ў многіх іншых краінах, адзначаецца Дзень сьмеху. Што вам падаецца найбольш сьмешным у сёньняшнім жыцьці ў Беларусі? Гэтае пытаньне наша карэспандэнтка задавала вядомым палітыкам і творчым людзям.


Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін на пытаньне адказвае гэтак:

“Самым сьмешным мне падаецца тое, што як на нас ні ціснуць, а мы яшчэ жывем”.

Палітык Віктар Івашкевіч узгадвае актуальныя падзеі ў Беларусі:

“Самае сьмешнае, мне падаецца, тое, што беларускія ўлады сваімі выхадкамі на 25 сакавіка думаюць спыніць рух беларускага грамадзтва да свабоды і эўрапейскай культуры”.

Лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка:

“Сьмешнае можна знайсьці дзе заўгодна: заехаў памыць машыну, а там у каго сьвіньні ў машыне, у каго сьцягі. Таксама назвы танных алькагольных напояў: “Ранішняя раса” ці “Вячэрні звон” — таксама могуць быць падставай для жартаў”.

Палітык Анатоль Сідарэвіч сьмешнае таксама бачыць у палітыцы:

“Ну, самае сьмешнае — гэта эстафетная галадоўка. Хто гэта прыдумаў, таму варта было б выдаць патэнт. Можна пасьмяяцца, а зь іншага боку — вось да чаго можна апусьціць сам сьвяты прынцып галадоўкі як формы пратэсту і супраціву”.

Праваабаронца Гары Паганяйла:

“Некаторым, да прыкладу, падабаецца чысьціня і парадак на вуліцах гарадоў і, у прыватнасьці, Менску. А я кажу, што гэта плата за несвабоду. Іншы раз вось такія кантрасты выклікаюць сьмех”.

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі кажа, што жыцьцё ў Беларусі досыць сумнае, але месца для гумару ўсё ж ёсьць:

“Самае сьмешнае ў нас — гэта беларускае тэлебачаньне. Яно дае гэтулькі спажывы для сьветлага гумару сваёй няўклюднасьцю. Бадай, больш нічога і не прыдумаеш”.

Тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі:

“Дзіўна, што ёсьць яшчэ такі дзень у нашым жыцьці — Дзень сьмеху. Мусіш сьмяяцца. У вас сьпіна белая”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сьмешнае бачыць у палітыцы ўладаў:

“Самае сьмешнае — тое, што знаходзячыся ў цэнтры эўрапейскага кантынэнту, у сябрах мы маем арабскіх шэйхаў, Уга Чавэса і Фідэля Кастра”.

Журналістка Сьвятлана Калінкіна:

“Насамрэч, сьмешнага вельмі шмат. Да прыкладу, калі нашы чыноўнікі спрабуюць апраўдаць тое, што адбываецца ў краіне. Гэта бездапаможна і няўклюдна, але гэта сумны сьмех. А калі пра сьмех сапраўдны, то дастаткова прайсьціся па вуліцах і прачытаць назвы, напісаныя нібыта па-беларуску. Вось дзе сапраўды абрагочасься”.

Палітык Станіслаў Шушкевіч:

“Было б вельмі сьмешна, каб заявы пра Скарыну ў Піцеры і паэзію Васіля Быкава былі зробленыя 1 красавіка. Але гэта адбылося ў іншыя дні, а таму 1 красавіка ў нас штодня”.

Мастак Аляксей Марачкін, які днямі адбыў пяць сутак арышту — нібыта за нецэнзурную лаянку:

“Калі яны пісалі пратакол, што я лаяўся матам, то я ім казаў, што я грыз вас зубамі ці яшчэ што. Сьмяяцца трэба з таго, што адбываюцца і сумныя падзеі”.

Палітык Мікола Статкевіч:

“У Беларусі шмат сьмешнага. А самае сьмешнае ў Беларусі, на мой погляд -- гэта яе ўлада”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG