Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Тая “дыпляматычная лібэралізацыя”, першыя прыкметы якой былі заўважаны яшчэ мінулым годам і якая ў разгорнутым выглядзе выявілася сёлета і прывяла да вызваленьня шасьці палітвязьняў, стала вынікам новых дачыненьняў з Расеяй, паступовага пераходу да рынкавых дачыненьняў зь ёй, жорсткага ціску з боку Масквы, які адбываўся на апошніх перамовах Пуціна і Лукашэнкі ў Менску і Сочы. Здавалася, што гэтая ўмоўная “лібэралізацыя” — дастаткова ўстойлівы і доўгатэрміновы трэнд. Бо прычыны, якія яе спарадзілі, маюць таксама доўгатэрміновы характар.

Калі ўзьнікла замінка з Казуліным, шмат хто ў палітызаванай публіцы тлумачыў гэта страхам Лукашэнкі выпускаць яго на волю напярэдадні 25 сакавіка. Маўляў, пройдзе Дзень Волі — і празь невялікі час яго вызваляць.

Курс беларускіх уладаў на эскаляцыю канфлікту з ЗША экспэрты трактавалі як спробу афіцыйнага Менску раскалоць адзіны фронт заходніх краін, супрацьпаставіць пазыцыю Злучаных Штатаў і Эўразьвязу (ЭЗ) па беларускім пытаньні. На гэтую вэрсію працавала і тое, што якраз падчас кульмінацыі супрацьстаяньня з ЗША Лукашэнка інтэнсіўна прымаў эўрапейскіх палітыкаў, бізнэсоўцаў, прадстаўнікоў мэдыяў і нават піяршчыкаў.

Таму, здавалася б, вымалёўвалася такая замежнапалітычная канструкцыя: халодная дружба з Расеяй, палітычная вайна з ЗША і дыялёг з ЭЗ. А вось дзеяньні ўладаў 25 сакавіка (жорсткае зьбіцьцё і затрыманьне каля 80 ўдзельнікаў акцыі) падаліся нелягічнымі. Яны ня ўпісваюцца ў гэтую схему, выпадаюць з таго трэнду, які разьвіваўся з пачатку году.

Большасьць рэпрэсіўных дзеяньняў супраць апанэнтаў даволі лёгка чытаецца і тлумачыцца. Калі міліцыя ўжывае сілу і жорсткасьць, то гэта, як правіла, выцякае зь лёгікі ўтрыманьня ўлады, тактычных задачаў і інш. Апошнімі гадамі сіла ўжывалася даволі абачліва і кропкава.

Напрыклад, калі падчас акцыі індывідуальных прадпрымальнікаў 21 студзеня спэцназ ладзіў разгон і “хапун” пад кіраўніцтвам самога міністра Навумава, то было зразумела, што ўлады помсьцяць прадпрымальнікам за падзеі 10 студзеня. Нагадаю, што тады яны перакрылі на дзьве гадзіны цэнтральны праспэкт сталіцы.

25 сакавіка 2006 г. адбыўся самы брутальны разгон шэсьця ў гісторыі Беларусі з ужываньнем спэцсродкаў, быў арыштаваны Казулін. Гэта было праз тыдзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, праз два дні пасьля ліквідацыі Плошчы, калі яшчэ не прайшоў страх перад “васільковай рэвалюцыяй”. Улады баяліся, што дэманстранты ідуць штурмаваць Акрэсьціна.

Цяперашні разгон і масавыя затрыманьні выглядаюць нелягічнымі, бо адбыліся ня толькі на фоне папярэдняй “адлігі”, дыялёгу з ЭЗ, але і пасьля зьяўленьня ў дзяржаўных мэдыях параўнальна аб’ектыўна-нэўтральных ацэнак утварэньня БНР. Колькасьць маніфэстантаў была традыцыйнай (2—3 тысячы), ніякай пагрозы яны не ўяўлялі. Калі ўжо ўлады не хацелі дазволіць апазыцыі ладзіць шэсьце ў цэнтры гораду, то спэцназ мог спакойна выціснуць людзей у бок Акадэміі навук — тэхналёгія вядомая і адпрацаваная. Але ўдзельнікаў акцыі сталі дэманстратыўна біць і хапаць.

Можна было б прыняць вэрсію, што гэта стала вынікам не палітычнага рашэньня, а спантаннага загаду, дадзенага на ўзроўні сілавога блёку. Але тое, што адбылося празь дзень, сьведчыць пра пэўны паварот палітычнага курсу, які разьвіваўся з пачатку году. Маю на ўвазе ператрусы на офісах і кватэрах журналістаў, якія працуюць на замежныя радыё і тэлебачаньне. Яны працавалі шмат часу, і ўлады, здаецца, іх не заўважалі, а тут раптам убачылі небясьпеку. Прычым зьвяртаю ўвагу, што рэпрэсіі тычацца журналістаў, якія працуюць менавіта на эўрапейскія мэдыі. І гэта на фоне нібыта працягу дыялёгу з ЭЗ.

Таму адзінае магчымае тлумачэньне палягае ў тым, што задача размарожваньня палітычных дачыненьняў з ЭЗ і ўвогуле з Захадам хоць і не здымаецца, але яна страціла статус першачарговай, прыярытэтнай, надзвычай актуальнай у цяперашні момант.

Падаецца, што ў аснове такога павароту ляжаць дзьве прычыны. Па-першае, вызваліўшы шэсьць палітвязьняў, Лукашэнка разьлічваў адразу атрымаць эканамічныя і палітычныя дывідэнды з боку Захаду, але гэтага не адбылося. І ён расчараваўся.

Па-другое, зьявіліся пэўныя пэрспэктывы пацяпленьня дачыненьняў з Расеяй. Пуцін сыходзіць з пасады прэзыдэнта, пагроза гвалтоўнай інтэграцыі, якая навісала падчас перамоваў кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў у Менску і Сочы, аддалілася. Апошні візыт расейскага прэм’ера Зубкова паказаў, што Масква не настойвае жорстка на выкананьні Беларусьсю падпісанага год таму гандлёвага пагадненьня. Хоць Менск і перашкаджае экспарту расейскіх тавараў на беларускі рынак па 20 пазыцыях.

І самае галоўнае, цана на газ на другі квартал падвысілася нязначна, усяго толькі да $128 за 1 тыс. м3. Ільготную цану ў першым квартале ($119) экспэрты тлумачылі выбарчай кампаніяў у Расеі. Маўляў, кампанія скончыцца — і цэны значна ўзрастуць. Але гэтага не адбылося. Пры тым, што эўрапейскія цэны на газ хутка растуць: яны дасягнулі ўжо $370 за 1 тыс. м3, і Расея сама пачынае купляць сярэднеазіяцкі газ за сусьветныя цэны.

Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: зь нейкіх прычын Расея прыпыніла пераход на рынкавыя дачыненьні зь Беларусьсю. Адказ на гэтую загадку можна шукаць ва ўнутраных расейскіх праблемах (складанасьці перадачы ўлады) альбо ў геапалітычных чыньніках (разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе, абвяшчэньне незалежнасьці Косава, пагроза, што ў НАТО ўступяць Грузія і Ўкраіна).

А калі так, то навошта працягваць гэтую непрыемную для беларускага кіраўніцтва гульню ў дэмакратыю?

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG