Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлада, з аднаго боку, праводзіць круглыя сталы ў “Советской Белоруссии” пра спадчыну БНР, і зь іншага, зьбівае і затрымлівае ўдзельнікаў сьвяткаваньня?


Напярэдадні 25 сакавіка ўлада зрабіла некалькі дзеяньняў, якія можна было разглядаць як крокі насустрач да нацыянальных каштоўнасьцяў. У “СБ” прайшоў круглы стол гісторыкаў, прысьвечаны спадчыне БНР. На БТ прайшоў нэўтральна-пазытыўны сюжэт пра БНР, дзе фонам для размоваў пра гістарычныя падзеі служыў Аляксандар Лукашэнка, што як быццам павінна было дэманстраваць пераемнасьць.

Нагадаем, што такое мяккае ўлучэньне апазыцыйных сымбаляў і сьвятаў пачалося летась. Тады менавіта 25 сакавіка праходзіў канцэрт “За независимую Беларусь” і канцэртны маратон, які працягваўся да 3 ліпеня. Зараз гэтая называецца грамадзка-культурная акцыя “Мы-беларусы” – штодзённа ад пачатку сакавіка праходзяць некалькі канцэртаў у дзень ва ўсіх рэгіёнах краіны.

І вось многім пачалося здавацца, што ўлада сапраўды пераключаецца на гэтыя каштоўнасьці. Што ўлада нібыта гатовая ў цяжкі для сябе час працягнуць руку. Але сёньняшнія падзеі паказалі, што гэта не рука, а кулак. Улада не пайшла насустрач, а пайшла сваім шляхам, яна вырашыла паказаць, што калі захоча, можа забраць і гэтае сьвята, прыватызаваць яго. А, маўляў, вы, “нацыяналы”, ізноў апынецеся за бортам, вы будзеце мітынгаваць, а мы будзем вас арыштоўваць.

Паўтару тое, што давялося казаць год таму – улада якбы сьцвярджае: “у вас свая незалежнасьць, а ў нас свая незалежнасьць". Гэта такі балючы шчаўчок па носе дэмакратычнаму грамадзтву – маўляў, “вольніца скончылася, ня думайце, што вам штосьці дазволена”. І каб было больш балюча, гэты шчаўчок быў зроблены менавіта 25 сакавіка – у самы дарагі для многіх беларусаў дзень.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG