Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра падзеі ў Менску паведамілі вядучыя агенцтвы навін


Сьвяткаваньне Дня волі і рэакцыя ўладаў на мірныя дэманстрацыі апынуліся ў цэнтры ўвагі міжнародных інфармацыйных агенцтваў.


Інфармацыя пра акцыі з нагоды 25 сакавіка а таксама пра рашучыя захады дзяржаўных органаў, якія правялі прэвэнтыўныя затрыманьні перад Сьвятам і ужылі сілу супраць дэманстрантаў ў сам Дзень Волі, зьявілася таксама ў замежным друку.
Пра колькасьць удзельнікаў акцыяў, зьбіцьцё і затрыманьні ў якасьці першых навін паведамляюць інтэрнэт-выданьні замежных газэтаў, у прыватнасьці: International Herald Tribune, USA Today, Gazeta Wyborcza ды іншыя. Паводле International Herald Tribune, міліцыя загадзя падрыхтавалася да разгону акцыі ў сталіцы, і былі праведзеныя прэвэнтыўныя затрыманьні апазыцыйных актывістаў, патэнцыйных удзельнікаў акцыяў. Газэта цытуе міністра ўнутраных справаў-Навумава, які напярэдадні заявіў, што “дэманстрацыя несанкцыянаваная”, і што супраць яе ўдзельнікаў будуць ужытыя адпаведныя захады, што і адбылося.
Газэта USA Today падкрэсьлівае, што акцыі з нагоды Дня Волі ўлады ня першы раз прызналі незаконнымі і чарговы раз скарысталі сілу. Газэта нагадвае, што з прычыны персьледу апазыцыі і незалежных СМІ, Злучаныя Штаты і Эўразьвяз назвалі рэжым Аляксандра Лукашэнкі “ апошняй дыктатурай Эўропы”.
Ў сваю чаргу Gazeta Wyborcza адзначае, што белауская апазыцыя ганарыцца абвяшчэньнем незалежнасьці БНР, хаця гэтая незалежнасьць была кароткатэрміновай. Газэта нагадвае, што гэтак, як і БНР, бальшавікі здушылі і Літоўскую рэспубліку. Польскае выданьне пры гэтым цытуе былога старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, які адзначыў, што 25 сакавіка ня проста сымбалічная дата, бо незалежнасьць БНР у 1918 годзе прызналі 12 краінаў сьвету – болей, чым за такі-ж час прызналі Савецкі саюз.
Пра падзеі ў Менску 25 сакавіка паведамляюць таксама BBC, Associated Press, DPA, Reuters, Euronews, CNN, расейскія тэлеканалы і інфармацыйныя агенцтвы, тэлекампанія Aljazeera. У інфармацыі BBC, апроч іншага, адзначаецца, што адным са сьпецпадразьдзяленьняў у часе разгону камандаваў палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка, унесены ў сьпісы неўязных на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу, ЗША і Канады з падазрэньня ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў дзеючай беларускай улады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG