Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня -- палітык і праваабаронца Людміла Гразнова.

Людміла Гразнова -- кандыдат эканамічных навук. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня зьяўлялася намесьнікам старшыні парлямэнцкай Камісіі па бюджэту, падатках і зборах, падпісалася пад патрабаваньнем імпічмэнту А.Лукашэнку. Уваходзіла ў аргкамітэт грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97”, апошнія чатыры гады – намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Людміла Гразнова ўзначальвае зарэгістраванае ў Вільні грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы альянс”. Сёньня яна адказвае на пытаньні журналіста Аляксандра Уліцёнка пра свае жыцьцёвыя погляды, грамадзянскія прыярытэты.

Аляксандар Уліцёнак: “Чым Вам цікавей займацца: палітыкай ці эканомікай?”

Людміла Гразнова: “Эканоміка сталася ўжо для мяне ўспамінам… Палітыка зараз на першым месцы, бясспрэчна. І пра тое не шкадую”.

Уліцёнак: “І ўсё ж: што Вас, кандыдата эканамічных навук, хвалюе ў сёньняшнім беларускім гаспадарчым мэханізьме?”

Гразнова: “Тое, што ў нас усталявалі дзяржаўны капіталізм. Вельмі такі абмежаваны, для вузкага кола людзей, якія тым ня менш прыватызавалі самыя прыбытковыя галіны. І цяпер у многіх шарагоўцаў расчараваньне ў рынкавай эканоміцы, хоць яна зусім ня тая, якой мусіць быць. Гэта – лацінаамэрыканскі варыянт: карумпіраваны, бандыцкі, шкодны і сацыяльна небясьпечны”.

Уліцёнак: “Вас яшчэ ведаюць як праваабаронцу – гэта плённая праца, ці ў сёньняшніх беларускіх варунках дэкляратыўная?”

Гразнова: “Для мяне больш грунтоўнае ў ёй псыхалягічнае адценьне. Бо я не прававед, а зь людзьмі працаваць трэба, трэба неяк падтрымліваць іх, пазбаўляць ад страху – вось дзе маё”.

Уліцёнак:
“Людміла, вы намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У такім разе – Ваш ідэал палітыка?”
Гразнова: “За мастацтва аксамітавых рэвалюцый цаню Вацлава Гаўла й Леха Валенсу. А вось у Юліі Цімашэнка ў некаторым сэнсе расчараваная. Сярод расейцаў вылучыла б зараз Гары Каспарава”.

Уліцёнак: “Што вы цяпер чытаеце?”

Гразнова: “Джон Голсуорсі, “Сага пра Фарсайтаў”. Вельмі люблю гэтага пісьменьніка, таму што ён ня толькі рамантычны, але й філязофска-псыхалягічны”.

Уліцёнак: “Прачытаў у адной з Вашых нататак Вашае ж: “Такі час: чалавек – нішто, гандляр – усё!” Гучыць вельмі афарыстычна. А якім больш ці менш вядомым афарызмам самі кіруецеся ў жыцьці?”

Гразнова:
“Не сьвятыя збаны лепяць”, яшчэ пра тое: “Ня Бог пашыў боты – шаўцовай работы”… Між тым у нас, беларусаў, ёсьць ня лепшая рыса: залішняя сьціпласьць, памяркоўнасьць. Не разумеем таго, што менавіта на гэтым месцы мусім быць самым вялікімі, рабіць лепш за іншых! А яшчэ ёсьць падобная ж грэчаская прыказка: “Тут Радос!” – у сэнсе тут скачы! Тут – на сваім месцы, у сваім пасёлку, вёсцы, горадзе, у сваім доме, на сваёй працы быць зноў жа самым першым героем – за тое й іншыя, і ты сам будзеш паважаць сябе”.

Уліцёнак: “І апошняе пытаньне: што вы лічыце сёньня найгалоўнейшым для беларусаў?”

Гразнова:
“Прабуджэньне і прасьвятленьне. Упэўненасьць у сваіх сілах”.

XS
SM
MD
LG