Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міліцыя абвяргае, што шукае Рамана і Вольгу Менцюкоў


Рамана Менцюка і ягоную жонку Вольгу, з-за якіх 2 сакавіка пад Менскам адбылася аварыя з так званым “жывым шчытом”, сваякі ў Беларусі ня могуць знайсьці.


Пра гэта паведаміла сястра Вольгі Алена. “Дамоў яны не вярнуліся. Мабільныя тэлефоны таксама не адказваюць”, — паведаміла жанчына пасьля таго, як Раман і Вольга пабывалі ў Маскве на здымках перадачы “Пусть говорят”, адкуль яны меліся вярнуцца пазаўчора.

Між тым міліцыя завяла на Рамана Менцюка крымінальную справу за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане і без правоў. Адказнасьць пагражае і Вользе Мянцюк — за тое, што перадала руль аўтамабіля нецьвярозаму. Ці шукае міліцыя Рамана Менцюка і ягоную жонку Вольгу? З гэтым пытаньнем “Радыё Свабода” зьвярнулася да кіраўніка прэсавай службы Менскай абласной міліцыі Аляксандра Шункевіча. Вось што адказаў міліцыянт.

Аляксандар Шункевіч: “На гэты час сьледзтва ня мае патрэбы ў іх, і таму пракамэнтаваць, дзе яны, ніхто ня можа”.

Карэспандэнт: “Дык іх шукаюць ці не?”

Шункевіч: “А навошта, калі ў іх няма патрэбы?”

Карэспандэнт: “Але ёсьць зьвесткі, што іх няма ў краіне…”

Шункевіч: “І што?”

Карэспандэнт: “Вас гэта не цікавіць?”

Шункевіч: “Не, я цікавіўся. Мне сказалі, што ў іх зараз няма патрэбы, сьледзтва працуе зь іншымі сьведкамі. А правядзеньне сьледчага экспэрымэнту адкладаецца ў сувязі з надвор’ем”.

Карэспандэнт: “Вось пра гэтыя экспэрымэнты. Было вядома, што яны вельмі патрэбныя”.

Шункевіч: “Так, але надвор’е павінна быць такое самае, як было”.

Карэспандэнт: “А калі яны ня зьявяцца ў хуткім часе, ці магчыма завядзеньне крымінальнай справы па іх пошуку?”

Шункевіч: “Не”.
XS
SM
MD
LG