Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў затрымлівалі і зьбівалі паводле сьпісаў


Зьбіцьцём і масавымі затрыманьнямі суправаджалася сёньня ў Менску масавая акцыя з нагоды 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР.


На гэты момант у міліцыі г.Менску знаходзіцца каля сотні затрыманых. У Савецкім РУУС знаходзяцца каля 50 чалавек, у Заводзкім каля 25, у Партызанскім таксама больш за 20 чалавек.

Людзі, якія ехалі ў Заводзкі РУУС у аўтазаку паведамілі, што ў іх адбіраюць мабільныя тэлефоны, і яны ня мелі магчымасьці зьвязацца са сваімі сваякамі.

Стала вядома, што ў міліцыянтаў, якія кіравалі разгонам, на руках былі сьпісы тых людзей, якіх яны перш за ўсё павінны затрымаць, а потым ужо яны затрымлівалі тых людзей, якія трапілі пад так званую "зачыстку". Артур Фінькевіч моцна зьбіты, у Зьмітра Дашкевіча шмат гематомаў на твары. Непаўналетнюю Алену Макарэвіч моцна зьбівалі па нагах, а потым яшчэ раз зьбілі ў міліцыі, пасьля затрыманьня. Таксама моцна зьбітая Крысьціна Шацікава.

Дактары хуткай: "У міліцыі будуць праблемы"

Але былі людзі, якія папросту выпадкова трапілі пад зачысткі. Адна жанчына, якая вярталася з крамы з торбамі, убачыла, як людзей пачалі зьбіваць на праспэкце Незалежнасьці каля плошчы Перамогі. Яна пацікавілася, што здарылася, і таксама трапіла ў аўтазак. На гэты момант вядома, што ў жанчыны зламана некалькі рэбраў.

Таксама ёсьць пацярпелыя ў Савецкім РУУС. Ільля Карэтнікаў зашываў галаву ў 9-м клінічным шпіталі. Некалькі хлопцаў атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы, і ім таксама зашывалі раны галавы. Яраславу Грышчэню, актывісту "Маладога фронту" з Баранавіч, вывіхнулі плячо.

Мэдыкі хуткай дапамогі паведамілі, што іх увесь час выклікаюць да людзей, што знаходзяцца ў міліцыі, і яны казалі бацькам, якія стаялі каля Савецкага райаддзелу міліцыі, што заўтра міліцыянтаў могуць быць праблемы, але хто гэтыя праблемы зробіць міліцыянтам, яны не ўдакладнілі. Казалі, што шмат траўмаў. Бацькі абураюцца, яны пішуць скаргі, таму што іх дзяцей усё яшчэ ня выпусьцілі з пастарункаў, хаця яны маюць права затрымліваць непаўналетніх толькі 1 гадзіну. Ніводнага з затрыманых не правялі праз "журнал рэгістрацыі" – усіх трымаюць у актавых залях, куды й выклікаюць хуткую дапамогу.

У міліцыі непаўнагадовых аддзялілі ад паўнагадовых затрыманых. На іх складаюць пратаколы. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. ЗА РУУС знаходзіцца аўтобус са спэцназаўцамі – іх выклікаюць па 2-3 чалавекі, яны складаюць рапарты і даюць сьведчаньні. Непаўнагадовая Крысьціна Самойлава паведаміла, што на яе складалі пратакол тыя спэцназаўцы, якія яе не затрымлівалі.

Стала вядома, што Ільля Шыла знаходзіцца ў Савецкім РУУС. У Савецкім і Партызанскім РУУС знаходзяцца амаль усе менскія актывісты “Маладога фронту”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG