Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта сказаў Свабодзе вядомы нямецкі дыплямат і палітык, колішні кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску Ганс– Георг Вік. Сёньня яму спаўняецца 80 гадоў.

Свой юбілей дыплямат сустракае ў Бэрліне, дзе стала жыве апошнія 6 гадоў пасьля сканчэньня працы ў Беларусі. У свае 80 гадоў доктар Вік узначальвае некалькі грамадзкіх арганізацыяў, уключна з Таварыствам нямецка– індыйскай дружбы і грамадзянскай ініцыятывай “Правы чалавека ў Беларусі”. Таксама піша кнігі, артыкулы, выступае зь лекцыямі.
Ягонай памяці і працаздольнасьці зайздросьцяць маладыя. Журналісты называюць Віка надзвычай адукаваным і цікавым чалавекам – ён жыў і працаваў ня толькі ў многіх краінах сьвету, але яшчэ і ў трох Нямеччынах. З надрукаванай у інтэрнэце біяграфіі можна даведацца, што дыплямат ужо даўно заўдавеў, мае дарослых дзяцей – дачку і трох сыноў. Дарэчы, асабістае жыцьцё Віка – гэта закрытая для журналістаў тэма.
Наша размова зь юбілярам пачынаецца зь віншаваньня.Я кажу суразмоўцу, што ў Беларусі яго па– ранейшаму памятаюць. Спадар Вік дзякуе і адказвае, што сам ён нярэдка сумуе па Беларусі:
“Зразумела, былі і цяжкія моманты, – працягвае ён. Аднак таксама было шмат добрага. Я працаваў зь людзьмі з усёй Беларусі, меў кантакты з грамадзянскім супольніцтвам, няўрадавымі арганізацыямі, партыямі, журналістамі, наведваў вязьняў у турмах. Назіраў за самымі рознымі бакамі ўнутранага жыцьця краіны. Гэта была інтэнсіўная праца. Нават больш інтэнсіўная, чым у савецкія часы. Тады дыпляматам было значна цяжэй працаваць.”
Я ўзгадваю Віку яго леташняе інтэрвію Свабодзе. Мы гаварылі пра арышты дэманстрантаў 25 сакавіка, выкрываньне беларускім КГБ замежных (польскіх) шпіёнаў. І вось праз год – амаль пра тое ж. Пра арышты, шпіёнаў. Дадаўся. праўда, і новы момант – ператрусы ў рэдакцыях ды ў прыватных кватэрах незалежных журналістаў.

Пра што гэта усё сьведчыць? Пра стабільнасьць рэжыму, ягоную сілу?
“Не, гэтыя захады рэжыму – пагаршэньне дачыненьняў з ЗША, ціск на апазыцыю, журналістаў, гэта тое, што рэжым хоча прадэманстраваць уласнаму насельніцтву ды замежжу, – кажа нямецкі дыплямат. – Гэта жаданьне Менску даказаць сваю моц. У якасьці аргумэнтаў сілы – дубінкі, арышты, ператрусы, іншыя атрыбуты запалохваньня насельніцтва, тых людзей, якія паўсталі супраць.
Аднак тое, як улады абышліся з тым жа Казуліным ёсьць чарговым доказам іншага: Лукашэнка баіцца сваіх сталых апанэнтаў.
Дарэчы, я ведаю Казуліна, яго сям’ю і бачу за ім вялікі патэнцыял. Нават такія брутальныя турмы, як беларускія, ламаюць далёка ня кожнага. Хаця рэжым і імкнецца ўсяляк пазбавіцца ад сваіх праціўнікаў”.
Прашу спадара Віка, як колішняга кіраўніка фэдэральнай выведкі BND, узгадаць, ці былі ў ягонай практыцы выпадкі выкрываньня шпіёнскай сеткі, падобныя апэрацыям беларускага КГБ?
Паводле Віка, “звычайна, людзі, якія працуюць на іншыя спэцслужбы, не засьвечваюцца так прымітыўна. Яны ня ладзяць сустрэчаў непадалёк ад амбасадаў, а робяць усё неяк інакш… Больш кваліфікавана”.
У часе размовы вядомы дыплямат выказвае шкадаваньне ў сувязі са значным скарачэньнем пэрсаналу амэрыканскай амбасады ў Менску. Ён называе гэта “істотным ударам па працы дыпмісіі”.
“Аднак, дадае Вік; дыпляматы прызвычаіліся да таго, што могуць пакінуць краіну сёньня–заўтра. Гэта рызыка прафэсіі”.
На заканчэньне размовы нямецкі дыплямат Ганс–Георг Вік хоча сказаць колькі словаў слухачам Свабоды, сярод якіх, як ён думае, ёсьць яго колішнія сябры і блізкія знаёмыя:
“Я жадаю слухачам, а таксама жыхарам Беларусі, каб яны па магчымасьці хутчэй, без запалохваньня і прымусу прынялі свабоднае рашэньне адносна будучыні сваёй краіны. Я жадаю, каб парлямэнцкія выбары былі свабоднымі і празрыстымі, каб у выніку быў абраны парлямэнт, які прадстаўляў самы розны спэктар грамадзкіх меркаваньняў”
Др.Ганс– Георг Вік нарадзіўся 28 сакавіка 1928. Вывучаў гісторыю, філязофію і права ва ўнівэрсытэце ў Гамбургу. У 1974–1977 амбасадар ФРГ ў Іране.У 1977–1980 – амбасадар ФРГ у СССР. У 1980–1985 – сталы прадстаўнік ФРГ у НАТО.У 1985–1990 – кіраўнік фэдэральнай службы выведкі (BND). У 1990–1993 – амбасадар ФРГ у Індыі. У 1993–1995 – дарадца прэзыдэнта Грузіі Э.Шэварднадзе. У 1997–2001 – кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG