Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эратычная бомба” супраць Лукашэнкі не абясшкоджаная?


Расейскі рэжысэр Аляксандар Валаў кажа, што чалавек, падобны да кіраўніка Беларусі, зьявіцца ў заключнай, трэцяй сэрыі эратычнай стужкі “Юлія”.


Спробы Аляксандра Валава ўвекавечыць кіраўніка Беларусі ў вобразе “сэксуальнага мача” плёну ня мелі. Пры канцы мінулага году “ўплывовыя людзі” нібыта настойліва папрасілі аўтара прыпыніць здымкі фільма “Бацькава шчасьце”, у якім, як сьцьвярджае Валаў, яму ўдалося дасягнуць амаль 100-працэнтнага падабенства кінагероя Лукі са сваім прататыпам. Але ад ідэі праславіць Лукашэнку прадусар не адмовіўся: чалавек, падобны да беларускага лідэра, зьявіцца ў заключнай, трэцяй сэрыі эратычнай стужкі “Юлія”, дзе гераіня мае рысы падабенства з прэм’ер-міністрам Украіны Юліяй Цімашэнкай.
Аляксандар Валаў у інтэрвію Радыё Свабода расказаў, што здымкі палітыка-эратычнай камэдыі “Юлія-3” ідуць “поўным ходам”. Апроч ужо знаёмых пэрсанажаў, якія згодна са сцэнарнай задумай пераходзяць з адной сэрыі ў другую, мяркуецца ўвесьці шэраг новых герояў. Сярод іх – зоркі расейскай і ўкраінскай эстрады, а таксама асобы, падобныя да прэзыдэнтаў Расеі, Беларусі і Францыі – Дзьмітрыя Мядзьведзева, Аляксандра Лукашэнкі і Нікаля Сарказі. Дзеяньне фільма адбываецца падчас «Эўрабачаньня» ў Бялградзе, куды кіраўнікі краінаў едуць падтрымаць сваіх канкурсантаў. На самой жа справе – дзеля тайных перамоваў аб статусе Косава і пастаўках расейскага газу.
З кулюараў вядома, што фільм фінансуе расейскі мільянэр Віктар Батурын, брат жонкі маскоўскага мэра Юрыя Лужкова. Але, як кажуць, спонсара ў апошнюю чаргу турбуе палітычны падтэкст гісторыі. Мэта Батурына – «разьнесьці» расейскага канкурсанта на «Эўрабачаньні» Дзіму Білана, «няўдалага артыста», які на грошы алігарха атрымаў вялізную папулярнасьць, а потым пачаў сябе паводзіць «ня так, як трэба».
Адрозна ад новага палотнішча, дзе беларускі кінагерой мае эпізадычную ролю і свае эратычныя здольнасьці дэманструе не на ўсю катушку, у іншай стужцы «Бацькава шчасьце» ён за галоўнага. У беларускай глыбінцы працуе старшыня калгасу Лука. Ягоныя захапленьні — спорт і жанчыны. У калгас едзе замежная дэлегацыя і Лука, каб падтрымаць рэнамэ, выклікае з Масквы мадэляў. «Маскоўскія даяркі» якраз і стваралі эратычным фон фільма. Паводле Валава, у «Бацькавым шчасьці» меркавалася шэсьць эратычных сцэнаў, уключна з «шокавым» эпізодам у кароўніку. Але, як кажа аўтар, амаль гатовы прадукт «замарожаны», і часткі з «Бацькавага шчасьця» будуць перакінутыя ў «Юлію». Запытваю, а ці не баіцца ён, што з-за героя, падобнага да Лукашэнкі, чарговы кінатвор таксама апынецца на паліцы?
«Ня ведаю! Будзем назіраць. Праверку на дэмакратыю і кінафільмы таксама праходзяць...»
Ці пройдзе прататып эратычнага героя тэст на дэмакратыю?
Валаў кажа, што «паказьнік дэмакратыі» ў Беларусі быў прадэманстраваны ў часе нядаўняга сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску. Але ён спадзяецца, што бліжэйшым часам у яго ня будзе прычынаў наведваць Беларусь:
«Я чуў, што ў вас адбывалася 25-га. Але з улікам, што я ўсё ж падданы іншай дзяржавы і пакуль не зьбіраюся перасякаць мяжу на рубяжы Расеі і Беларусі, то, думаю, мне пакуль што сыйдзе з рук (сьмяецца) ваяўнічасьць вашага правіцеля».
Карэспандэнт: «Дык штосьці спэцыяльна здымаць пад гэты фільм ня будзеце? Маю на ўвазе, з удзелам героя, падобнага да Лукашэнкі?»
«Не, чаму? Акторы ж нашы, яны ўсе тут. Працягнем нейкія сцэны даздымаць. Проста тое, што затармазілася ў тым фільме, дык гарманічныя нейкія рэчы могуць увайсьці ў сюжэтную лінію трэцяй «Юліі». Чаму б гэта ня выкарыстаць? Балазе, ніхто гэтага ня бачыў і мала хто заўважыць – гэта, маўляў, з «Бацькавага шчасьця». Людзі дасьведчаныя, канечне, могуць здагадацца, што матэрыял з фільму, які ня выйшаў з пэўных прычынаў».
Вяртаючыся да «Бацькавага шчасьця», Валаў кажа: фільм “забаронены”. Першым на «сур'ёзную размову» быў выкліканы чалавек, які забясьпечваў фінансаваньне здымкаў. А праз суткі самога Валава «прэсавалі» ў гатэлі «Нацыяналь». Прапановы спачатку паглядзець канчатковы прадукт, а ўжо пасьля прыняць рашэньне, не прайшлі. З чаго Валаў робіць выснову: усё абмяркоўвалася на ўзроўні чыноўнікаў Крамля і афіцыйнага Менска. Дый абяцаньні беларускіх сілавікоў «прыпаяць» немалы тэрмін за абразу Лукашэнкі суцішылі імпэт творцы. Аднак Валаў верыць: «Бацькава шчасьце» можа быць рэанімаванае:
«Ведаеце, бывалі такія прыклады, калі фільмы ляжалі на паліцах і па 10 гадоў. Але рана ці позна яны выходзілі. Усё залежыць ад пэўных абставінаў. І я думаю, што раней ці пазьней гэтыя абставіны ўзьнікнуць, і тады ў нас будзе магчымасьць, як мы і плянавалі па тым сцэнары, узяць і выпусьціць фільм. Тым больш, ён зьняты. Ён проста не змантажаваны, не сабраны, як мы кажам, і не агучаны. А так па сутнасьці фільм практычна на 80% гатовы».
Валаў дагэтуль ня можа зразумець: чаму можна іранізаваць з Грузіі ды Ўкраіны, а як даходзіць да Беларусі, то адразу пагражаюць турмой? “Фільм рабіўся на ўзроўні камэдыі з выкарыстаньнем падобных пэрсанажаў, – падсумоўвае рэжысэр. – І калі б фільм выйшаў, ён ніяк не абразіў бы кіраўніка Беларусі”. Але ў Беларусі палічылі інакш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG