Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Н.Ясевіч: грошы для апазыцыі - "лухта на высокім узроўні"


У турме на вуліцы Акрэсьціна застаюцца 29 апазыцыянэраў. Яшчэ некалькі чалавек адбываюць прэвэнтыўныя арышты ў рэгіёнах.


Усім арыштаваным перадалі цёплыя рэчы, напоі і туалетныя прыналежнасьці. Адзін з арыштаваных, хлопец, які 25 сакавіка ішоў дадому, выпадкова трапіў пад “зачыстку”. Ён адседзеў трое сутак і выйшаў на волю.

У Гомельскім ізалятары маладафронтавец Андрэй Цянюта трымае галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага арышту. Ён патэлефанаваў Паўлу Севярынцу з турмы. Павал пацікавіўся ягоным станам здароўя:

“Адчувае сябе добра. Усё яму перадаюць. Сядзіць у адной камэры з кіраўніком аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі па Гомелю Кастусём Жукоўскім. Па голасе, канешне, адчувалася, што такая паслуга, такі сэрвіс дзівіць яго й самога”.

Штодня каля турэмнай брамы турмы на вуліцы Акрэсьціна чарга, каб перадаць перадачу. Наста Палажанка паведаміла “Свабодзе”, што кожны арыштаваны атрымаў тое, што яму перадалі з волі.

“Цяпер забароненая ежа, нейкія такія смачныя рэчы, нават цукар. Дазволена толькі 2 літры соку на чалавека. Сапраўды, усё робіцца для таго, каб чалавеку было там непрыемна і няўтульна”.

Н.Ясевіч: “Ці можна міністру... лухту падсоўваць?!”

30 сакавіка на волю выйдуць маладафронтаўцы Валер Мацкевіч, Кася Салаўёва і Зьміцер Ясевіч. Маці Зьмітра, калі ўбачыла, што ў аўтобус кінулі яе сына, папрасіла, каб яе таксама туды пусьцілі. Жанчына мела пры сабе грошы, якія яна мусіла заплаціць за сылікатныя блёкі для будаўніцтва дома.

У сумцы былі сем пачак па мільёну рублёў і яшчэ адна, у якой не хапала некалькі купюраў да мільёну, бо, як патлумачыла Натальля Ясевіч, яна іх пазычыла сваім знаёмым.

Натальля апавяла:
Я патлумачыла: калі ласка, правярайце. Набярыце “Забудову” і спытайце, калі ёй трэба выкупіць блёкі. 4 чысла мне неабходна выкупіць гэтыя блёкі.


“Я патлумачыла: калі ласка, правярайце. Набярыце “Забудову” і спытайце, калі ёй трэба выкупіць блёкі. 4 чысла мне неабходна выкупіць гэтыя блёкі”.

У турму запрасілі тэлевізійную групу БТ. Апэратар здымаў раскладзеныя на стале грошы.

“Ён здымае, а потым заходзіць жанчына, мікрафон да мяне і запытвае: Гэта вашы грошы?”. Кажу: “Так. Гэта мае заробленыя грошы”. Тады яна кажа: “Гэта, відаць, грошы, якія прызначаліся для апазыцыі?”. Кажу: “Як вы, наагул, так можаце?! Як ня сорамна вам?!”. Я разьвярнулася, выйшла з пакою і пайшла па калідору. Калі дайшла да канцы калідора, азірнулася і ўбачыла, што чалавек, які здымаў, ішоў за мной і здымаў мяне”.

28 сакавіка міністар ўнутраных спраў Уладзімер Навумаў пад час прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што міліцыянты затрымалі 25 сакавіка “жанчыну-касірку”, якая, цытую, “намагалася патлумачыць, што прыйшла на мітынг з грашыма, каб зрабіць пакупкі на наступны дзень, але грошы былі раскладзеныя па 100 тысяч, што яўна ўказвае на тое, для якіх мэтаў яны прызначаліся”.

Гаворыць Натальля Ясевіч:

“Ці можна міністру, на такім высокім узроўні такую лухту падсоўваць?! Гэта папросту неверагодна, гэта папросту ганебна... Як так можна?! Як можна?!”

30 сакавіка апроч Касі Салаўёвай, Зьмітра Ясевіча і Валера Мацкевіча на волю выйдуць Аляксей Паўловіч, Юры Макарэвіч, Алесь Лапіцкі і Андрэй Вінакураў.

4 красавіка на волю выйдуць арыштаваныя на 10 сутак апазыцыянэры, сярод якіх Яўген Афнагель, Алесь Ванчук, Максім Вінярскі, Зьміцер Курза, Ігар Панфілаў ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG