Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле пройдзе імша па Ірыне Казулінай


Сёньня ў Чырвоным касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбудзецца жалобная імша па Ірыне Казулінай, жонцы палітзьняволенага Аляксандра Казуліна.

І
рына Казуліна памерла 23 лютага ад цяжкага анкалягічнага захворваньня, так і не дачакаўшыся вызваленьня з турмы мужа – палітвязьня Аляксандра Казуліна, які знаходзіцца за кратамі роўна два гады.

Паводле каталіцкіх канонаў, жалобная імша па нябожчыку звычайна праходзіць праз 30 дзён пасьля сьмерці. Ірына Казуліна памерла 23 лютага, і 30 дзён прыйшліся на 23 сакавіка, сёлетні каталіцкі Вялікдзень. Родныя і блізкія вырашылі перанесьці імшу на 26 сакавіка.

Журналістку Ірыну Халіп, аўтара публікацыі на сайце “Хартыі-97” артыкулу “Забойства ў прамым эфіры”, напісанага ў дзень сьмерці Ірыны Казулінай, днямі выклікалі ў пракуратуру Менску – па факце артыкулу праводзіцца пракурорская праверка. Ірына Халіп кажа:

“Гэтая сьмерць дагэтуль баліць. Баліць, здаецца мне, у сэрцы кожнага чалавека, які ведаў яе ці ведаў сям’ю, быў сьведкам цкаваньня, сьведкам рэпрэсіяў, тых пакутаў, якія давялося перажыць гэтай сям’і. На жаль, ня ўсе адолелі, Ірына не змагла, яна памерла. Думаю, гэта сьмерць будзе балець яшчэ доўга, пакуль Аляксандар Казулін ня вернецца з турмы. Таму што ў цяжкія хвіліны сям’я павінна быць разам. А дзеці – Вольга і Юлія – засталіся адны. Я вельмі спадзяюся, што іх бацька хутка вернецца дахаты, ведаю таксама, што ён можа дараваць усім, але мы не даравалі”.

25 сакавіка, у другую гадавіну затрыманьня Аляксандра Казуліна, у многіх гарадах прайшлі акцыі ў падтрымку палітвязьня. Так, аддзяленьне праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” у Нямеччыне правяло ў Бэрліне пікет каля беларускай амбасады з патрабаваньнем тэрмінова вызваліць Казуліна.

Што да сёньняшняй імшы па Ірыне Казулінай, распавядае экс-адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч:

“А 19-й гадзіне ў Чырвоным касьцёле пройдзе памінальная імша па Ірыне Іванаўне Казулінай. Мы мяркуем, што прыйдуць людзі, якія былі знаёмыя зь ёю, хто прыходзіў разьвітвацца падчас пахаваньня, а таксама спадзяемся, што прыйдуць усе неабыякавыя людзі, якія разумелі ролю гэтай жанчыны, хто сапраўды неабыякавы да лёсу сям’і Казуліных”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG