Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму затрымліваюць журналістаў, якія выконваюць свае прафэсійныя абавязкі? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.


Падчас сьвяткаваньня 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка, у Менску былі затрыманыя каля сотні чалавек, многія людзі зьбітыя. Сярод іншых – два карэспандэнты газэты “Наша Ніва” – Сямён Печанко і Андрэй Лянкевіч.

Карэспандэнтка: "Чаму затрымліваюць журналістаў, якія выконваюць свае прафэсійныя абавязкі?"

Спадарыня: “Зразумела чаму! Бо яны нясуць праўду пра дзеяньні ўладаў і сытуацыю ў Беларусі. Гэта жахліва што паказвалі, жахліва”.

Спадар: “Я не магу нічога сказаць. Я там ня быў і нічога ня ведаю”.

Спадарыня: “Не ўяўляю, чаму, але чым журналісты лепшыя за іншых людзей? Калі ў іх ёсьць пасьведчаньне пра тое, што яны журналісты і знаходзяцца на працы, то няхай паказваюць гэта адпаведным органам, і ўсё”.

Спадар: “Ня ведаю. Пэўна, выхаваньне такое ў нашага АМАПу. Хамло проста. Асабліва, калі яны з журналістамі гэтак абыходзяцца. Людзі, якія паведамляюць іншым людзям навіны, біць гэтых людзей – для нашай дзяржавы ганьба”.

Юначка: “Як навошта? Гэта і так усім зразумела. Чым менш, тым лепш, а каму – таксама зразумела”.

Спадар: “А што? Журналіст – такі ж грамадзянін. Няма чаго прыкрывацца нейкай паперынай. Ёсьць у краіне закон, і які б ён ні быў, яго трэба выконваць. Калі затрымліваюць незаконна, то гэта няправільна. А калі ён парушае закон і яго затрымліваюць, то гэта правільна, і ня трэба тут тыкаць ніякім сваім дакумэнтам”.

Юначка: “Чаму іх затрымліваюць? Пэўна, таму, што іхныя паводзіны супярэчаць палітыцы нашай дзяржавы. Дзяржава лічыць, што лепш яна абароніць сябе, чым людзей, для якіх яна створана”.

Юначка: “Альбо звычайная паніка, і там ужо нікому некалі разьбірацца. То бок, бярэм усіх разам, а там разьбярэмся, хто і што”.

Спадар: “Калі яны дазваляюць сабе зь людзей жывы шчыт рабіць, то чаго яшчэ ад іх можна чакаць?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG