Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Лютко. Прыдуманы дзень



Калі ад рэчаіснасьці стамлюся,
Усё ж не схілю у скрусе галаву.
Прыдумаю у іншай Беларусі
Уяўны дзень і цалкам пражыву.

Так пражыву, як мне найлепш здаецца.
І ні пра што ня буду шкадаваць.
Так пражыву, як мне падкажа сэрца,
А не як хтосьці можа загадаць.

У гэты дзень убачу я такою
Прыгожаю Радзіму, як вясна,
Якой даўно убачыць яе мрою,
Якой ужо ня бачыла здаўна.

Пачнецца ранак сонечным надвор’ем.
Растане у вясновай цеплыні
Увесь счарнелы лёд людзкога гора,
А шчасьце моцна пусьціць карані.

Няма ў Беларусі гэтай зьдзекаў
З народу, прыніжэньня больш няма.
У ёй проста паважаюць чалавека,
Жыцьцё ў ёй пражываюць недарма.

Народ у ёй ня ходзіць жабракамі
У пошуках сябе ў шырокі сьвет.
Ніхто ня дасьць там замест хлеба камень,
Бо Беларусьсю той кіруе не сусед.

Прызнаная ўсімі на плянэце,
Краіна атрымала свой працяг.
І над будынкамі ўзьнімае вольны вецер
Бела-чырвона-белы вольны сьцяг.

Закон заўжды стаіць на абароне
Правоў, а не няволі для усіх.
Імчыць непераможная Пагоня,
І праўду можна выказаць услых.

Сьвятыні не зьнішчаюцца ніколі.
Не пераступіць храму чорт парог.

На розных ідалаў ня моляцца там болей,
Малітвы Беларусі чуе Бог.

Усьмешак радасных пад небам шмат вясновым.
З усіх куточкаў роднае зямлі
Ліюцца ручаінкі роднай мовы,
Рачулкі роднай песьні паплылі.

Там сонейка ўсім ласкава сьвеціць.
У тэрмін заквітнеюць зноў сады.
Там не глядзяць з дакорам у вочы дзеці,
Бо там няма Чарнобыльскай бяды.

Было калісьці цяжка і балюча,
Ды гэта ўжо ў мінулым, а цяпер
Гісторыя нас шмат чаму навучыць,
Былое ведай, у будучыню – вер!

Дзень пражыла ў такой вось Беларусі,
Толькі няспынна часу плынь цячэ.
Да рэчаіснасьці ізноўку я вярнуся –
Хачу, каб мары сталі яваю хутчэй.


XS
SM
MD
LG