Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрус у кватэры журналіста Генадзя Судніка


Адразу трое маёраў управы КДБ па Магілёўскай вобласьці — Р.Гайшун, А.Раманаў і Я.Нікіценка — заявіліся сёньня а 8-й раніцы на кватэру журналіста Генадзя Судніка. Ператрус доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Урэшце забралі сыстэмны блёк кампутара.


У інтэрвію “Свабодзе” Генадзь Суднік адзначыў, што cупрацоўнікі КДБ азнаёмілі яго з пастановай ад 17 сакавіка 2008 году, якая падпісаная намесьнікам пракурора Менску А.Стукам. Гэты чыноўнік дазволіў ператрус у межах расьсьледаваньня крымінальнай справы ч.1. арт.367 у дачыненьні да Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава, якія абвінавачваюцца ў стварэньні сатырычных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку.

У пастанове таксама напісана, што сьледчы пракуратуры Менску В.Шабан даручыў магілёўскаму КДБ “пашукаць прадметы, якія могуць знаходзіцца ў кватэры Генадзя Судніка і мець дачыненьне да ўзбуджанай крымінальнай справы”.

Генадзь Суднік — незалежны журналіст. Ён адзін з заснавальнікаў грамадзкага аб'яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
XS
SM
MD
LG