Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Бяляцкі: “Бессэнсоўна штосьці высьвятляць з шулерамі”


У мінулую нядзелю ў выніковай праграме “Панарама тыдня” на Першым тэлеканале быў паказаны сюжэт пра маёмасьць праваабаронца, заснавальніка зьліквідаванага рашэньнем уладаў праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.


Сьцьвярджалася, што спадар Бяляцкі, які афіцыйна нідзе не працуе, здолеў набыць нерухомасьць, рынкавы кошт якой складае сотні тысяч даляраў. Сам Алесь Бяляцкі называе сюжэт сумеснай творчасьцю падначаленых кіраўніка БТ Аляксандра Зімоўскага і спэцслужбаў.

Паводле тэлеаналітыка Юры Пракопава, праваабаронца Алесь Бяляцкі на грошы ад замежных грантаў набыў нерухомасьць, якая ацэньваецца ў сотні тысяч даляраў. Праўда, пры гэтым тэлевядоўца заявіў, што ня здолеў зьвязацца з героем сюжэту, бо той нібыта адпачываў у чарговай “бананавай рэспубліцы”.

У інтэрвію Радыё Свабода Алесь Бяляцкі сказаў, што ня мае ніякага жаданьня ўступаць у палеміку зь дзяржаўнымі прапагандыстамі, бо ён толькі адзін з тых грамадзкіх дзеячаў, на каго ёсьць “замова” на дыскрэдытацыю:

“Я тут нічога зараз і тлумачыць ня буду, таму што няма сэнсу з гэтымі шулерамі штосьці высьвятляць. Бо ў любым выпадку гэта атрымліваецца як форма апраўданьня. Таму ніякіх тлумачэньняў, апроч таго, што ўсё гэта кладзецца ў агульную кампанію дыскрэдытацыі грамадзкіх дзеячаў, журналістаў, палітычных лідэраў ды іншых. Таму што зразумела, што сюжэт рыхтаваўся, зразумела, што інфармацыя, якую мелі журналісты для гэтага сюжэту, атрыманая не журналісцкімі шляхамі, што відавочна. Таму тут усё зразумела”.

Карэспандэнт: “То бок вы лічыце, што такія сюжэты робяцца ў шчыльным супрацоўніцтве са спэцслужбамі?”

“Так, я ў гэтым перакананы стопрацэнтна”.

Кватэра, набытая дзесяць гадоў таму ў цэнтры Менску пад офіс для праваабарончага цэнтру “Вясна”, была аформленая на імя старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага. Аднак, як лічаць калегі і прадстаўнікі трэцяга сэктару, сьцьвярджаць пра сотні тысяч даляраў, якімі на гэтай падставе нібыта распараджаецца праваабаронца, няма ніякіх падставаў. Апроч таго, у сюжэце не было ўдакладненьня, што кошт нерухомасьці ўзору сёньняшняга дня і канца 1990-х істотна адрозьніваецца.

***

У шэраг рассакрэчаных Беларускім тэлебачаньнем трапіла ўжо цэлая абойма беларускіх палітыкаў.

Аляксандар Казулін у бытнасьць рэктарам Белдзяржунівэрсытэта адкрыта абвінавачваўся ў адмываньні “золата” у падначаленым ВНУ прадпрыемстве “Унидрагмет”. За адсутнасьцю фактаў справа была закрытая, прабачэньняў палітыку ніхто не прынёс.

Экс-сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч намаганьнямі БТ быў далучаны да “дэструктыўнай сэкты” паўднёвакарэйскага прапаведніка Муна і нават быў прызначаны “лаўцом душаў” для гэтай царквы ў Беларусі. Голас самога Шушкевіча ў той гісторыі выслуханы ня быў.

Экс-кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч быў зьвінавачаны ў апэрацыях зь нерухомасьцю на Гарадзеншчыне. Насамрэч палітыку “прыпісалі” нібыта незаконнае валоданьне старой бацькоўскай хатай.

Некалькі разоў гледачам былі прапанаваныя перахопленыя спэцслужбамі тэлефонныя перамовы апазыцыянэраў – Анатоля Лябедзькі з вядомым расейскім палітыкам Барысам Нямцовым, Віктара Карніенкі з польскімі палітыкамі.

Неаднаразова за “палітычны турызм” у розныя краіны сьвету траплялі ў кадры тэлеаналітыкаў як кіраўнікі палітычных партый, так і студэнты зь Беларусі, якія навучаюцца ў розных краінах паводле эўрапейскіх адукацыйных праграмаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG