Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Схіляю галаву перад мужнасьцю нашай моладзі”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 27 сакавіка, чацьвер.


Сьвяткаваньне 90-угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску скончылася арыштамі і масавым зьбіцьцём удзельнікаў акцыі. Слухачы “Свабоды” абмяркоўваюць гэтую тэму:

Спадарыня: “Каторы раз схіляю галаву перад мужнасьцю нашай моладзі. Тое, што адбылося 25 сакавіка, пабачыць увесь сьвет. Такога зьдзеку зь людзей няма ў ніводнай краіне”.

Спадар: “Падзеі 25 сакавіка паказалі ўсясьветнай супольнасьці, што чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі праводзіць нельга”.

Спадар: “Трэба праводзіць імпрэзы там, дзе даюць дазвол улады Менску. Ізноў уцягнулі дзяцей у палітычныя гульні”.

Спадар: “Пералічвалі затрыманых, пабітых 25 сакавіка. Але вашы карэспандэнты не назвалі прозьвішча ніводнага дарослага дзядзькі, якія ўсё гэта арганізавалі: Лябедзькі, Вячоркі, Мілінкевіча. Цікава было б ведаць, як склаўся іхны лёс?”

На пытаньне адказвае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Я не абдзелены ўвагай уладаў. На мне вісяць дзьве крымінальныя справы, і з-за гэтага мне забаронена выяжджаць зь Беларусі. Што тычыцца затрыманьняў, то калі пачынаецца вось такі брутальны хапун, як на 25 сакавіка, то там не глядзяць, ці яны хапаюць лідэраў апазыцыі, ці выпадковых мінакоў. Прыходзьце на “Чарнобыльскі шлях” і паглядзіце, што ўсе яны трымаюцца прыстойна і годна”.

У працяг тэмы падзеяў 25 сакавіка ў Менску далейшыя тэлефанаваньні:

Спадар: “Віншую з 25 сакавіка гонар нацыі — Аляксандра Казуліна, а таксама Алеся Марачкіна. Алесь, трымайся. Калі ўжо цябе, інтэлігентнага, вядомага ва ўсім сьвеце мастака, зьвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і даюць пяць сутак арышту, то гэта значыць, што цяперашні рэжым настолькі прагніў, што далей няма куды”.

Спадар: “Часам можна пачуць, што калі зьменіцца ўлада, то ўсе міліцыянты і судзьдзі, якія парушалі правы чалавека, будуць пакараныя. Цікава, а хто ж іх пакарае? Са сталінскіх катаў, здаецца, ня быў пакараны ніхто. Акрамя тых, каго пакаралі іншыя сталінскія каты”.

Спадар: “У мяне пытаньне да лідэраў апазыцыі. Ці ня варта лідэрам апазыцыі пачынаць абараняць канстытуцыйныя правы і свабоды ўсіх людзей, якія пацярпелі ад уладаў?”

Адказвае старшыня Камітэту абарону рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей:

“Сёньня праваабарончыя арганізацыі і проста грамадзяне праводзяць акцыі ў падтрымку рэпрэсаваных людзей. Пераважна, канечне, гэта тычыцца людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у барацьбе за дэмакратыю. Але і для звычайных грамадзян, якія церпяць ад уладаў, таксама ёсьць такая магчымасьць — скарыстаць кансультацыйную дапамогу юрыстаў альбо праваабаронцаў”.

Тэму працягваюць наступныя тэлефанаваньні:

Спадар: “Хто будзе супраць Лукашэнкі — усіх у вагоны і на выспу. Кажуць, што ён дыктатар, там ім ня будзе дыктатара. Парадак будзе толькі гэтак. А Лукашэнка павінен працаваць да тае пары, пакуль ня скажа: “Я іду на пэнсію”. Вось так”.

Спадар: “25 сакавіка ў Менску ўсяму сьвету ясна паказала, якая свабода і дэмакратыя ў Беларусі паводле Лукашэнкавай канстытуцыі”.

Спадар:

Улада зрабіла вялікі падарунак у Дзень Волі.

“90 год, амаль век —

Арыштавала сто чалавек.

Мянты, як тыя каты,

Ірвалі расьцяжкі, плякаты.

У Беларусі такая манэра —

Падобная да хваробы, халеры.

Гаварыў Курневіч Валеры”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG