Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Н.Лэдскі: байкот Алімпіяды – ня марная пагроза


Апошнім часам прадстаўнікі некалькіх краінаў заявілі, што поўны або частковы байкот Алімпійскіх гульняў у Кітаі мог бы стаць спосабам выказаць сваё стаўленьне да праблемы гвалту ў Тыбэце.


Карэспандэнт Радыё Свабода Кенан Аліеў пагутарыў з Нэльсанам Лэдскі, які ў 1980 годзе ў Дзярждэпартамэнце ЗША кіраваў спэцыяльным офісам байкоту Маскоўскай алімпіяды.

Вось як Нэльсан Лэдскі адказаў на пытаньне аб мэханізьме прыняцьця рашэньня аб байкоце Алімпіяды ў Маскве:

Лэдскі: “Галоўнымі гульцамі ў прыняцьці рашэньня аб байкоце Алімпіяды былі брытанцы, канадцы і амэрыканцы. Гэтыя тры ўрады дасягнулі пагадненьня ў студзені 1980 году. І хоць пазьней брытанцы і канадцы ня ўдзельнічалі ў байкоце, яны былі сярод яго ініцыятараў. Да байкоту далучыліся 60-70 краінаў, уключна з Кітаем, Саудаўскай Арабіяй і большасьцю мусульманскага сьвету, якія былі пакрыўджаныя на СССР за інвазію ў Аўганістан...”

Карэспандэнт Радыё Свабода запытаўся ў спадара Лэдскі, ці лічыць ён байкот 1980-га году пасьпяховым?

Лэдскі: “Я ня ведаю, ці быў гэта посьпех. Але гэта была галоўная праблема расейцаў. Яны ніколі аб гэтым не забывалі і моцна злаваліся. Думаю, што гэта быў моцны ўдар па расейцах і па прэстыжы Алімпійскіх гульняў. Расейцы панесьлі вялікія фінансавыя страты... Я думаю, што ідэя байкоту Алімпіяды 2008 з-за падзеяў у Тыбэце і стаўленьня кітайцаў да правоў чалавека даволі прывабная. Я не кажу, добра гэта ці дрэнна, але я паважаю тое, як французы пачынаюць гаварыць аб няздольнасьці цалкам удзельнічаць у Алімпіядзе, калі кітайцы ня спыняць парушэньня правоў чалавека”.

Радыё Свабода таксама запыталася ў Нэльсана Лэдскі, ці ўважае ён байкот Алімпіяды сур’ёзнай магчымасьцю прымусіць Кітай палепшыць становішча з правамі чалавека?

Лэдскі: “Гэта ня марная пагроза. Я ня ведаю, аб чым цяпер думае амэрыканскі ўрад або аб чым думаюць іншыя ўрады, але тыбэцкая сытуацыя – цікавы выпадак. Заходні або Ўсходні сьветы няшмат могуць зрабіць у Тыбэце, але яны могуць паслаць сыгнал праз Алімпійскія гульні. Я ведаю, што міжнародны алімпійскі рух і алімпійскія камітэты розных краінаў былі б супраць такога кроку, але я толькі адказваю на ваша пытаньне...”
XS
SM
MD
LG