Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбокае: шыльда ў гонар Дуж-Душэўскага правісела два дні


Шыльда зьнікла. Гэта зроблена паводле рашэньня супрацоўнікаў Глыбоцкага райвыканкаму.


23 сакавіка мэмарыяльную шыльду ў гонар славутага земляка, ураджэнца Глыбокага, усталявалі мясцовыя актывісты. А 25-га некаторыя зь іх ужо давалі з гэтай нагоды тлумачэньні ў міліцэйскім пастарунку.

Глыбоцкія актывісты, якіх выклікалі на гутарку да ўчастковага Андрэя Раманоўскага, даведаліся, што “сыгнал” у міліцыю паступіў з раённага аддзела жыльлёва-камунальнае гаспадаркі.

Начальнік аддзела Юры Сямяньнікаў патлумачыў, што ініцыятары ўшанаваньня памяці Клаўдзія Дуж-Душэўскага, гістарычнага дзеяча, палітыка, асветніка і дойліда, як было пазначана на шыльдзе, не атрымалі дазволу ўладаў на выкарыстаньне гарадзкога асяродзьдзя.

Семяньнікаў: “Гарадзкое асяродзьдзе — гэта ня проста так: што захацеў, тое прыляпіў ці павесіў. Няхай спачатку зьвяртаюцца з заявай, атрымліваюць дазвол, узгадняюць выгляд гэтай дошкі. А не наадварот — каб спачатку ўсё павесіць, прыкруціць... Ёсьць закон аб рэкляме, аб увекавечваньні памяці нейкіх там людзей вялікіх. Трэба эскіз, фотаздымкі, калі гэта нейкі чалавек, то архіўныя зьвесткі пра яго, што ён такі быў, сапраўды тут жыў і гэтак далей. І ўсё”.

Дакумэнтальных зьвестак пра глыбоцкі пэрыяд жыцьця Клаўдзія Дуж-Душэўскага амаль не засталося: ён правёў тут хіба раньняе маленства, бо зь цягам часу сям’я перабралася ў Вільню. Мэмарыяльную шыльду вырашылі павесіць менавіта на доме № 22 па вуліцы Горкага, бо, паводле ўспамінаў старажылаў, у гэтым месцы раней стаяла некалькі дамоў, дзе жылі Душэўскія. У адным зь іх у 1891 годзе і нарадзіўся будучы дзяржаўны сакратар Беларускай Народнай Рэспублікі і аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцяга, прызнанага дзяржаўным сымбалем БНР.

І менавіта 25 сакавіка, у дзень 90-х угодкаў абвяшчэньня БНР, шыльда была зьнятая. Гэтая акалічнасьць асабліва абурыла мясцовых дэмакратычных актывістаў.

“Шыльду зьнялі 25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня БНР, і гэтым плюнулі ў душу ня толькі глыбачанам, але і ўсім беларусам, — кажа кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ, адзін з ініцыятараў усталяваньня шыльды Яраслаў Берніковіч. — Яшчэ магу сказаць, што ўлады проста баяцца любой грамадзкай ініцыятывы. Пэўна, каб мы заасфальтавалі ўчастак нейкай вуліцы, дык яны назаўтра б прыгналі бульдозэр, каб зьнішчыць тую дарогу!”

Дарэчы, пра лёс зьнятай шыльды дагэтуль нічога не вядома. Актывісты зьбіраюцца высьветліць, дзе яна і ці яе ня зьнішчылі.

XS
SM
MD
LG