Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі прайшлі маршрутам Дня Волі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Лідэры аб’яднаных дэмсілаў прайшлі сёньня ў Менску маршрутам, якім улады не дазволілі прайсьці 25 сакавіка. Такое рашэньне прыняў прэзыдыюм аб’яднаных дэмсілаў. Сярод удзельнікаў былі Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Віктар Карняенка, Алена Скрыган ды іншыя


Палітыкі сабраліся аб 11 гадзіне на плошчы каля помніка Якубу Коласу. Пасьля ўскладаньня кветак Лявон Баршчэўскі прачытаў коласаўскі верш “Да працы”. Анатоль Лябедзька паведаміў, што 30 сакавіка а 18-й гадзіне вырашана сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, каб выказаць салідарнасьць з арыштаванымі ў Дзень Волі дэманстрантамі і журналістамі, на якіх чыніцца ўціск. Пра мэты сёньняшняй акцыі спадар Лябедзька сказаў:

“Мы такім чынам паказваем поўную дурноту беларускіх уладаў. Мы хочам прадэманстраваць тое, што павінна было адбыцца 25-га. Людзі прыйшлі, усклалі кветкі, прайшлі па маршруце і пайшлі сьвяткаваць дахаты. Нам якраз трэба паказаць вось гэты кантраст”.

Лявон Баршчэўскі чытаў творы песьняроў таксама каля помнікаў Янку Купалу і Максіму Багдановічу,-- пасьля таго, як і да іх былі ўскладзены кветкі.

“Не ўдалося ўскласьці 25-га, бо проста паламалі кветкі. Не пусьцілі да ніводнага з помнікаў. Трэба ж усё роўна выканаць тое, што плянавалі. Нашы клясыкі літаратуры не вінаватыя, што такая ўлада, якая не пускае ўскласьці кветкі”.

Прайсьці маршрутам Дня Волі вырашылі й сябры ПКБ. Сакратар Партыі камуністаў Алена Скрыган сказала, што была на акцыі 25 сакавіка:

“Сілавы разгон гэтай акцыі яшчэ раз кажа пра тое, што ніякіх зрухаў у дэмакратызацыі беларускіх уладаў не адбылося. Выйсьці на плошчу, ускласьці кветкі павінен мець магчымасьць кожны, і калі ён захоча. Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч — гэта тыя людзі, якія для беларусаў зрабілі столькі, што мы гэтымі кветкамі ніколі ім не адплацім”.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў:

“І маршрут, і дата, і нагода, і наш настрой паказвае, што ва ўладаў няма ні стратэгіі, ні тактыкі паводзінаў. І калі яны думаюць паказаць такім чынам сьвету, што кантралююць тут сытуацыю, то сьвет, наадварот, задае пытаньні: калі яны ня могуць кантраляваць інакш як мардабоем, то, значыць, у іх няма ніякай сілы?”

Віктар Івашкевіч сказаў, што дэмсілы будуць шукаць розныя формы дэманстрацыі сваёй пазыцыі:

“Каб не павялічвалася кола рэпрэсаваных рэжымам людзей, лідэры АДС вырашылі ўзяць пэрсанальную адказнасьць на сябе і прайсьці ўсё ж тым маршрутам, які ўлада не дазволіла 25 сакавіка. “Чарнобыльскі шлях”, я думаю, таксама будзе масавай акцыяй. У якіх формах, аргкамітэт яшчэ будзе абмяркоўваць”.

За ўскладаньнем кветак назіралі больш за два дзясяткі міліцыянтаў у цывільным, вяліся апэратыўныя відэаздымкі. Асаблівую цікавасьць міліцыянты выяўлялі да палітыкаў, якія давалі інтэрвію мэдыям.

Вінцук Вячорка падсумоўвае:

“Гэта быў сымбалічны крок, каб паказаць, што мы памятаем нашых герояў і 25 сакавіка”.











Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG