Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Чыгір дзеліцца вопытам


У сядзібе Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Менску адбылася сустрэча моладзі з былым кіраўніком ураду Беларусі Міхаілам Чыгіром.


Імпрэза прайшла ў рамках навучальнай праграмы для моладзі, удзел у якой прымалі Павал Казлоўскі, Яраслаў Раманчук, Юры Хашчавацкі, іншыя вядомыя людзі. Гэтым разам удзельнікі сустрэчы абмеркавалі таксама падзеі канца сакавіка ў Менску.

Міхаіл Чыгір пераважна працуе і жыве за межамі Беларусі. Гэтым ён патлумачыў свой малы ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці краіны. Пра сустрэчу з моладзьдзю ён сказаў:

“Гэта блізкія мне людзі. Я лічуся сябрам партыі і па сёньняшні дзень. А па-другое, гэта моладзь. Яны хочуць ведаць, як было, як будзе, і якія магчымасьці ў нас ёсьць. То чаму б і не?”

Задаць пытаньні і паслухаць былога кіраўніка ўраду і вопытнага банкіра прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек. Вось што яны казалі пра свае ўражаньні ад сустрэчы:

“Я Алег Корбан, сябра АГП. Мне асабіста сёньня было вельмі цікава, бо я пачуў тое, што ніколі б не знайшоў у дзяржаўных СМІ”.

Пра мэту аналягічных сустрэч зь вядомымі людзьмі кажа адна з арганізатарак Кацярына Ткачэнка:

“Сёньня да нас у АГП, у сыстэму незалежных дэмакратаў прыходзіць шмат моладзі. І паўстае пытаньне: а што можна зрабіць для іх? Вось такія сустрэчы моцна дапамагаюць моладзі ў самавызначэньні”.

Гэтым разам падчас сустрэчы і пасьля яе завяршэньня моладзь актыўна абмяркоўвала гвалтоўны разгон удзельнікаў сьвяткаваньня 25 сакавіка, а таксама ператрусы ў офісах і кватэрах незалежных журналістаў:

Юнак: “Мы ішлі да парку Янкі Купалы. Раптам каля нас спыняецца машына, выскокваюць вайскоўцы ў касках, з дубінкамі і пачынаюць нас хапаць. Зьбілі. Зараз хто сядзіць, хто кульгае”.

Карэспандэнтка: “Дзяўчат таксама хапалі?”

Юначка: “Так і амаль што затрымалі, але не хапіла месца ў аўтобусе. Таму зараз і на волі”.

Юнак: “А я бегаў з дыктафонам, спрабаваў узяць інтэрвію ў дзядзькі, якога цягнулі ў аўтобус, дык сам атрымаў дубінкай па галаве”.

Карэспандэнтка: “А што думаеце пра ператрусы ў офісах і на кватэрах незалежных журналістаў?

Юнак: “Поўнае бязьмежжа”.

Юначка: “Улада ўжо ня можа спраўляцца з такім вялікім патокам незалежнай інфармацыі, свабоднай думкі сярод моладзі і ўвогуле ў грамадзтве. І папярэдзіць гэта яны могуць толькі вось такім шляхам”.

Сваё стаўленьне да падзеяў 25 і 27 сакавіка выказаў таксама і Міхаіл Чыгір:

“Гэта памылка з боку ўладаў. І што з гэтага? А што далей? Даляраў не знайшлі, наркотыкаў не знайшлі – вось і ўсё. Я сказаў бы так, што няма ім чаго рабіць, таму гэтыя ператрусы і прайшлі”.
XS
SM
MD
LG