Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай турме ўсталявалі тэлефоны


У турме на вуліцы Акрэсьціна 30 сябраў апазыцыі адбываюць арышты. 28 чалавек асудзілі за ўдзел у сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР, яшчэ дваіх – напярэдадні.


У Жодзіне чацьвёра актывістаў дэмакратычнага руху сядзяць за арганізацыю акцыі 23 сакавіка. Яшчэ пяцёра – у Гомелі.

Сваякі і сябры арыштаваных дабіліся, каб у турму на вуліцы Акрэсьціна арыштаваным перадавалі ваду, сокі і цёплыя рэчы. Адбылося гэта ўчора пасьля доўгіх перамоваў і скаргаў у розныя інстанцыі.

Тры-чатыры гадзіны стаяць людзі ў чарзе, каб перадаць пакет у камэру. Некаторым удалося перадаць ежу і рэчы яшчэ ў дзень суду, 26 сакавіка, у аддзеле міліцыі.

Маці актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Валера Мацкевіча, Дзіна Мацкевіч прыехала на суд з Бабруйску:

“Я перадала дзьве курткі, калі ў кагосьці з хлопцаў ня будзе, камбінэзон, дзьве вязаныя шапачкі, ну, таксама, каб падзяліўся з кімсьці. Чаравікі, бо раптам у яго боты намоклі. Ручнік не ўзялі. Не ўзялі такую дзіцячую коўдру – думала, што можна будзе падсьцілаць, каб спаць”.

Яшчэ ў студзені пад час адбыцьця арыштаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да дробнага бізнэсу, пачалася кампанія за паляпшэньне ўмоваў утрыманьня ў спэцпрыёмніках.

Апазыцыянэры спасылаліся на новы адміністрацыйны выканаўчы кодэкс, які гарантуе арыштаваным шпацыр, магчымасьць карыстацца тэлефонам, мець пасьцельныя прыналежнасьці і г.д.

У Менску пакуль зьменаў не наступіла, а вось пераўтварэньні ў Гомельскім ізалятары Павал Севярынец назваў сэнсацыйнымі.

“Мне на мабільны тэлефон нечакана патэлефанаваў Андрэй Цянюта, які ўжо тыдзень як сядзіць на сутках у Гомельскім ізалятары. Патэлефанаваў і паведаміў, што пасьля кампаніі за лепшыя ўмовы ўтрыманьня ў турмах у Гомелі ў ізалятары ўсталявалі тэлефоны-аўтаматы, якімі асуджаныя маюць права карыстацца”.

Прадпрымальнік Алесь Таўстыка сёньня будзе каля турэмнай брамы на вуліцы Акрэсьціна. Ён апавёў “Свабодзе”:

“Чаму адмаўлялі ў цёплых куртках? Яны спасылаліся на тое, што арыштаваныя і так у куртках, і ім і так цёпла. Нарэшце дабіліся парадку, што цёплыя рэч яны будуць прымаць і ваду, але ў абмежаванай колькасьці”.

За кратамі цяпер знаходзяцца пераважна актывісты розных моладзевых арганізацый, большасьць зь іх зьяўляюцца сябрамі “Маладога фронту”. Сярод іх лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч, ягоны намесьнік Артур Фінькевіч, Кася Салаўёва і Ўладзімер Сяргееў.

Суд над Касяй у Полацку быў прызначаны на 27 сакавіка. Дзяўчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Паколькі Касю Салаўёву цяпер арыштавалі на 5 сутак, то дату паседжаньня назавуць пасьля таго, як скончыцца тэрмін адбыцьця адміністрацыйнага арышту. А крымінальную справу супраць Уладзімера Сяргеева, у якой яго разам зь яшчэ 13 актывістамі абвінавачваюць у масавых беспарадках і хуліганстве, учора перадалі ў суд Цэнтральнага раёну Менску.

Цяпер і Касю, і Ўладзімера могуць да суду ўзяць пад варту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG