Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракурорскую статыстыку псуюць “вісякі”


У 2007 годзе ў Беларусі было зьдзейсьнена 791 наўмыснае забойства. Гэта ўдвая болей, чым 20 гадоў таму.


Пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Віктар Прус. Болей за 580 згвалтаваньняў і 1351 наўмысных забойстваў мінулых гадоў дагэтуль застаюцца нераскрытымі. Летась супрацоўнікі міліцыі раскрылі 34 забойствы папярэдніх гадоў. Ці ёсьць верагоднасьць раскрыцьця злачынстваў мінулых гадоў?

“Чым даўнейшае злачынства, тым меней яно зразумелае”

Былы кіраўнік апэратыўна-сьледчай групы Міністэрства ўнутраных справаў па раскрыцьці наўмысных забойстваў на тэрыторыі Віцебскай вобласьці Мечыслаў Грыб кажа, што верагоднасьць раскрыцьця злачынства існуе і праз шмат гадоў. З часам могуць зьявіцца новыя акалічнасьці, якія на момант злачынства не былі заўважаныя, альбо ніхто ім не надаў належнай увагі. Але, як і ў любой справе, існуюць два бакі аднаго мэдаля:

“На другім баку – чым далей ад моманту зьдзяйсьненьня злачынства, тым меней шанцаў на яго раскрыцьцё. Звычайна і заканамерна, што сьляды, якія пакідае пасьля сябе злачынца, губляюцца, зьнікаюць: ад часу, ад зьнешніх узьдзеяньняў. Прыкладам, калі мы раскрывалі забойства ў Віцебскай вобласьці, учыненыя Генадзем Міхасевічам, то ён прызнаўся, што зьдзейсьніў 43 забойствы жанчын. Яго абвінавацілі толькі ў 38, хоць сьледчы пракуратуры настойваў на 43. Але суд 5 злачынстваў не ўлічыў. Таму што за 15 гадоў страціліся доказы, якія было магчыма высьветліць на той час. І гэтыя пяць злачынстваў яму проста ня здолелі паставіць у віну, і ў агульнай статыстыцы яны засталіся не раскрытымі”.

Цяпер у вышуку за зьдзяйсьненьне цяжкіх злачынстваў у Беларусі знаходзіцца блізу сотні чалавек. Усяго ж у месцах пазбаўленьня волі адбываюць пакараньне больш як 5 тысяч асобаў.

У згаданай генэралам Грыбам Віцебскай справе 12 чалавек былі асуджаныя памылкова, адзін зь іх нават расстраляны. Як лічыць былы намесьнік галоўнага рэдактара незалежнай газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў, які некалькі тыдняў адсядзеў у адной камэры з забойцамі ды гвалтаўнікамі, практыка “адразу пакараць, а ўжо потым разьбірацца”, захоўваецца да сёньня:

“Толькі досыць моцныя духам могуць захаваць у такіх умовах чалавечую годнасьць. Я бачыў тых, каго пераўтварылі літаральна ў скаціну, таму што два тыдні правёў у падвале Пішчалаўскага замку, у камэры 225. І дзе ў мяне быў самы мінімальны тэрмін – 3 гады пазбаўленьня волі ўзмоцненага рэжыму. Там сядзелі бандыты, забойцы, гандляры наркотыкамі. Дык вось, у іх былі тэрміны – 13, 15 гадоў і больш. Канечне, ня ўсе адсядзяць такія тэрміны, большасьць выйдзе крыху раней. Але, тым ня меней, цяпер так званае беларускае правасудзьдзе раздае неймаверныя тэрміны проста так. З турмы я вынес найглыбейшае перакананьне: калі б у гэтай дзяржаве існаваў суд прысяжных, то палова ўсіх маіх сукамэрнікаў былі б апраўданыя”.

Мечыслаў Грыб кажа што, калі яшчэ служыў у міліцыі, у МУС былі намеры стварыць адмысловае падразьдзяленьне, якое займалася б выключна злачынствамі, раскрыцьцё якіх цягнецца гадамі. Паводле генэрала, пры такіх лічбах нераскрытых злачынстваў – 580 згвалтаваньняў і 1351 наўмыснае забойства – неабходнасьць утварэньня такога падразьдзяленьня ёсьць. “Калі ідэя будзе рэалізаваная, то, магчыма, плён будзе, – лічыць Грыб. – Але гэта ня значыць, што будзе раскрыта шмат”.

У выніку гвалтоўных дзеяньняў загінулі больш за 4 тысячы чалавек

Супрацоўнік Міністэрстве ўнутраных справаў, якія папрасіў не называць яго прозьвішча, паведаміў, што такое падразьдзяленьне, якое спэцыялізуецца на даўніх злачынствах існуе. І першыя вынікі дзейнасьці – завершаныя 34 справы. Некаторыя зь іх былі заведзеныя па 10-15 гадоў:

“Так, у сыстэме Міністэрства ўнутраных справаў створанае і існуе спэцыяльнае падразьдзяленьне менавіта што да расьсьледаваньня, раскрыцьця злачынстваў, якія зьдзейсьненыя ў мінулы гады. Гэта я маю на ўвазе толькі расьсьледаваньне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, да якіх адносяцца згвалтаваньні і наўмысныя забойствы. Так што, непасрэдна ў сыстэме МУС такая група ўжо працуе”.

Паводле намесьніка генэральнага пракурора Беларусі Віктара Пруса, у 2007 годзе ў Беларусі было зьдзейсьнена 791 наўмыснае забойства, то ў ўдвая болей, чым 20 гадоў таму.

Летась у выніку гвалтоўных дзеяньняў загінулі больш за 4 тысячы чалавек. Так, на вытворчасьці летась загінулі больш за 200 чалавек. У дарожна-транспартных здарэньнях – 1726. За мінулы год здарылася 2700 самазабойстваў.

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Максімчук канстатуе, што ўсё больш відавочна статыстыку злачынстваў фармуюць наркаманы:

“Штогод павялічваецца колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі. Летась зьдзейсьнена амаль 5500 злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі. Прычым, раўнамерна рост колькасьці злачынстваў назіраецца ўва ўсіх абласных цэнтрах і, зразумела, што перадусім у Менску як буйным цэнтры, а таксам Гомельскай вобласьці, якая на другім месцы ў колькасьці залежных ад наркаманіі. Сярод злачынстваў першынствуе схіленьне да ўжываньня наркатычных сродкаў. Але ўсё гэта зьвязана з Крымінальным кодэксам, ёсьць пэўныя артыкулы, дзе за ўсе віды, зьвязаныя з парушэньнем заканадаўства, прадугледжаная сур’ёзная адказнасьць”.
XS
SM
MD
LG