Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б. Фэрэра-Вальднэр: “Мне прыкра ад падзеяў у Менску”


Камісар Эўразьвязу па пытаньнях зьнешняй палітыкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр зрабіла заяву ў сувязі з масавымі арыштамі ўдзельнікаў мірнай акцыі, прысьвечанай Дню Волі.

Такія дзеяньні супярэчаць фундамэнтальным каштоўнасьцям свабоды слова і свабоды сходаў

Паводле эўракамісара, недапушчальна, калі цывільных дэманстрантаў, у тым ліку журналістаў, арыштоўваюць і жорстка абыходзяцца зь імі. “Такія дзеяньні супярэчаць фундамэнтальным каштоўнасьцям свабоды слова і свабоды сходаў, і мы ўсе павінны патрабаваць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня тых, хто быў арыштаваны цягам мірнай дэманстрацыі”, - зазначыла Фэрэра-Вальднэр.

“Мне тым больш прыкра ад гэтых падзеяў, што зусім нядаўна мы былі сьведкамі некаторых пазытыўных зрухаў з боку беларускіх уладаў”, - падкрэсьліла эўракамісар. Паводле Фэрэра-Вальднэр, да такіх зрухаў належыць вызваленьне пяці з шасьці прызнаных міжнароднай супольнасьцю палітвязьняў, прыпыненьне судовай справы супраць Беларускага Хэльсынскага камітэту, а таксама падпісаньне пагадненьняў, якія пракладаюць шлях да адкрыцьця прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску.

Як адзначыла Бэніта Фэрэра-Вальднэр, “канчатковае вызваленьне ўсіх палітвязьняў, уключна з Аляксандрам Казуліным, спыненьне перасьледу грамадзянскай супольнасьці - тыя канкрэтныя крокі, якія маглі б адкрыць шлях для нармалізацыі нашых дачыненьняў. ЭЗ прапанаваў поўнае партнэрства зь Беларусьсю пры ўмове, што афіцыйны Менск зьдзейсьніць пераканаўчыя захады ў напрамку да дэмакратызацыі, шанаваньня правоў чалавека і вяршэнства закону. Тая прапанова застаецца ў сіле. Тым часам Эўракамісія будзе і надалей шукаць любую нагоду, каб паспрыяць грамадзянскай супольнасьці у Беларусі ды падтрымаць беларускі народ”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG