Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня адбыліся суды над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі акцыі "Дзень Волі".


19:13 Андрэй Быхавец, Зьміцер Быхавец і Натальля Ясевіч пакараныя рашэньнем суду Партызанскага раёну Менску штрафамі ў 30 базавых велічыняў (1 мільён 30 тысячаў) кожны.


17:50
Судьдзя Партызанскага суду Менску Вераніка Абрамовіч асудзіла аднаго зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча на 15 сутак арышту. Кася Галіцкая асуджаная на 10 сутак. Крысьціну Шацікаву аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (1 мільён 50 тысячаў рублёў).


16:45 Кацярыну Салаўёву арыштавалі на 5 сутак.


16:02 Баранавічы: суд аштрафаваў удзельнікаў Дня Волі


15:45 Судзьдзя Мар’яна Ваўчкова асудзіла Артура Фінькевіча на 15 сутак арышту.


15:20 Ільля Богдан – 15 сутак арышту.


15:17 Суд Савецкага раёну пакараў Яўгена Афнагеля дзесяцьцю суткамі арышту.
Яўген Афнагель



15:15 Журналіста “Нашай Нівы” Сямёна Печанко асудзілі на 15 сутак арышту. Моладзевага актывіста Максіма Вінярскага – на 10 сутак.


14.40 Сэрыя прысудаў у Заводзкім судзе. Людміла Пястун аштрафаваная на 5 базавых велічыняў (175 тысячаў рублёў), Яўген Пятліцкі – на 25 базавых (875 тысячаў рублёў), Мікалай Адамовіч – на 30 базавых (1050 тысячаў рублёў).


14.30
Савецкі суд апраўдаў Аляксандра Шастаковіча. Маці Аляксандра патлумачыла ў судзе, што яны з сынам зьбіраліся сустрэцца каля фільгармоніі, бо ішлі на канцэрт, і нават прадэманстравала білеты. Нягледзячы на паказаньні міліцыянтаў, судзьдзя Аксана Рэлява спыніла справу. Цяпер Аляксандар Шастаковіч можа падаць скаргу на незаконнае затрыманьне.


14.15
Актывіста моладзевага руху “Джынс за Свабоду” Мікіту Шуцянкова ў судзе Заводзкага раёну пакаралі штрафам 30 базавых (1050 тысячаў рублёў).


14.00
У Партызанскі суд прывезьлі Зьмітра Дашкевіча, Дзьмітрыя і Андрэя Бухаўцоў, Крысьціну Шацікаву, Натальлю Ясевіч, Любімаву і Барташук.


13.50
У Заводзкім судзе на 7 сутак асуджаны Аляксандар Круткін. Судзьдзя Алена Лапцева аштрафавала на 30 базавых (1050 тысячаў рублёў) Уладзімера Іванова. У Савецкім судзе 10 сутак атрымаў Алесь Панфілаў.


13.40
У Маскоўскім раённым судзе ўсяго судзяць 17 чалавек. Іна Клімутка атрымала штраф 30 базавых велічыняў (1050 тысячаў рублёў), Гайсянковіч Вольга -- 15 базавых (525 тысячаў рублёў), Кіявіцкі Ільля – 25 базавых (875 тысячаў рублёў)


13.30
Адбыўся першы прысуд у Савецкім раённым судзе. Паўла Турчанінава аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (1050 тысячаў рублёў).


13.20 Судзьдзя Партызанскага райсуду Чацьвярткова дала 3 сутак адміністрацыйнага арышту Андрэю Беліку. Тым часам у судзе Заводзкага раёну аштрафавалі Алеся Мілінца.


13.00 Працягваецца працэс над Артурам Фінькевічам. Артур заявіў, што яго моцна зьбівалі падчас затрыманьня, але яшчэ больш зьбівалі Зьмітра Дашкевіча. Міліцыянты, якія затрымлівалі Фінькевіча, кажуць, што яго нібыта запрасілі прайсьці ў аўтобус і ён пайшоў туды сам. На судзе сьведчаць міліцыянты – супрацоўнікі спэцроты хуткага рэагаваньня магілёўскага аблвыканкаму.

Артур Фінькевіч


12.30
У Партызанскім судзе першым судзілі Ўладзімера Сяргеева. Судзьдзя Вераніка Абрамовіч дала яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На судзе Сяргееў казаў, што яго падчас затрыманьня зьбівалі, рвалі вопратку. Сьведкі-міліцыянты казалі, што яны не ўжывалі сілы.

У калідорах суду



Уладзімер Сяргееў з адкаваткай



12.00 У суд Савецкага раёну Менску прывезьлі затрыманых учора ўдзельнікаў акцыі. Спэцназ міліцыі зрабіў два ланцугі, каб ня даць паплечнікам і сваякам затрыманых наблізіцца да іх. Аўтобус пад’ехаў да бакавога ўваходу ў будынак суду, і адтуль вывелі 19 затрыманых. Побач стаіць яшчэ адзін аўтобус з затрыманымі, якім міліцыянты не дазваляюць адхінуць фіранкі. Тым часам адбываюцца суды ў Маскоўскім раёне, а частку людзей, якіх трымалі ў міліцыі Савецкага раёну, адвезьлі ў суд Заводзкага раёну. Паводле непацьверджанай інфармацыі, частку людзей, якіх моцна зьбілі падчас затрыманьня, будуць судзіць у будынку суду на Акрэсьціна.







11.00 У Партызанскі суд прывезьлі 5 чалавек. Гэта Артур Фінькевіч, Кася Галіцкая, Кацярына Салаўёва, Уладзімер Сяргееў і яшчэ адзін малады хлопец, імя якога пакуль невядомае. У Фінькевіча моцна зьбітае левае вока і ўся левая частка твару. Усе яны запатрабавалі адваката – Сьвятлану Гарбаток, якая абараняе Сяргеева.

Кася Салаўёва



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG