Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выхад МФ з АДС ня крык аб дапамозе, а – заклік да дзеяньняў”


Сёньня Зьміцер Хведарук гутарыць з журналістам Аляксандрам Уліцёнкам пра надзённыя клопаты “Маладога Фронту”.


Уліцёнак: “У інтэрнэце шмат пішуць пра тое, нібыта “Малады Фронт” выйшаў з Аб’яднаных дэмсілаў, бо надакучыла сядзець па турмах, вылятаць з вну і цярпець, і цярпець…”

Хведарук: “Што значыць – “надакучыла”? Мы, як патрыёты і хрысьціяне, разумеем: перамогі не бывае без ахвяраў. Сёньняшнія рэаліі АДС – гэта аб’яднаньне не дзеля стварэньня альтэрнатывы ў імя пераменаў, а проста дзеля канстатацыі факту: мы, маўляў, аб’ядналіся. Нават калі мы разам, то – дзеля чаго? Без выпрацаванай стратэгіі, без прынятых рашэньняў, без адказнасьці за масавыя акцыі, безумоўна, кааліцыя ня можа быць пабудаванай. Таму далей знаходзіцца там сэнсу для нас не было”.

Уліцёнак:
“Аднак некаторыя аналітыкі кажуць пра тое, што вам папросту надакучыла заставацца ў АДС без пасадаў. Што адкажаце?”

Хведарук: “З самага часу, як “Малады Фронт” увайшоў у кааліцыю, мы займалі месца роўных сярод роўных, мелі голас, як і ўсе. Але пасьля апошняга кангрэсу згубілі права на яго, на тое, каб акрэсьліць пазыцыю, неяк паўплываць на ход прыняцьця рашэньняў. Вось і …”

Уліцёнак: “Малады Фронт” сёньня горнецца да Мілінкевіча. Але той жа не парывае з аб’яднанымі дэмсіламі?”

Хведарук:
“Нягледзячы ні на што, мы лічым яго чалавекам, асоба якога асацыіруецца ў людзей з дэмакратычнай Беларусьсю. З дэмакратычным рухам. А выходзіць ці заставацца ў АДС – гэта ягоная асабістая справа, асабістая пазыцыя, вартая павагі”.

Уліцёнак:
“У чым палягае сёньняшняя стратэгія “Маладога Фронту”?

Хведарук: “Яна мае амбіцыйную назву: “Стратэгія перамогі”. Галоўная задача МФ як руху – працаваць з усімі, хто ў яго ўваходзіць. Калі мы зможам годна выхаваць новае пакаленьне беларусаў, якое цяпер прыходзіць да нас, у рух “За свабоду”, у Хрысьціянскую дэмакратыю, калі мы зможам зламаць рабскую мэнтальнасьць, якая ёсьць у моладзі – шмат хто пакуль ня можа акрэсьліць, што ёсьць для іх свабода, тады “Малады Фронт” будзе мець вялікі посьпех”.

Уліцёнак: “Як складваюцца вашыя справы з арганізацыяй правацэнстрысцкага блёку?”

Хведарук: “Вядуцца далей перамовы. Ёсьць ужо й некаторыя пагадненьні. Апроч БХД – з двумя сацыял-дэмакратычнымі партыямі, Статкевіча і Шушкевіча. Таксама з “Правым альянсам”, рухам “За свабоду”… Такая кааліцыя будзе мець большы плён.

Вы пабачыце цягам бліжэйшых месяцаў, што выхад “МФ” з АДС быў ня проста нейкім крыкам аб дапамозе – гэта заклік да дзеяньняў”.


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня - Зьміцер Хведарук. За дваццаць дзён да 90-х угодкаў БНР Зьміцер адзначыў сваё 20-годзьдзе. Ён адзін зь лідэраў «Маладога Фронту», агулам адсядзеў больш за 30 сутак у турмах і ізалятарах, у тым ліку і ў камэры-адзіночцы так званай «амэрыканкі». Нядаўна падчас адной з апазыцыйных акцый пасьля паездкі ў Злучаныя Штаты, дзе Зьміцер разам зь некалькімі прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў сустракаўся з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, яго жорстка зьбілі амапаўцы: у шпіталь маладзён трапіў без прытомнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG