Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлін: акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю


Сёньня ўвечары ў Бэрліне ля будынку беларускай амбасады адбылася акцыя ў падтрымку Беларусі.


Яе ўдзельнікі — актывісты “Міжнароднай амністыі” — нагадалі, што ў гэты дзень 90 гадоў таму была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка і што ў гэты ж дзень два гады таму за ўдзел у мірнай акцыі быў арыштаваны экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. Удзельнікі акцыі ля беларускай амбасады патрабавалі неадкладна вызваліць беларускага палітвязьня.

На тэлефоннай сувязі ў Бэрліне — адзін з арганізатараў акцыі, праваабаронца, студэнт Бэрлінскага вольнага ўнівэрсытэту Бэрнт Шульцэ:

“Мы прынесьлі да амбасады шмат пэтыцыяў з подпісамі аб вызваленьні гэтага беларускага палітыка, пра лёс якога ведаюць у Нямеччыне. Таксама мы падрыхтавалі да гэтай акцыі шмат фотаздымкаў, дзе нашы суайчыньнікі стаяць з расьцяжкамі і плякатамі “Свабоду Казуліну!” Усе гэтыя лісты і пэтыцыі мы хацелі ўручыць непасрэдна супрацоўнікам амбасады, аднак да нас ніхто ня выйшаў. Нам перадалі, што мы мусім усё гэта кінуць у скрыню.

Шчыра кажучы, падобная няветлівасьць беларускіх дыпляматаў нас уразіла. Хаця гэта пакрысе становіцца і звыклым. Мы наўмысна праінфармавалі беларускую амбасаду пра сваю дэманстрацыю і пра жаданьне перадаць нашы патрабаваньні камусьці зь іх непасрэдна”.

Паводле Бэрнта Шульцэ, падобныя акцыі 25 сакавіка ў Нямеччыне сталі традыцыйнымі.

“Мы ведаем, што ў часе дэманстрацыяў на Дзень Волі ў Беларусі адбываецца шмат затрыманьняў, фактаў зьбіцьця ды арыштаў. Сярод патрабаваньняў “Міжнароднай амністыі” да беларускіх уладаў — забесьпячэньне беларускім грамадзянам такіх базавых правоў, як свабода слова і свабода сходаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG