Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працуюць журналісты незалежных СМІ пасьля ператрусаў


Пасьля масавых ператрусаў у менскім офісе “Радыё Рацыя”, у памяшканьні, дзе знаходзіліся экспэрты “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, у журналістаў, якія працуюць у тэлекампаніі “БелСат”, прадстаўнікі спэцслужбаў канфіскавалі кампутары, гуказапісваючую тэхніку, усе носьбіты інфармацыі. Ці адаб’ецца гэта на працы незалежных СМІ?


Уся канфіскаваная ў журналістаў тэхніка знаходзіцца ў пракуратуры, і калі яе вернуць, і ці вернуць наагул, пакуль невядома. Але літаральна праз некалькі гадзін пасьля ператрусаў і “Еўрапейскае радыё”, і Радыё Рацыя, і “Белсат” выйшлі ў эфір, працягваюць абнаўляцца сайты.

Прэзыдэнт “Еўрапейскага радыё для БеларусіЗьміцер Новікаў пераканаы:

Крыху ўскладніцца праца, таму што цяжэй будзе атрымліваць нейкія камэнтары
“Я думаю, што ў працы нічога не зьменіцца. Будзем працаваць, як і працавалі, у звычайным рэжыме. Канечне, крыху ўскладніцца праца, таму што цяжэй будзе атрымліваць нейкія камэнтары нармальныя, аб’ектыўныя. Але мы былі падрыхтаваныя да такога разьвіцьця падзеяў, таму будзем працаваць, як і працавалі”.

У офісе Радыё Рацыя забралі чатыры кампутары, ноўтбук, гуказапісваючую тэхніку. Журналісты фактычна пазбаўленыя ўласных архіваў, сваіх напрацовак. Натуральна, свае прафэсійныя сакрэты, якім чынам будуць здабываць інфармацыю, перадаваць матэрыялы, журналісты не выдаюць. Супрацоўнік Радыё Рацыя Кастусь Вансяцкі кажа:

цалкам спыніць нашу работу ва ўладаў не атрымаецца
“Гэтыя масавыя ператрусы, канечне, паўплываюць на працу. Але цалкам спыніць нашу работу ва ўладаў не атрымаецца. Я думаю, мы знойдзем формы супрацоўніцтва з нашымі партнэрамі, мы будзем шукаць магчымасьці, каб надалей працаваць а аб’ектыўна асьвятляць падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі ў поўным аб’ёме. Але зараз не магу сказаць, якім чынам. Першае, што мы зробім – гэта мы паспрабуем атрымаць акрэдытацыю, і тады ўлады, МЗС ня будуць мець магчымасьці казаць, што “да нас ніхто не зьвяртаўся, але мы добрыя, гатовыя ўсім даць акрэдытацыю, але як мы можам даць, калі да нас не зьвяртаюцца?” Вось мы і паглядзім, як яны адрэагуюць на гэта”.

Тэлеканал“БелСат”, які вядзе вяшчаньне таксама з тэрыторыі Польшчы, як і “Еўрапейскае радыё для Беларусі”, Радыё Рацыя, працуе ў звычайным рэжыме, кажа дырэктар інфармацыйнай службы “БелСату” Аляксей Дзікавіцкі:

Канал працягвае працаваць так жа сама, як і працаваў
“Канал працягвае працаваць так жа сама, як і працаваў. Аніякіх зьменаў ні ў праграмах, ні ў навінах (што вельмі важнае, бо для навіны мы робім і атрымліваем матэрыялы зь Беларусі штодня). Канечне, тая акцыя, якая была праведзеная ня толькі супраць нас, але і яшчэ супраць шмат якіх незалежных журналістаў, не дапамагае нам працаваць, але і не настолькі перашкаджае, каб мы павінны былі спыніць сваю працу, Так што некаторыя інфармацыі, якія зьяўляюцца, што, маўляў, “Белсат” ня зможа працаваць, гэта ўжо канец – яны абсалютна заўчасныя”.

XS
SM
MD
LG