Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падчас візыту лорда Бэла ў Беларусь дзяржаўныя тэлекамэнтатары спрабавалі пашырыць кола станоўчых асацыяцыяў вакол ягонай фігуры, выкарыстоўваючы супадзеньне фамільнага імені лорда з прозьвішчам англійскага вынаходніка тэлефону інжынэра Аляксандра Бэла: як Аляксандар Бэл у свой час адкрыў сьвету тэлефонную сувязь, так сёньня Тыматы Бэл, гуру рэклямы і піяру, адкрые сьвету вочы на карысьць сувязяў зь Беларусяй.


У таго, хто раней чуў імя Тыма Бэла (Timothy John Leigh Bell, Baron Bell) і знаёмы з брытанскім рэклямным рынкам паслугаў, імя Тыма Бэла хутчэй выклікае асацыяцыю з павуком. Ня толькі ягоныя канкурэнты, але нават і зычліўцы часам так і называюць яго – Доктар-павук. Ён рухаецца туды, дзе крыза, дзе скандал, дзе цёмныя справы, -- але заўсёды туды, дзе пахне вялікімі грашыма. Вось чытач і падумаў: якія тут вялікія грошы на Беларусі для лорда і барона, які ствараў імідж самой Маргарэт Тэтчэр, быў дарадцам шэйхаў Саудаўскай Арабіі, мэдыямагната Мэрдака, Барыса Беразоўскага, Барыса Ельцына і да т. п. ? Ну, па-першае, лорд Бэл дадасьць яшчэ адно экзатычнае імя у сьпіс сваіх знакамітых кліентаў (кшталту: “дыктатар Беларусі Лукашэнка”) і зробіць сам сабе дадатковы піяр майстра дыялёгу з аўтарытарнымі рэжымамі. Па-другое, паездка ў сёньняшнюю Беларусь – не такі ўжо пусты ваяж для піяр-аналітыка, чыя імпэрыя гадоў пяць назад падчас агульнай мэдыйнай рэцэсіі і непаразуменьня са сваімі кампаньёнамі страціла амаль тры чвэрці таго багацьця, якое ён меў, будучы галоўным піяршчыкам Маргарэт Тэтчэр. Тады брытанскія мэдыйныя агенцтвы тыражавалі загалоўкі кшталту: Thatcher’s PR guru spins Chime survival line (Chime – скарочаная назва рэклямнай кампаніі лорда Бэла Chime Communication), што можна прыблізна перакласьці як: “Тэтчэраўскі гуру ў справах піяру снуе канцэпцыю выжываньня”.

Для такога чалавека, як Тым Бэл, наша краіна – у пэўным сэнсе шэрая зона на мяжы з Эўразьвязам, у якой няма празрыстасьці СМІ і бізнэсу і куды ўжо ідуць або могуць быць каналізаваныя ня вельмі чыстыя грошы, дзе трэба разьбірацца з банкаўскімі рахункамі, думаць пра рэзэрвовыя валюты і г. д. Ён узначальвае праграмы кансэрватыўных партыяў за захаваньне фунта (“Keep the Pound Campaign”) і ведае сапраўдную цану сёньняшняга даляра і эўра і можа даць (канешне, не за дзякуй) добрыя парады наконт дывэрсыфікацыі захаваньня валюты ў замежных банках, аховы таямніцы ўкладаў і г. д. Сп. Бэл – добры экспэрт у справах міжнароднага гандлю зброяй. У 2006 г. як дарадца ураду Саудаўскай Арабіі сп. Бэл правёў пасьпяховую лабісцкую кампанію, якая дапамагла спыніць расьсьледаваньне крымінальнай службы Аб’яднанага Каралеўства (Serious Fraud Office) у найбуйнейшай у гісторыі Брытаніі афэры з продажам баявых самалётаў на агульную суму 40 млрд. фунтаў (The al-Yamamah deal). Расьсьледаваньне праводзілася не таму, што Саудаўская Арабія аўтарытарная дзяржава, зьдзелка была афіцыйная (“прамоўшан-ваяж” да шэйхаў рабіў сам Тоні Блэр), а таму што некаторыя грашовыя трансфэры нагадвалі хабарныя “адкаты”. Разрульваць такія сытуацыі сп. Бэл добра ўмее.

Лорд Бэл – прыхільнік жорсткага курсу адносінаў паміж урадам, прафсаюзамі і няўрадавымі арганізацыямі. Падчас змаганьня Маргарэт Тэтчэр супраць страйкаў на вугальных шахтах сп. Бэл быў уведзены ў склад прэзыдыюму Нацыянальнай Рады ў пытаньнях вугальнай прамысловасьці (National Coal Board) у якасьці дарадцы ня толькі ў мэдыйнай палітыцы, але і як тактык вядзеньня перамоваў. У гэтых пытаньнях беларуская ўлада пакуль добра спраўляецца бяз крызыснага мэнэджэра, аднак прысутнасьць такой фігуры ў беларускай сталіцы сымбалічная.

Брытанцы – ня бедная нацыя. Аднак некаторыя грамадзкія дзеячы, журналісты ды арганізацыі, карыстаючыся заваёвамі дэмакратыі ва ўласнай краіне, не баяцца калі-некалі публічна падтрымаць або нават адшчыкнуць каліва дабротаў ад левых ды аўтарытарных. Так, мэр Лёндану прымае ладныя даляравыя ахвяраваньні Уго Чавэса на аўтобуснае паліва для бедных кварталаў сталіцы, адзін з двух ангельскіх Хэльсынскіх камітэтаў лічыць аўтарытарную дзяржаву асноўным абаронцам правоў чалавека, некаторыя прадстаўнікі брытанскіх кансэрватараў (!) не саромеюцца падтрымліваць дэпутатаў расейскай кішэннай Думы ў Эўрапарлямэнце.

Выкарыстоўваць нам за вялікія грошы піяршчыкаў кшталту лорда Бэла – вялікая раскоша. Думаю, што візыт сп. Бэла ў Беларусь рыхтаваўся ня проста праз амбасаду. Папрацавалі тут больш высокія пасярэднікі. Аднак, калі тут нават патрацілі шмат грошай і калі гэта проста піяр-акцыя з гучнай дэклярацыяй пратаколу аб намерах выключна палітычнага характару, і калі яна нават закончыцца нічым, -- гэта яшчэ паўбяды. Ці мала грошай мы выкідаем на лініі Сталіна ды спартыўныя шоў! Галоўная бяда – у дэзарыентацыі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэтая дэзарыентацыя ўжо праглядаецца і ва ўрадавых колах і ў шэрагах тых, хто лічыць сябе апазыцыянэрам. Публічныя асобы і журналісты ўсур’ёз разважаюць пра тое, як прэзыдэнт Беларусі “расколвае” Эўразьвяз і ЗША, пужае Расею збліжэньнем з Захадам. Не расколвае, а баіцца, як агню, адзінага падыходу ЭЗ і ЗША да ўладкаваньня ўзаемадачыненьняў зь Беларусяй, таму робіць часам не зусім адэкватныя рухі, запрашаючы адных ды выганяючы другіх. Ці ж можа камар пасварыць слана і льва?

З лордам Бэлам усё трошкі складаней. Госьці такога кшталту выклікаюць трывогу. Яны, маючы свае асабістыя, ня вельмі рамантычныя мэты, спрыяюць стварэньню ілюзіяў, што толькі “пераплятаючыся” ды “крок за крокам уцягваючы” беларускі рэжым ў дзелавыя адносіны, можна зьмяніць беларускае грамадзтва. Такі падыход можа даваць сякія-такія гаспадарчыя вынікі, трымаць беларускую сыстэму ўлады на плаву, аднак ён кансэрвуе грамадзянскую апатыю, падрывае веру ў дэмакратычную салідарнасьць. Калі брытанскі джэнтэльмэн, маючы тытул барона, атрыманы з рук прэм’ера дзяржавы з найстарэйшай дэмакратыяй у Эўропе, і “прапісаны” ў сэрцы Лёндану, у Бэлгравіі ў Вэстмінстэр-сіці, заяўляе на тэлебачаньні грамадзянам прыгнечанай краіны, што ў іх усё о’кэй, то бачыш, што рэальная палітыка і мараль, сапраўды, несумяшчальныя. Калі бачыш на экране тэлевізара, як амбасадар Нямеччыны без аніякай міны дыскамфорту слухае хамскія выказваньні кіраўніка дзяржавы, дзе ён акрэдытаваны, на адрас свайго амэрыканскага калегі, то пачынаеш сумнявацца ў эўраатлянтычнай салідарнасьці ў пытаньнях карпаратыўнай маралі. Падобнае пачуцьцё няёмкасьці зьведалі ў свой час тэлегледачы ўсёй Эўропы, калі сп. Пуцін пасьля сваёй мюнхенскай прамовы на сустрэчы з прадстаўнікамі бізнэсу прапаноўваў немцам “эксклюзіўныя правы дыстрыб’ютэраў” расейскіх энэрганосьбітаў на эўрапейскім рынку ў якасьці патронаў сваіх партнэраў па Эўразьвязу.

На жаль, нават некаторыя незалежныя экспэрты сваімі шчыраваньнямі ў пэўных праектах, візытамі ды выказваньнямі, што нагадваюць агульныя дэмакратычныя заклінаньні часу перабудовы, ня хочуць бачыць розьніцы паміж эўраскептыкамі і “брусэльцамі”, маргінальнымі палітваяжорамі і сур’ёзнымі палітыкамі, паміж немцамі й палякамі … Не разумеюць, што толькі салідарны, эўраатлянтычны падыход да Беларусі можа дапамагчы нам захаваць дзяржаўную незалежнасьць.

Аднойчы, калі лорд Бэл адпачываў у Марока, журналісты запыталіся ў яго, якія рэцэпты ён ведае, каб пасьпяхова “прадаць дэмакратыю іракцам” (how to sell democracy to Iraqis). Ён адказаў, што галоўная цяжкасьць усталяваньня дэмакратыі ў арабскім сьвеце заключаецца ў тым, што ў арабскім слоўніку няма слова для эўрапейскага панятку “дэмакратыя”: “Калі Вы будзеце ім рытарычна сьцьвярджаць, што дэмакратыя – цудоўная рэч , а ў іх для гэтага няма адпаведнага слова, то няма нічога дзіўнага, што яны прытрымліваюцца іншага погляду на тое, што мы называем дэмакратыяй…”.

Беларусы разумеюць слова дэмакратыя. Толькі трохі дзіўна, як гэта лорд Бэл зьбіраецца “прадаць” міжнароднай супольнасьці рэаліі беларускага рэжыму як здабыткі “нармальнай эўрапейскай краіны”? Добры тавар таксама патрабуе рэклямы, толькі не такой дарагой, як тавар з хібамі. Падобна, што лорд сапраўды зьбіраецца зарабіць на Беларусі свой мільён, як ён сказаў журналістам расейскай газэты пасьля выхаду з самалёта.

P.S. Падаецца, што наш кіраўнік дзяржавы ўсё ж не трактуе лорда Бэла як эмісара Эўразьвязу, а як прыватнага дарадцу. У інтэрвію аўстрыйскай журналістцы, якое было перададзена 20-га сакавіка ўвечары па 1-й праграме БТ, ён зноў сказаў, што Эўразьвяз танцуе пад дудку ЗША, хаця на словах сьцьвярджае сваю незалежнасьць. У сур’ёзных справах Эўразьвяз – так даслоўна – прыстройваецца ў кільватэр Злучаных Штатаў. Як адказ на ціск ЭЗ і ЗША Беларусь будзе яшчэ цясьней гарнуцца да Расеі. Як бы нічога новага?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG