Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З нагоды 90-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк зьвярнуўся да беларусаў.


У звароце сп. Пазьняк зазначыў:

“Панаваньне рускага камунізму і каляніяльная палітыка на Беларусі некаторым людзям здавалася бясконцай. Але настаў час і бальшавіцкі ”райх” рассыпаўся, як піраміда з гліняных гаршкоў. Беларусы-адраджэнцы, аб’яднаныя ў Беларускі Народны Фронт, і дзейныя дэпутаты БНФ у парлямэнце зноў ўзьнялі над Бацькаўшчынай сьвяты Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг свабоды і незалежнасьці. Незалежнасьць Беларусі была вернута 25 жніўня 1991 года пасьля правалу камуністычнага путчу ў Маскве і ў выніку рашучага змаганьня дэпутацкай Aпазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце шляхам наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб Сувэрэнітэце Беларусі (таксама падрыхтаванай і адваяванай дэпутатамі Народнага Фронту).

Перад нашай краінай тады былі пэрспэктывы дэмакратыі і вольнага разьвіцьця. 25 жніўня 1991 года, гэтак жа , як і 25 сакавіка 1918 года ёсьць вялікія даты нашай нацыянальнай гісторыі”.

Аднак, піша ў звароце З.Пазьняк, сілы былі няроўныя. “Нацыя яшчэ не паправілася, не скансалідавалася духоўна, не аднавілася цалкам ад савецкага вынішчэньня, і акупацыя вярнулася ў вобразе прамаскоўскага рэжыму як рэстаўрацыя савецкай улады на Беларусі”.

З.Пазьняк у звароце выказвае спадзяваньне, што “рэжыму ўжо засталося нядоўга існаваць. Надыходзіць час – і абваліцца разам з гэбоўскай уладай у Расеі антыбеларускі рэжым у Рэспубліцы Беларусь. Ідэалы БНР, за якія мы змагаемся, — вернуцца; адродзіцца сапраўдная незалежная і дэмакратычная Беларусь на грунце нашага гістарычнага Вялікага Літоўскага Княства. І ніхто ўжо не паверне гісторыю ўстыч”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG