Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дж.Мур: "Пасьля выбараў у ЗША наша стаўленьне да Беларусі ня зьменіцца"


Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур у інтэрвію агенцтву БелаПАН выказаў меркаваньне, што хто б ні стаў наступным прэзыдэнтам ЗША, палітыка адносна Беларусі ня зьменіцца.


Ён нагадаў, што сэнатары Гілары Клінтан і Джон Маккейн у свой час спрабавалі прыехаць у Беларусь, але ім было адмоўлена ў візах. Сэнатар Барак Абама таксама добра ведае сытуацыю ў Беларусі.

“На жаль, усё, што адбываецца зараз, прадстаўляе Беларусь у ня надта добрым сьвятле”, – падкрэсьліў часовы павераны ў справах ЗША. Ён сказаў, што калі паглядзець усе заканадаўчыя акты, якія прымаліся кангрэсам ЗША па сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі, то яны ў роўнай ступені падтрымліваліся і рэспубліканцамі, і дэмакратамі. “Я ня думаю, што пазыцыя Вашынгтону зьменіцца, калі Беларусь ня зробіць важныя крокі па зьмене сытуацыі”, – заявіў амэрыканскі дыплямат.

Спадар Мур не чакае, што Эўразьвяз далучыцца да санкцый ЗША ў дачыненьні да канцэрна "Белнафтахім". "Эўразьвяз залежыць ад паставак энэрганосьбітаў, якія ідуць у тым ліку і празь Беларусь, таму Эўропе вельмі складана прыняць рашэньне аб далучэньні да гэтых санкцый", — сказаў Дж.Мур.

Пры гэтым ён нагадаў, што Эўразьвяз, як і ЗША, прыняў рашэньне аб замарожваньні рахункаў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў і забароне ім уезду на сваю тэрыторыю. Дарэчы, 10 красавіка Эўразьвяз будзе разглядаць пытаньне, ці працягваць гэтыя санкцыі яшчэ на год. "Мы зрабілі дадатковыя крокі, якія Эўразьвяз не зрабіў, але і ЗША, і Зьвяз дамагаюца агульнай мэты", — зазначыў Джонатан Мур.

Паводле яго, ЗША і ЭЗ чакаюць "безумоўнага вызваленьня" Аляксандра Казуліна, якога лічаць палітычным зьняволеным. "Казулін — важны чалавек, — падкрэсьліў спадар Мур, — але калі яго выпусьцяць, а іншыя людзі будуць знаходзіцца пад сьледзтвам па палітычных матывах, нашы дзеяньні будуць такімі ж. Рашэньне аб адмене санкцый будзе прымацца ў Вашынгтоне".

Дыплямат таксама зазначыў, што Злучаныя Штаты будуць уважліва сачыць за судамі над моладзевымі актывістамі Кацярынай Салаўёвай 27 сакавіка ў Полацку і Андрэем Кімам 1 красавіка ў Менску.

"Калі ўсе палітычныя зьняволеныя будуць вызвалены, мы гатовы аднавіць зь Беларусьсю дыялёг на высокім узроўні аб тым, як можна наладзіць нашы адносіны", — сказаў часовы павераны ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.
XS
SM
MD
LG