Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны разбураюць у Курапатах крыжы і садзяць у турмы невінаватых...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 26 сакавіка 2008 году


Многія лісты ў нашай пошце апошняга тыдня прысьвечаны сьвяткаваньню Дня Волі — 90-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі, якую многія людзі ў Беларусі і за яе межамі адзначылі 25 сакавіка. У Менску спроба ўрачыста адзначыць сьвята скончылася міліцэйскім гвалтам, зьбіцьцём і масавымі арыштамі ўдзельнікаў акцыі.

З допісаў на гэту тэму і пачну сёньняшнюю размову.

Вось што піша нам у сваім электронным лісьце Юрась Тышчанка з Добрушу:

“Выпадкова ўбачыў на польскім тэлеканале фільм пра мінулыя падзеі ў Польшчы напрыканцы васьмідзясятых гадоў. Польскія студэнты змагаліся з камуністычнаю ўладаю і патрабавалі зьмены рэжыму ў Польшчы. У фільме было паказана, як паліцыянты ў цывільным жорстка зьбіваюць і затрымліваюць маладзёнаў. Кадры тых падзеяў нагадалі мне сучасную Беларусь. Зрэшты, гісторыя паўтараецца ў розных краінах, але з рознымі вынікамі для народаў гэтых краінаў. Відавочна, у Беларусі павінна адбыцца дэмакратызацыя грамадзтва, бо гэта — адзіны шлях дзеля захаваньня нашае дзяржаўнасьці. Колькі спатрэбіцца часу на гэта — нікому не вядома, усё залежыць ад нашага беларускага народа.

Усіх супрацоўнікаў радыё “Свабода” віншую зь дзевяностымі ўгодкамі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі! Вы, як і ўсе сумленныя беларусы, набліжаеце сьветлы час вольнай Беларусі. З павагаю, Юрась Тышчанка з Добрушу”.

Дзякуй вам, Юрась, за добрыя словы. Сапраўды, у кожнага народа — свой шлях да незалежнасьці і дэмакратыі. Добра памятаю той час — 88—89 гады, калі ў Польшчы адбыліся кардынальныя зьмены. Камуністычная сыстэма ўжо хісталася, але казаць пра яе канчатковы крах было яшчэ заўчасна. Прынамсі, у Маскве і Менску камуністы моцна трымалі ўладу і не зьбіраліся ні з кім ёю дзяліцца. А ў Польшчы большасьць грамадзтва прагнула пераменаў, і кіроўны рэжым вымушаны быў лічыцца з гэтым. Перамовы з апазыцыяй за круглым сталом увесну 89-га сталі для польскай кампартыі пачаткам страты ўлады. У Беларусі, відавочна, такі момант пакуль не настаў.

На тэму сьвяткаваньня Дня Волі — і допіс Міхася Чылека з горада Бярозаўка Лідзкага раёну. Слухач піша:

“У ноч з 24 на 25 сакавіка на Доме культуры нашага гораду сьмелыя хлопцы вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг, зьняўшы тое, што там вісела раней. Калі разьвіднела, людзі ўбачылі на тле блакітнага неба наш цудоўны сьцяг. Адны прыпыняліся, каб нагледзецца. Іншыя сьпяшаліся, таму глядзелі на хаду.

Не абышлося і бязь сьмешнага выпадку. Двое сустрэчных мінакоў, загледзеўшыся, сутыкнуліся ды трэснуліся ілбамі. Аднак сваркі не было, бо абодва былі ў добрым сьвяточным настроі.

Празь некаторы час службоўцы Дому культуры зьнялі наш цудоўны бел-чырвона-белы сьцяг і павесілі тое, што было раней. Але на гэта ўжо ніхто не глядзеў”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхась Чылек зь Бярозаўкі Лідзкага раёну.

Аўтар наступнага ліста — краязнаўца Алесь Шустоўскі з Барысава — у сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра геапалітычныя інтарэсы і мэты беларускай дзяржавы. Слухач, у прыватнасьці, піша:

“Гісторыя Беларусі — гэта гісторыя войнаў, барацьбы за сваё месца пад сонцам. Як на мой погляд, дык Беларусі кроў з носу патрэбен выхад да Балтыйскага мора.Ня можа наша дзяржава заставацца вечным анклявам, знаходзячыся побач з Сусьветным акіянам. Таму належыць арыентаваць дзяржаўную стратэгію на вяртаньне спрадвечных беларускіх земляў. Важнейшых задачаў, чым гэта, у беларускага генэралітэту быць не павінна. Толькі свабодны доступ да блакітных водаў Балтыкі верне нам былыя магутнасьць і веліч.

Хто здолее ажыцьцявіць гэтую задуму, таму і быць першым беларускім генэралісімусам”, —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Шустоўскі з Барысава.

Беларусь, спадар Шустоўскі, далучылася да Хэльсінскіх пагадненьняў, якімі зацьверджана непарушнасьць пасьляваенных межаў на эўрапейскім кантынэнце. Заклікі да такога перагляду — гэта фактычна заклікі да вайны, да братазабойчых канфліктаў паміж суседзямі. Народы Эўропы, якія на працягу мінулага стагодзьдзя перажылі дзьве жахлівыя сусьветныя вайны, добра ведаюць, чым сканчаюцца спробы такога перадзелу межаў. (А беларусы ведаюць, як ніхто іншы).

Пабудаваць заможную і дэмакратычную краіну можна і ня маючы выхаду да мора. Напрыклад, Аўстрыя, Швайцарыя, Чэхія гэта пасьпяхова зрабілі. Што да марскіх портаў, то краіны, якія валодаюць імі, нават супернічаюць, каб завабіць да сябе кліентаў з кантынэнтальных дзяржаў. Напрыклад, буйны вытворца мінэральных угнаеньняў “Беларуськалій” мае шырокі выбар прапаноў ад латвійскага Вэнтсьпілсу, літоўскай Клайпеды і расейскага Калінінграду. Кожны з гэтых портаў гатовы даваць разнастайныя зьніжкі і льготы, абы толькі беларускі камбінат зрабіў выбар на ягоную карысьць.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на скандальнае здарэньне, што адбылося на пачатку сакавіка на Слуцкай шашы пад Менскам. Каб затрымаць нецьвярозага кіроўцу, які не рэагаваў на каманды міліцыі, інспэктары ДАІ стварылі з прыватных аўтамабіляў “жывы шчыт”. Пры гэтым вадзіцелям і пасажырам, сярод якіх была трохгадовая дзяўчынка, міліцыянты загадалі заставацца ў аўтамабілях.

Вось што мяркуе на гэты конт наш слухач Марк Саньнікаў з Добрушу. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Лічу, нельга занадта жорстка караць інспэктараў ДАІ за такую хібу ў іхняй працы. Яны ж сваім непрадуманым учынкам паказалі ўсяму сьвету, чаго ня варта рабіць. Тым самым пакаралі самі сябе, ды яшчэ і абняславіліся на ўсё жыцьцё. Кожнаму чалавеку ўласьціва памыляцца ў экстрэмальных і нестандартных сытуацыях. А чалавечых ахвяраў і цяжкіх наступстваў няма, дык ці трэба гэтых міліцыянтаў надта жорстка перасьледаваць?

А вось Дзяржаўтаінспэкцыі самы час стварыць аналітычную групу, якая б думала над тым, як пазьбягаць такіх сытуацыяў. Нельга абмяжоўвацца толькі так званай “флікерызацыяй” усёй краіны. Чаму б не стварыць інтэрнэт-сайты ўсіх абласных ДАІ з вычарпальнай антыбюракратычнай інфармацыяй, са зваротнай сувязьзю з вадзіцелямі? А інтэрнэт-адрас пазначаць на кожнай патрульнай машыне
”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Марк Саньнікаў з Добрушу.

Усё ж, спадар Саньнікаў, наўрад ці выпадае ставіцца да гэтага ўчынку надзеленых немалой уладай міліцыянтаў-прафэсіяналаў як да бяскрыўднай легкадумнасьці дылетантаў. Узброеныя і тэхнічна аснашчаныя аддзелы ДАІ на працягу ста кілямэтраў не маглі затрымаць п’янага ліхача, і ўрэшце выставілі ў якасьці шчыта на дарогу замест уласных машын альбо грузавікоў аўтамабілі зь ні ў чым не вінаватымі людзьмі. Такі спосаб, дарэчы, беларуская ДАІ выкарыстала не ўпершыню. Напэўна, нехта ў міліцэйскім кіраўніцтве палічыў гэта зручным: міліцыянты нічым не рызыкуюць — ні жыцьцём, ні здароўем, ні службовымі машынамі. За ўсё заплацяць шараговыя вадзіцелі, зь меркаваньнем якіх, як паказаў гэты інцыдэнт, ДАІ ня надта прывыкла лічыцца.

На гэтую ж тэму выказваецца ў сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў з Гомелю. Ён піша:

”Жывы шчыт” зь людзей супраць нахабнага хулігана на аўтамабілі нагадаў мне падзеі 1941 году, калі фашысты, ідучы ў наступ, гналі перад сабой жывы шчыт са старых, жанчын і дзяцей. Падабенства — стопрацэнтнае. Людзі, якія лічаць магчымым так рабіць, якія кіруюцца падобнай ідэалёгіяй, разбураюць крыжы над магіламі расстраляных у Курапатах, садзяць у турмы ні ў чым не вінаватых, перасьледуюць усіх, хто не пагаджаецца зь цяперашняй уладай.

“Сон розуму спараджае пачвараў”, — так сказаў больш як дзьвесьце гадоў таму выдатны сын Іспаніі Франсіска Гоя. Сон розуму беларускай эліты ўжо прывёў да таго, што зь людзьмі абыходзяцца як з быдлам. А што нас чакае наперадзе пры такой палітыцы?”


Далей у сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў акцэнтуе ўвагу на праблеме будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Пачвара бальшавізму хоць і рухнула ў 1991 годзе, але працягвае жыць у выглядзе асколкаў ці галавешак, якія тлеюць пасьля пажару. І ці магчыма ў такіх умовах гарантаваць, што будучая беларуская АЭС будзе бясьпечнай? Сёлета спаўняецца 20 гадоў з часу публікацыі ў часопісе “Новый мир” артыкула Алеся Адамовіча “Слова гонару, больш не ўзарвецца”. Асноўныя ідэі той публікацыі актуальныя і сёньня. Думаю, мэтазгодна было б правесьці цыкл перадач з вытрымкамі зь яе і водгукамі чытачоў. Меркаваньне прафэсара Бандажэўскага на гэты конт таксама вельмі важнае. Як і водгукі іншых зацікаўленых і неабыякавых людзей”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.

Дзякуй вам, спадар Жэрдзеў, за слушныя і цікавыя прапановы. Сапраўды, кнігі публіцыстыкі Алеся Адамовіча, выдадзеныя ў 80-я гады, чытаюцца часам так, нібы яны напісаныя толькі што. Дзякуючы менавіта такім асобам тады, у другой палове 80-х, было спынена будаўніцтва Беларускай АЭС, якую камуністычныя ўлады пачалі ўзводзіць пад Менскам. Чытаючы сёньня Адамовіча, міжволі задумваесься: ці магчыма было б зьяўленьне такіх артыкулаў у сёньняшніх беларускіх умовах?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG