Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: рынак альбо спарткомплекс?


У Магілёве мясцовыя ўлады працягваюць ліквідацыю харчовых і рэчавых рынкаў. Месяц таму жыхары дваццацітысячнага мікрараёну “Саломенка” даведаліся пра пагрозу закрыцьця адзінага тут рынку “Крыніца”. Паведамілі пра тое ня ўлады, а гандляры, якія дзеля захаваньня сваіх працоўных месцаў пачалі зьбіраць подпісы. За месяц гандляроў падтрымалі шасьць тысяч жыхароў. У выніку старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў паабяцаў правесьці ў мікрараёне грамадзкае абмеркаваньне праблемы.


Магілёўскія ўлады апраўдваюць ліквідацыю рынку тым, што ў мікрараёне “Саломенка” няма ніводнага культурнага і спартовага аб’екту.

У нас цяпер ёсьць праект: два басэйны, адзін вялікі, другі паменш – дзіцячы
“Была маса заявак. І дэпутаты гаварылі, і жыхары гаварылі, што трэба дапамагчы гэтаму раёну. У нас цяпер ёсьць праект: два басэйны, адзін вялікі, другі паменш – дзіцячы. Спартовы комплекс з глядзельнай заляй. Заля фэхтаваньня, альбо заля барацьбы. Фітнэс-цэнтры й трэнажорная заля”, – гэтак незалежнаму тэлеканалу “Магілёў-2” тлумачыў пазыцыю ўлады старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў.

Спадар Шорыкаў паабяцаў, што рашэньне будзе прынятае толькі пасьля абмеркаваньня:

“Перад тым, як мы гэта прымем, мы ў абавязковым парадку правядзём абмеркаваньне аб’екта з прыцягненьнем жыхароў раёну, з прыцягненьнем горадабудаўнічага савету”.

Віктор Шорыкаў даў інтэрвію, калі ўжо былі сабраныя каля шасьці тысячаў подпісаў супраць зносу рынку.

Гандляры “Крыніцы” ня супраць будаўніцтва ў мікрараёне спарткомплексу, аднак не разумеюць, чаму зь імі абыходзяцца гэтак не па-людзку:

“Я не спадзяюся, што мы адстаім, канечне, бо гэта ўсё загадзя сплянавана. Калі я пачала рабіць дакумэнты й прынесла ў гарвыканкам, там запыталася: “Вось мне даюць месца на міні-рынку “Крыніца”, а калі раптам яго зьнясуць альбо зачыняць”. Там адказваюць: “Бліжэйшыя дзесяць год ніякай рэканструкцыі ня будзе”, – зазначыла “Свабодзе” адна з гандлярак.

Ці ёсьць цывілізаваны шлях вырашэньня канфлікту? Дэпутат гарсавету ад мікрараёну “Саломенка” Аляксандар Агееў перакананы – ёсьць. “Трэба пабудаваць спарткомплекс на свабодных плошчах, і праблема вырашыцца”, – лічыць ён.

Зьдзіўляе супрацьпастаўленьне: рынак альбо спартовы комплекс
Спадар Агееў кажа, што людзі, якія зьвярталіся да яго, проста не разумелі, што адбываецца:

“Зьдзіўляе супрацьпастаўленьне: рынак альбо спартовы комплекс. “І рынак, і спарткомплекс”, – кажуць яны. Рынак мае ня толькі мясцовае значэньне, але й гарадзкое. Бо тыя, хто езьдзяць на дачы, тыя заяжджаюць сюды, затаварваюцца й зьяжджаюць. Не запруджваюць горад, транспартных праблемаў не ствараюць. Прадпрымальнікаў зьдзіўляе тое, што іх не папярэдзілі ва ўстаноўленым законам парадку. Можна сказаць, папярэджвалі заднім чыслом. Некаторыя заключалі пагадненьні два тыдні таму аб арэндзе кіёскаў тут”.

На рынку “Крыніца” гандлюе каля трохсот прадпрымальнікаў. Гандлёвыя павільёны зьявіліся тут гадоў дзесяць таму. Цяпер – блізу пяцідзесяці шапікаў. Гаспадары кажуць, што кожны з іх абышоўся прыблізна ў дзесяць тысяч даляраў.

Узамен улады прапануюць месцы ў гандлёвых цэнтрах, якіх у Магілёве шмат і якія ў бальшыні напаўпустыя. Прадпрымальнікі туды не ідуць, бо задорага.

Гэта паказуха, для таго, каб быў відаць з дарогі й можна было ганарыцца, што мы нешта зрабілі
“Саломенка” – вялікі спальны раён на ўскрайку гораду. Плошчаў для будаўніцтва тут даволі. Чаму менавіта месца рынку ўлады абралі для спарткомплексу? Нібыта менавіта тут спарткомплекс будзе больш даступны людзям. Жыхары не згаджаюцца. Вось адно зь меркаваньняў:

“Гэта паказуха, для таго, каб быў відаць з дарогі й можна было ганарыцца, што мы нешта зрабілі. Мясцовая ўлада можа сьмела рапартаваць, што мы нешта пабудавалі. Калі ж яго пабудаваць за саракавой школай, дзе ён будзе аддалены ад важных транспартных разьвязак, ён будзе непрыкметным”.
XS
SM
MD
LG