Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая палітычная рэальнасьць пасьля 25 сакавіка?


Ці ўтварылася новая палітычная сытуацыя пасьля разгону акцыі 25 сакавіка? Ці можна ўжо цяпер прагназаваць, як пройдуць парляманцкія выбары? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў



Цыганкоў: “Упершыню за апошнія месяцы ўлада прыбегла да такіх жорсткіх рэпрэсіяў да ўдзельнікаў масавых акцыяў. Ці можна сказаць, што сытуацыя зьмянілася карэнным чынам і ўтварыўся новы палітычны трэнд?”

Чавусаў: “Вядома ж, гэта нельга назваць новай палітычнай сытуацыяй, бо ўсё разгортваецца ў рэчышчы старога раскладу. Улады цяпер вельмі шмат прайграюць на замежнапалітычным полі. Проста не было загаду ўжываць сілу, і беларуская міліцыя, жорсткасьць якой добра вядомая, дзейнічала ў сваім стандартным рэпэртуары, не ўлічваючы, што на гэтую акцыю якраз будзе ськіраваная ўвага замежных назіральнікаў. Гледзячы па ўсім, міліцыя была арынентаваная на тое, каб помсьціць за “ганьбу” падчас пратэстаў прадпрымальнікаў.

Але гэта не новая сытуацыя – гэта новы тактычны расклад у межах старога стратэгічнага раскладу”.

Цыганкоў: “Ці можна зараз ужо гаварыць з пэўнай доляй верагоднасьці, як пройдуць парляманцкія выбары восеньню? Ці адчынены яшчэ магчымасьці, што ў Палату пад уплывам зьнешніх абставінаў ”пусьцяць” некалькі апазыцыянэраў, ці падзеі 25 сакавіка гэтую тэму зачынілі?”


Чавусаў: “На мой погляд, магчымасьці правесьці выбары па сцэнары адноснай альбо фрагмэнтарнай дэмакратычнасьці яшчэ застаюцца. Сытуацыя Дня волі – гэта сытуацыя гульні паміж замежнымі акторамі і беларускім кіраўніцтвам. Беларускі ўрад чарговы раз нагадаў, што “вось можа быць і такім чынам”. Але генэральная лінія застаецца ранейшая – то бок замірэньне з Захадам. Форма правядзеньня парлямэнцкіх выбараў вызначыць стаўленьне да беларускай праблемы на некалькі год наперад”.

Цыганкоў: “Віталь Сіліцкі ў адной з нашых праграмаў www.svaboda.org/content/Transcript/1049304.html заявіў, што беларуская ўлада цяпер – гэта не маналіт, яна ня мае агульнага сцэнару, і асобныя групоўкі праводзяць сваю лінію. Ці вы згодны з такім падыходам?”

Чавусаў: “Зразумела, уяўленьне, што ў рэжыму ёсьць нейкая адзіны цэнтар прыняцьця стратэгічных рашэньняў – гэта перабольшваньне. Унутры рэжыму ёсьць розныя трэнды, розныя бізнэс-лябісцкія групоўкі. Адны з іх праціскаюць замірэньне з Захадам, іншыя -- гвалтоўны сцэнар. У сытуацыі,калі ўлады ня здолелі ў прыгожым стыле вызваліць Казуліна (гэта іхняя параза), групоўка, якая выступае за замірэньне з Захадам, апынуўся ў сытуацыі часовага адступленьня. І ў выніку мы мелі такі брутальны разгон 25 сакавіка”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG