Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НРС: “Зэльцэр хворы..і атрымлівае ў турме далёка ня ўсе мэдыкамэнты”.


Найбуйнейшае расейскамоўнае выданьне ў ЗША “Новое русское слово” (НРС) піша пра арышт амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра ў Менску, пра ўмовы яго ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары КГБ, а таксама пра былыя абвінавачаньні гэтага адваката ў махлярстве.


Паводле аўтара артыкула Ўладзіміра Казлоўскага, сьледчы ізалятар КГБ “Амэрыканка” — як пральня самаабслугоўваньня. “Вязень “Амэрыканкі” Зэльцэр хворы на дыябэт, падагру і артрыт атрымлівае ў турме далёка ня ўсе неабходныя яму мэдыкамэнты”.

“Лекаў жа Зэльцэру трэба нямала. Ягоныя знаёмыя сьведчаць, што ён увесь час прымае нейкія таблеткі. Вельмі цяжка ўявіць сабе, каб у менскай турме быў такі ж асартымэнт мэдыкамэнтаў, як у Нью-Ёрку. Таму стан здароўя Зэльцэра, які сярод сваіх вядомы як Эмік, выклікае заклапочанасьць сярод ягоных блізкіх. Акрамя таго, беларуская судовая вытворчасьць не належыць да ўзорных”, — піша аўтар артыкулу ў НРС і працягвае:

“Напэўна, ёсьць і тыя, хто рэагуе на ўсё гэта зларадна. За апошнія 25 гадоў Зэльцэра неаднойчы абвінавачвалі ў махлярстве, хоць мне вядома, што суд толькі аднойчы абвінаваціў яго і абавязаў выплаціць пацярпелым 2 мільёны даляраў”.

Як піша Ўладзімер Казлоўскі, на момант напісаньня артыкулу (25.03) беларускія ўлады так і ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў ні Эмануілу Зэльцэру, ні ягонай сакратарцы, “маладой і прыгожай расіянцы” Ўладлене Функ.

Праваахоўныя структуры Беларусі нібыта інкрымінавалі арыштаваным падробку дакумэнтаў і махлярства. У гэтым жа Зэльцэра, а таксама амэрыканскага інвэстыцыйнага банкіра Джозефа Кея (ён жа Ёсіф Какалашвілі —зводны брат Бадры Патакаркацышвілі) і адваката Аляксандра Фішкіна абвінавачваюць і сваякі грузінскага алігарха, які памёр нядаўна ў Лёндане.

Але калі Зэльцэра і Функ арыштавалі ў менскім аэрапорце, выглядае абсалютна незразумелым, калі яны пасьпелі ажыцьцявіць інкрымінаваныя ім падробку дакумэнтаў і махлярства, піша Ўладзімер Казлоўскі.

Паводле НРС, Зэльцэр эміграваў у ЗША ў 1974 годзе з Кішынэву. У Малдове ён вучыўся ў інстытуце мастацтваў на піяніста і таму некаторы час працаваў у Амэрыцы тапёрам у стрыптыз-клюбе. Ён быў заснавальнікам “расейскага радыё” ў ЗША, фінансавыя справы якога беспасьпяхова расьсьледавала пракуратура.

Зэльцэра таксама неаднойчы спрабавалі абвінаваціць у падробках дакумэнтаў. Шмат каму падаваўся сумнеўным і нават кустарна зробленым ягоны дыплём пра сканчэньне юрфаку Кішынэўскага ўнівэрсытэту.

“Разумны Зэльцэр вельмі рана ўцяміў, што для посьпеху ў ЗША надзвычай карысна мець адвакацкі тытул і быць кіраўніком нейкай саліднай арганізацыі, нават калі яна будзе складацца толькі зь дзьвюх асобаў — кіраўніка і сакратаркі. Такую няўрадавую арганізацыю, American-Russian Law Institute, і стварыў Зэльцэр. Яна месьціцца ў ягонай нью-ёрскай кватэры ў доме № 253 на 76-й Заходняй вуліцы ў Мангэтане”, — піша ў НРС Уладзімер Казлоўскі.

Паводле інтэрвію брата Зэльцэра Марка іншым мэдыям, Эмануіла трымаюць у “Амэрыканцы” як закладніка, дамагаючыся ад яго паказаньняў супраць Джозэфа Кея. Зэльцэр прыбыў у Менск, каб атрымаць некаторыя актывы Патаркацышвілі, якія быццам бы, згодна з тэстамэнтам алігарха, павінны цяпер належаць ягонаму брату Джозэфу Кею.
XS
SM
MD
LG