Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ўшанавалі памяць сьвятароў-пакутнікаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У суботу ў Магілёве мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у архікатэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Станіслава асьвяціў мэмарыяльную дошку “Пакутнікам за веру”.


На ёй імёны каталіцкіх сьвятароў, якія служылі ў Магілёўскім касьцёле й загінулі пакутніцкай сьмерцю ў дваццатым стагодзьдзі. Гэта арцыбіскупы Эдварт Роп, Ян Цепляк, біскуп Балеслаў Слосканс, ксяндзы дэканы Яўген Сьвятаполк-Мірскі, Пётр Зялінскі, Вітольд Пашкевіч, Юзаф Белагаловы, Пётр Аўгла. Вянчаюць мэмарыяльную дошку словы, якія перад сьмерцю сказаў сваім катам Яўген Сьвятаполк-Мірскі: “Цела забіць можна, але душу зьнішчыць нельга”.

Яўген Сьвятаполк-Мірскі
Урачыстасьць адбылася ў межах дзён памяці па магілёўскім ксяндзу дэкану Яўгену Сьвятаполку-Мірскаму. Дзевяноста год таму, 28 лютага 1918 году, Сьвятаполк-Мірскі прыняў пакутніцкую сьмерць па выраку бальшавіцкага ваенна-палявога суду.

Ушанаваць памяць Яўгена Сьвятаполка-Мірскага ды іншых каталіцкіх сьвятароў-пакутнікаў прыехалі ў Магілёў прадстаўнікі польскай амбасады. На ўрачыстасьць прыйшлі шматлікія магілёўскія вернікі.

Узімку 1918 году бальшавікі, якія захапілі ўладу ў Магілёве, зьвінавацілі ксяндза дэкана Яўгена Сьвятаполка-Мірскага ў спрыяньні польскім уладам ды арганізацыі контрарэвалюцыйнага мяцяжу. Месяц сьвятар няволіўся ў засьценках ЧК. Бальшавікі намагаліся ўзамен на жыцьцё сьвятара спыніць наступ польскага корпусу Доўнар-Мусьніцкага. Ультыматум бальшавікоў ня быў прыняты палякамі. 28 лютага 1918 году Яўгена Сьвятаполка-Мірскага расстралялі, а ягонае цела зьнявечылі.

Пахавалі Яўгена Сьвятаполка-Мірскага ў красавіку 1918 году на магілёўскіх каталіцкіх могілках, каля капліцы сьвятога Антонія.
XS
SM
MD
LG