Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску і рэгіёнах адбыліся масавыя ператрусы ў памяшканьнях “Радыё Рацыя”, “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, тэлекампаніі “Белсат”, а таксама ў прыватных кватэрах журналістаў.


Санкцыю на іх дала менская гарадзкая пракуратура, спаслаўшыся на неабходнасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў у рамках крымінальнай справы за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Справа была распачатая па факце распаўсюду ў інтэрнэце мультфільмаў палітычнага зьместу.

Кампутары і ўся апаратура для гуказапісу, якую забралі падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ, знаходзяцца ў будынку пракуратуры.

А палове на 9 раніцы ператрус пачаўся ў офісе “Радыё Рацыя”. Супрацоўнікі КДБ прад’явілі пракурорскую санкцыю аднаму з карэспандэнтаў радыё Барысу Гарэцкаму. Яму загадалі выключыць мабільны тэлефон. Як толькі ператрус скончыўся, Барыс Гарэцкі паведаміў “Свабодзе”:

“Чатыры кампутары, адзін ноўтбук, таксама некалькі дыктафонаў, гуказапісваючую апаратуру... Гэта ўсё было апісана і вывезена з нашага офісу разам зь Юліяй Коцкай, якую яны будуць дапытваць у якасьці сьведкі”.

Нагадаем: 16 жніўня 2005 году менская пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце ініцыятывы “Трэці шлях”. У Андрэя Абозава, Паўла Марозава ў Менску і ў Алега Мініча ў Горадні супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус, забралі ўсе кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. Усе фігуранты справы зьехалі за мяжу.

Павал Марозаў знаходзіцца ў Таліне. Ён выказаў сваю думку:

“Ёсьць нейкая разнарадка “зачысьціць” ці запалохаць інтэрнэт-актывістаў. Гэта ня першы выпадак, калі нашу справу выкарыстоўваюць. Пару гадоў таму некалькі моладзевых актывістаў выклікалі і дапытвалі. Я ня ведаю, чаму менавіта мульцікі. Але мне падаецца, што гэтая справа больш-менш прыдатная для таго, каб праводзіць усе гэтыя запалохваньні”.

У памяшканьні, дзе былі экспэрты “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, таксама правялі ператрус. Супрацоўнікі КДБ забралі ўсе кампутары і прылады для гуказапісу. Офіс радыё знаходзіцца ў Польшчы. Дырэктар Зьміцер Новікаў паведаміў “Свабодзе”:

“Экспэрты “Эўрарадыё”, якія знаходзіліся ў офісе адной зь менскіх фірмаў, не выходзілі на сувязь. Ад 9 раніцы мы не маглі зь імі кантактаваць. Вэрсіяў сваіх пакуль няма”.

Ператрусы адбыліся і на кватэрах у некаторых журналістаў. Нягледзячы на тое, што Эдуард Мельнікаў быў за мяжой, ператрус на ягонай менскай кватэры быў таксама праведзены. Паводле сьледчых, Эдуард Мельнікаў — супрацоўнік тэлекампаніі “Белсат”, а ў дачыненьні да яе карэспандэнтаў праводзяцца сьледчыя мерапрыемствы. Гаворыць шэф-рэдактар інфармацыйнай рэдакцыі тэлекампаніі “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі:

“Гэта сьведчыць аб тым, што беларускія ўлады, думаю, былі разьюшаныя тым, што мы як адзін з каналаў у Эўропе паказалі здымкі з Дня Волі. Потым гэтыя здымкі паказвалі іншыя тэлеканалы ва ўсім сьвеце. Беларускія ўлады такім чынам адрэагавалі на нашу працу”.

Санкцыю на ператрусы даў намесьнік менскага пракурора Аляксей Стук. Ён патлумачыў “Свабодзе”:

“Ператрусы, натуральна, санкцыянаваныя. Мульцікі? Папросту ёсьць дадзеныя ў крымінальнай справе аб наяўнасьці ва ўсіх гэтых людзей па ўсёй рэспубліцы... Яны маюць дачыненьне да гэтага. Да стварэньня і падтрымкі адносінаў з гэтым каналам, са стваральнікамі гэтага каналу. Таму й ператрусы робяцца”.

Карэспандэнтка: “А апаратура, якую забралі?”

Стук: “Разьбярэмся. З усім разьбярэмся. Крымінальная справа, што ж можна дадаць? Прынятае законнае рашэньне аб правядзеньні гэтых мерапрыемстваў”.

Больш за дзясятак кампутараў, якія забралі пры ператрусах у актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Трэці шлях” яшчэ тры гады таму, дагэтуль ня вернутыя ўладальнікам. Назіральнікі лічаць, што тэхніка, якую забралі падчас ператрусу ў журналістаў, таксама можа застацца ў пракуратуры на няпэўны тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG