Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Горадня: офіс БНФ і ГА “Бацькаўшчына” засталіся без кампутараў


Сканфіскаваны пяць сыстэмных блёкаў і кампутарныя дыскеты, а ў офісе БНФ “Адраджэньне” — два кампутары, ксэракс, 200 асобнікаў газэты “Свабода”, кампакт-дыскі з фільмамі і ўлёткі, прымеркаваныя да 25 сакавіка.


Ператрус праводзіўся супрацоўнікамі КДБ па Гарадзенскай вобласьці ў сувязі з узбуджанай у Менску крымінальнай справай наконт абразы прэзыдэнта Лукашэнкі.

У грамадзкім аб’яднаньні “Бацькаўшчына” ператрус працягваўся каля дзьвюх гадзін, побач з офісам дзяжурылі міліцыянты й нікога не прапускалі. Вось што сказаў нашаму радыё кіраўнік аб’яднаньня Мікола Маркевіч, калі супрацоўнікі вынесьлі ўсе кампутары, якія знаходзіліся ў офісе:

“Абсалютна была перагледжана кожная паперка, шафы. Вельмі-вельмі сур’ёзны быў ператрус”.

У М.Маркевіча, аднак, склалася ўражаньне, што супрацоўнікаў КДБ цікавілі толькі сыстэмныя блёкі кампутараў. Ператрус, са слоў Маркевіча, праводзілі 3 супрацоўнікі КДБ. Прысутнічалі двое панятых, якія, на думку Маркевіча, таксама мелі дачыненьне да органаў.

У офісе БНФ “Адраджэньне” ператрус працягваўся больш за тры гадзіны. Абодва офісы знаходзяцца ў адным і тым самым будынку, толькі на розных паверхах.

Кажа кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

“Былі канфіскаваны два сыстэмныя блёкі ад кампутараў, ксэракс, каля 200 асобнікаў газэты “Свабода”, дыскі з фільмамі пра Р.Лапіцкага, два дыскі “Песьні Свабоды 3” і 33 улёткі да Дня Волі, якія мы не распаўсюдзілі”.

Старшыня абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Сяргей Мальчык выказаў нашаму радыё сваю думку наконт ператрусаў у Горадні:

“Пасьля таго як была разагнана мірная дэманстрацыя 25 сакавіка ў Менску, улада нібы сарвалася з ланцуга. Яна зараз будзе нішчыць інфармацыйнае поле апазыцыі: Радыё Рацыя, БелСат, Радыё Свабода і іншыя інфармацыйныя крыніцы”.

Сяргей Мальчык мяркуе, што далей апазыцыі стане працаваць яшчэ цяжэй.
XS
SM
MD
LG