Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы не пагрэюцца ад алімпійскага агню


Алімпійскі агонь на шляху з Афінаў у Пэкін міне Беларусь. У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі вырашылі, што пераймаць эстафэту занадта дорага і лепей сканцэнтравацца на падрыхтоўцы да Алімпіяды.


Адзіная алімпійская эстафэта была ў Беларус амаль 30 гадоў таму. У рамках летніх Алімпійскіх гульняў 1980 году ў Маскве асобныя віды спаборніцтваў праводзіліся ў беларускай сталіцы.

Адзіны ў гісторыі беларускі факеланосец – трохразовы алімпійскі чэмпіён у вольнай барацьбе Аляксандар Мядзьведзь. Гэта ён запаліў алімпійскі агонь на менскім стадыёне “Дынама” у ліпені 1980 году.

У асыстэнты факеланосцу -- гімнасткі

Ягонымі асыстэнткамі былі на той час ўдзельніцы зборнай каманды СССР у мастацкай гімнастыцы -- 18-гадовыя Тацяна Трафімовіч і Галіна Крыленка.

Цяпер Тацяна Трафімовіч – дырэктарка Спартовай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву. Але падзеі амаль 30-гадовай даўніны ўзгадвае як сёньня:

“Ашаламляльна было, я б сказала. Таму што, па-першае, такая арэна! Хоць мы і выступалі ў палацах, але такой колькасьці людзей, канечне, не было ніколі. Гэта па-першае. Па-другое, напэўна, само слова Алімпіяда выклікала ўзьнёслы стан душы, такое радаснае хваляваньне... Мы разам падымаліся па лесьвіцы, спыніліся на сярэдзіне, дзе глядацкі сэктар, а ўжо непасрэдна лесьвічны пралёт угару Мядзьведзь бег сам. І ўжо пасьля агонь узьвіўся ў нас над стадыёнам. Шчыра кажучы, нейкіх яшчэ вось такіх яскравых карцінак ўзгадаць цяжка. Насамрэч адзін зь яскравых вобразаў у галаве, у душы. І гэта праўда”.

Цікаўлюся ў спадарыні Тацяны: а чым быў патлумачаны выбар менавіта такіх кандыдатураў -- магутны змагар Мядзьведзь і дзьве хударлявыя гімнасткі.

“Я ня ведаю, хто і як выбіраў. Калі спыніліся на мастацкай гімнастыцы, то мабыць, сыходзілі з таго, што... Ну ня ведаю, можа чыста зьнешнія якіясьці дадзеныя перадусім улічваліся. Мы тады яшчэ выступалі, былі стройныя, прыгожыя. Складана сказаць, канечне, я ня ўдзельнічала ў выбары. Але, як мне падаецца, ня проста выпадковых дзяўчынак узялі, толькі з-за прывабнай зьнешнасьці. Напэўна ж, выбіралі таксама з тых, хто хоць штосьці зрабіў для спорту беларускага”.

Тацяна Трафімовіч на той час была чэмпіёнкай Савецкага Саюзу, Галіна Крыленка -- чэмпіёнкай сьвету ў групавых практыкаваньнях.

Беларусаў алімпійскі цырыманіял не цікавіць

На наступным тыдні факельная эстафэта, скарыўшы Грэцыю, ступіць на тэрыторыю іншых эўрапейскіх краінаў. Прэсавы аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Пётар Рабухін патлумачыў, чаму маршрут паходні мінае Беларусь:

«Трэба проста заяўку падаваць ад НАК, каб маршрут прайшоў па краіне. Але мы такую заяўку не падавалі. Лепш засяродзіць высілкі на падрыхтоўцы да самой Алімпіяды. Таму што гэта ж трэба арганізоўваць бясьпеку, арганізоўваць маршрут, прыём групаў, дэлегацый. А фінансаваньне ўсяго гэтага – коштам уласных сродкаў. І ў канчатковым выніку сума набягае вельмі немалая. Лепш гэтыя грошы патраціць на фізкультуру і спорт, на будаўніцтва якога-небудзь спартовага аб'екта для дзяцей. З аднаго боку. А зь іншага – гэта выканкам НАК павінен вырашаць такія пытаньні, але такое пытаньне не абмяркоўвалася».

Спадар Рабухін таксама ня ведае, ці ёсьць сярод ахвотных несьці алімпійскую паходню грамадзяне Беларусі. Ён толькі ўдакладняе, што гэта не абавязкова павінен быць спартовец: практычна любы чалавек можа накіраваць адпаведную заяўку ў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК). Аргкамітэт МАК яе разглядае і на падставе нейкіх выбітных якасьцяў заяўніка вырашае: ці варты ён такога гонару? У якасьці пасярэдніка і дапамагатага сваім прадстаўнікам можа выступаць таксама Нацыянальны алімпійскі камітэт краіны, але, як кажа мой суразмоўца, у беларускага НАК ніхто такіх рэкамэндацыяў не прасіў.

Цяпер у музэі Алімпійскай славы НАК, адкрытым летась, захоўваюцца тры паходні. Гістарычны факел Аляксандра Мядзьведзя, які ён запаліў агонь на менскім «Дынама». Амаль ідэнтычны факел перадала ў музэй шматразовая рэкардзмэнка сьвету ў лёгкай атлетыцы Марыя Іткіна: ён таксама аздоблены сымболікай маскоўскай алімпіяды, але ягонае паходжаньне ў НАК патлумачыць ня могуць. Тут таксама захоўваецца паходня зімовай Алімпіяды 2006 году ў Турыне – яе ўручалі ўсім дэлегацыям падчас адкрыцьця Алімпійскіх гульняў.

XS
SM
MD
LG