Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Сойме Літвы ўшанавалі 90-я ўгодкі БНР

  • Тацяна Поклад

У парлямэнце Літвы 26 сакавіка адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная 90-годзьдзю беларускай незалежнасьці.


У канфэрэнцыі ўзялі удзел прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус і сьпікер Сойму Вікторас Мунцьянас. Літоўскія кіраўнікі віталі сьвята беларускай незалежнасьці і асудзілі парушэньні прынцыпаў дэмакратыі беларускімі ўладамі і гвалтоўныя дзеяньні супраць дэманстрантаў 25 сакавіка, ад якіх пацярпелі і літоўскія журналісты, акрэдытаваныя ў Беларусі.

Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус павіншаваў гасьцей з 90-мі ўгодкамі ўтварэньня БНР і падкрэсьліў, што вялікую заклапочанасьць Літвы выклікае стан дэмакратыі ў Беларусі:

“Можна толькі здагадвацца, наколькі абдуманыя такія дзеяньні беларускай улады, калі зь Менску высылаюцца заходнія дыпляматы, затрымліваюцца журналісты, пры перасячэньні мяжы канфіскуецца законная маёмасьць грамадзянаў. Такія дзеяньні мы не падтрымліваем і лічым іх шкоднымі для інтарэсаў саміх беларусаў.

Аднак мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць тыя разумныя дзеяньнм, якія накіраваныя на цесныя сувязі з Захадам, з Эўропай. Посьпеху нацыі, якая сёньня змагаецца за сваю дэмакратыю і свабоду!”

“Беларусы – ня нацыя-нявідка”

Сьпікер Сойму Літвы Віктарас Мунцьянас гаварыў пра неабходнасьць прагматычнага дыялёгу зь беларускімі ўладамі і беларускім грамадзтвам, віцэ-сьпікер Андрус Кубілюс сказаў, што Беларусь – не адзіная дыктатура ў Эўропе, такой жа дыктатурай зьяўляецца Расея, улады якой зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь ня ўстала на шлях дэмакратыі.

“Беларусы ня ёсьць нацыяй-“нявідкай”, Беларусь – не дзяржава-нявідка, якой яе спрабуе зрабіць Лукашэнка, гэта нацыя эўрапейскага ўзроўню”, сказаў ініцыятар канфэрэнцыі, старшыня падкамітэту палітыкі суседзтва ў парлямэнцкім камітэце замежных справаў Эмануэліс Зінгерыс.

“Гэта абуральна, што зусім побач з намі, у цэнтры Менску, міліцыя зьбівае жанчын, моладзь, людзей на мірнай дэманстрацыі, прысьвечанай сваёй незалежнасьці. Сёньня на нашай канфэрэнцыі не было прадстаўнікоў дыктатуры, былі толькі паўнапраўныя і годныя прадстаўнікі беларускай нацыі – дэмакратычныя палітыкі зь Беларусі, студэнты і выкладчыкі Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту, чый узровень ведаў і навуковай працы – ці ня самы найвышэйшы зь ліку іншых ВНУ ў Літве. Беларусь – нашая брацкая нацыя, на якую мы ня маем права забывацца”, – сказаў арганізатар канфэрэнцыі Э.Зінгерыс.

“Аснова для свабоднай Беларусі”

“Я ўзяла ўдзел у гэтай канфэрэнцыі таму, што вельмі важныя гэтыя даты, зьвязаныя зь незалежнасьцю і Літвы, і Беларусі. Дзень Волі – аснова асноваў для свабоднай дэмакратычнай Беларусі. І гэта пачуцьцё, якое цяжка выказаць словамі. І калі чалавек мае такое пачуцьцё да сваёй нацыі, ён зразумее і падтрымае і іншых, тым больш што і мы памятаем, як ня так даўно і ў нас у Літве арыштоўвалі людзей за сьвяткаваньне Дня незалежнасьці”, – сказала Раса Юкнявічэне, якая другі тэрмін у Сойме Літвы актыўна працуе ў групе “За дэмакратычную Беларусь”.

У канфэрэнцыі ў літоўскім Сойме, прысьвечанай 90-м угодкам БНР, узялі ўдзел таксама літоўскія парлямэнтары, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, беларускія апазыцыйныя палітыкі, літоўскія і беларускія навукоўцы, у іх ліку выкладчыкі і студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, беларускія грамадзкія дзеячы Літвы.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў пасьля канфэрэнцыі ў літоўскім парлямэнце:

“Вельмі высокі ровень падзеі, прысутнасьць тут прэзыдэнта, сьпікера, віцэ-сьпікера – гэта нешта абсалютова беспрэцэндэнтнае для цяперашняй Беларусі, і ясна, што мы мусілі тут быць годна рэпрэзэнтаваныя і сказаць нашае беларускае слова. Тут гучалі вельмі вострыя і правільныя пытаньні, якія задавалі самі сабе і нам літоўскія палітыкі. Была магчымасьць нам выкласьці нашае бачаньне супольнай эўрапейскай і суседзкай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Гэта ёсьць практычная палітыка на карысьць беларускай свабоды”.

У часе канфэрэнцыі ў Сойме прайшла дыскусія на тэму “Як міжнародная супольнасьць можа далучыцца да стварэньня дэмакрэтычнага грамадзтва ў Беларусі?”, а Фонд падтрымкі разьвіцьця дэмакратыі Літвы ў найбуйнейшай кіназалі Вільні арганізаваў прагляд дакумэнтальнага фільму пра Аляксандра Казуліна “Наперадзе праўды”.
XS
SM
MD
LG