Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка ў цэнтры Менску адбылася вулічная акцыя, прымеркаваная да 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Каля ста ўдзельнікаў затрыманыя



Фотарэпартаж (1)


Фотарэпартаж (2)

Відэарэпартаж

20.40 Ёсьць інфармацыя пра моцна пабітых у часе разгону акцыі міліцыяй. У прыватнасьці, Юрасю Карэтнікаву, актывісту незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” моцна пабілі галаву.

20.35
Паводле кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, усяго затрымана каля 100 чалавек. Зь іх у Савецкім РУУСе знаходзіцца 47, у Маскоўскім – 21, у Цэнтральным – 15. Ёсьць затрыманыя ў Заводзкім і Першамайскім раёнах.

20.30
Паводле старшыні аргкамітэту па стварэньні грамадзкай арганізацыі "Над бар'ерам" Цімафея Дранчука, у Савецкім РАУСе знаходзіцца каля 30 чалавек, у Партызанскім -- каля 20, 10 - у Маскоўскім. Некаторых маладых людзей, у тым ліку моладзвых актывістаў Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча, павезьлі адразу ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

20.25
Частку дэманстрантаў спэцназ выціснуў у падземны пераход і мэтро з боку крамы "Акадэмкніга". Акцыя ў гонар угодкаў БНР скочылася. На праспэкце застаюцца дробныя групы людзей, якія абмяркоўваюць падзеі.

20.10
Калёна дэманстрантаў зь ліку моладзевых актывістаў (каля 500 чалавек) дайшла да крамы “Мегатоп” на праспэкце Незалежнасьці. Побач зь імі спынілася некалькі аўтазакаў, адтуль выбеглі спэцназаўцы і пайшлі на дэманстрантаў. Людзей адціскаюць да вуліцы Сурганава.

19.55
Частка людзей пайшла ў бок вуліцы Сурганава. Але большая частка застаецца ля Акадэміі навук. Каля 200 маладых людзей са сьцягам МФ спрабавалі пачаць рух у цэнтар, але іх спынілі міліцыянты.

19.40
Частка мітынгоўцаў накіравалася да мэтро "Акадэмія навук", частка застаецца каля Акадэміі навук. Уздоўж ходніка выстраіліся спэцназаўцы ў чорных касках з дубінкамі і шчытамі.

19.35
Міліцыя зноў просіць народ разысьціся. Моладзь абклеіла міліцэйскую гукаўзмацняльную машыну налепкамі да 90-годзьдзя БНР.

19.30
У Савецкім РУУС Менску знаходзіцца больш за 40 затрыманых дэманстрантаў, паведаміў па тэлефоне адзін зь іх - Сяргей Плашчынскі. Затрыманых прывозяць яшчэ.

19.25
Міліцыянты падыйшлі да Міколы Статкевіча і паведамілі, што яго зараз чакаюць у пракуратуры. Спадар Статкевіч адмовіўся пакідаць пляцоўку каля Акадэміі навук -- маўляў, ён адказвае за людзей, якія прыйшлі на мітынг. Да Акадэміі навук падагналі гукаўзмацняльную машыну, якая папярэджвае людзей, што яны сабраліся ў недазволеным месцы. Калі не разыйдуцца -- будзе ўжытая сіла. Ля Акадэміі навук моладзевыя актывісты фармуюць калёну, дасталі вялікі бела-чырвона-белы сьцяг.

19.20
У Савецкім РУУС Менску знаходзіцца больш 40 арыштаваных дэманстрантаў, паведаміў па тэлефоне адзін з іх Сяргей Плашчынскі. Затрыманых прывозяць яшчэ.

19.10
Міліцыя блякавала каля дзясятка чалавек ля крамы “Каравай” і заштурхала іх у краму.

19.05
У аддзяленьні міліцыі Заслаўя ўтрымлівацца старшыня Менскай абласной арганізацыі БНФ Зьміцер Вінаградаў і актывіст Віталь Ананька.

Затрыманыя карэспандэнты "Нашай Нівы" Андрэй Лянкевіч і Сямён Печанко.

19.00 СМС-паведамленьне: У Баранавічах затрымана 14 чалавек, што са сьцягамі рушылі ад плошчы Леніна да крыжа рэпрэсаваным.

18.55 Паводле Паўла Севярынца, 25 чалавек знаходзіцца ў Савецкім РАУСе. Міліцыя моцна зьбівала ўдзельнікаў акцыі каля рэдакцыі газэты “Вячэрні Мінск”.

18.50 Групу дэманстрантаў са сьцягамі і транспарантамі прыблізна ў 50 чалавек міліцыя блякавала ля маста празь Сьвіслач. Пад’ехалі аўтобусы. Дэманстрантаў заштурхоўваюць іх у аўтобусы.

Каля Акадэміі навук працягваецца мітынг. Народ прасьпяваў гімн "Магутны Божа". За будынкам прэзыдыюму Акадэміі навук стаіць некалькі аўтазакаў, міліцэйскіх аўтобусаў і пажарная машына.

18.45 Павал Севярынец паведаміў, што ёсьць параненыя. Паводле словаў Міколы Статкевіча, зараз каля Акадэміі навук знаходзіцца каля 3 тысяч чалавек.

18.40 На вуліцы Казлова каля Палацу мастацтва міліцыянты затрымалі каля 10 чалавек. У часе затрыманьня некаторыя зь іх былі зьбітыя.

Паводле словаў намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча, ад будынку "Вечернего Минска" да крамы "Еўраопт" людзей выціскалі ў двары і закідвалі ў аўтазакі, якія стаяць у дварах.

18.38 Мітынг адкрыў Мікола Статкевіч і заклікаў не ісьці па дазволеным маршруце на плошчу Бангалор. Цяпер выступае Вячаслаў Сіўчык. Міліцыя заблякавала Івашкевіча і Баршэўскага каля кавярні "Брыганціна".

18.35 Большасьць людзей міліцыянты адціснулі да Акадэміі навук. Там пачаўся мітынг. Мікола Статкевіч паведаміў, што на плошчу Бангалор дэманстранты ня пойдуць.

18.30 Народ рушыць па ходніках ад плошчы Якуба Коласа да Акадэміі навук па ходніках. Людзі спрабавалі выйсьці на праезную частку, але міліцыя адцясьніла людзей зноў на ходнікі.

Каля Акадэміі навук сабралася 200 чалавек з расьцяжкамі “Свабоду Казуліна” і сьцягамі.

18.20
Каля рэстарацыі "Лідо" народ скандуе "Жыве Беларусь!" Каля будынку паштовага аддзяленьня №5 групу колькасьцю каля 30 чалавек міліцыянты з дубінкамі выціскаюць у арку на вуліцу Чырвоназорную. Міліцыя пачала адціскаць і групу людзей у некалькі соцень чалавек ад плошчы Коласа у бок да акадэміі навук. Людзі не супраціўляюцца.

Каля магазіна “Лянок” міліцыянты моцна пабілі людзей. Людзі крычаць у адказ “Фашысты, ганьба!”

18.00 Моладзевыя актывісты дасталі бел-чырвоныя сьцягі, чуваць воклічы "Жыве Беларусь!" Колькасьць людзей цяжка падлічыць.Міліцыянты затрымалі моладзевых актывістаў Станіслава Стэсіка, Алеся Каліту і Мікіту Краснова.

17.50
Міліцыянты абвяшчаюць: "Праход часова закрыты ў сувязі з правядзеньнем мерапрыемства". Народ зьбіраецца на ходніках уздоўж праспэкту Незалежнасьці.

17.40
Адбыліся сутычкі паміж абуранымі жанчынамі, якія ішлі ў садкі за сваімі дзецьмі, і міліцыяй. З вуліц Якуба Коласа і Веры Харужай праходы на плошчу перакрытыя –людзей не пускаюць на плошчу з усіх бакоў. Другая гукаўзмацняльная машына знаходзіцца каля былога Інстытуту фізкультуры. Людзей папярэджваюць, што праход на плошчу забаронены. Міліцыянты абвяшчаюць, што ніякай акцыі ня будзе, яны не пускаюць на плошчу нават журналістаў, што нагадвае падзеі 2000 году.

На вуліцы Веры Харужай супрацоўнікі міліцыі не прапускаюць людзей з боку Камароўкі на праспэкт Незалежнасьці. Станцыя мэтро закрытая, наземны транспарт на плошчы Якуба Коласа таксама не спыняецца. Народ абураецца, бо зараз "гадзіна пік", усе вяртаюцца з працы.

17.25 Закрыты ўваход у мэтро з боку ЦУМу, выйсьці можна толькі каля рэстарану "Лідо".Турнікеты стаяць ужо з усіх бакоў. Міліцыянты аб'яўляюць, што станцыя мэтро "Плошча Якуба Коласа" часова не працуе".

17.20 Выхад з мэтро ў бок філярмоніі перакрыты. У падземным пераходзе шмат супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным.Уваход у ЦУМ з боку гастраному "Сталічны" закрыты -- працуе толькі ўваход з боку вуліцы Гікала.

17.10 Арганізатары залікалі сабрацца людзей на плошчы Якуба Коласа. Цягам дня міліцыя правяла шэраг прэвэнтыўных затрыманьняў, канфіскавала.

На плошчы Якуба Коласа – шмат міліцыянтаў. Каля філярмоніі уздоўж бульвару Мулявіна ўсталяваныя турнікеты, людзей не прапускаюць на плошчу. Стаіць міліцэйская гукаўмацняльная машына. Працуе сьнегаўборачная тэхніка, некалькі трактараў. Аўтобус №100 спыніўся не на прыпынку. Супрацоўнікі ДАІ стаяць уздоўж праспэкту Незалежнасьці.

17:08 СМС-паведамленьне: "Падыходы да плошчы Я.Коласа мiлiцыянты блякуюць сталёвымi агароджамi ды будаўнiчай тэхнiкай. Транспарт на плошчы не спыняецца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG