Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў арыштоўваюць, каб не паведамлялі праўду


Навошта арыштоўваюць журналістаў, якія выконваюць свой абавязак? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.


Малады спадар: “Арыштоўваюць, хутчэй за ўсё, каб не перадавалі пра акцыі. Так і ёсьць. У нас толькі Беларускае тэлебачаньне паказвае: маўляў, у нас у асноўным толькі пэнсіянэры жывуць, якія задаволеныя пэнсіяй. І калі яны ўбачаць праўду, нашаму кіраўніцтву гэта нявыгадна. Сам я Беларускае тэлебачаньне не гляджу, атрымліваю інфармацыю ад людзей”.

Маладзён: “Ды ў нас увогуле татальны кантроль, журналістаў арыштоўваюць, каб не было інфармацыі, не пажаданай уладам”.

Малады спадар: “Хутчэй за ўсё перасьледуецца мэта — запалохаць, трымаць усіх у яжовых рукавіцах. Палітыка бізуна і перніка: адзін дзень бізун, другі дзень — пернік, вось і ўсё”.

Спадар: “Я ня ведаю пра такое, чуў, што былі акцыі пратэсту, вось і ўсё. А каго арыштоўвалі, каго не — ня ў курсе. Калі журналістаў арыштоўваюць разам з усімі, гэта — пад гарачую руку называецца. Калі адбываюцца масавыя беспарадкі, то там асабліва не разьбіраюць, мне здаецца”.

Спадар: “Па-першае, гэта ненармальна. Падабаецца табе ці не — што пішуць журналісты, гэта іншая справа. А дарэчы, гэта такая тэндэнцыя. Тое ж самае робіцца цяпер у Кітаі — на памежжы ў Гімалаях. Так што нічога дзіўнага, такая тэндэнцыя ўласьцівая для многіх дзяржаваў: калі спрабуюць не дапускаць масы да непажаданай інфармацыі”.

Маладзён: “Я пра такое ня чуў, пра гэта ня пішуць. Але тое, што арыштоўваюць — дрэнна, чалавек хоча праўду сказаць, не даюць!”

Малады спадар: “Ня варта ўсіх часаць пад адзін грэбень, але некаторых пад гарачую руку бяруць: у цёмны час сутак цяжка бывае разабрацца — хто ёсьць хто. Усіх забіраюць, а тых, хто лезе ў самую гушчу — тым больш. Яны, канечне, перадаюць інфармацыю. Але нашая моладзь, калі ўбачыць, што журналістаў забіраюць, у яе агрэсіўнасьць узрастае. І самі журналісты могуць так сябе паводзіць, каб іх арыштавалі, каб потым можна было сказаць: іх спэцыяльна арыштоўваюць, каб яны штосьці не сказалі ці не напісалі”.

Дзяўчына: “Напэўна, гэта робіцца, каб запалохаць: каб моладзь ня лезла наперад, а журналісты каб не асьвятлялі гэтыя пытаньні і баяліся там зьявіцца”.

Спадар: “У дзяржавы свой піяр, і яна зацікаўленая толькі ў сваёй форме падачы інфармацыі. На Беларускім тэлебачаньні пастаянна адбываецца аднабаковы паказ падзеяў. Няма аб’ектыўнай карціны. Вельмі аднабаковы паказ, нават нецікава глядзець тэлевізар. Як хочуць, так і падаюць інфармацыю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG