Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для напісаньня дыктоўкі застаўся адзін дзень


У менскім Палацы мастацтваў каля паўсотні чалавек пісалі дыктоўку ў рамках кампаніі сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР.


Тэкст – прадмова Францішка Багушэвіча да кнігі “Дудка Беларуская”. На дыктоўку прыйшлі грамадзкія актывісты, дзеячы мастацтва, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый.

Сярод прысутных былі людзі, якія ў асноўным размаўляюць па-расейску. Яны казалі, што тэкст дыктоўкі – прадмова Францішка Багушэвіча да кнігі “Дудка Беларуская” – для іх аказаўся складаным. Але, нягледзячы на гэта, дыктоўку некаторыя здалі ў архіў. Некалькі чалавек пакінулі тэкст на блянку, дзе напісана “Першая агульнанацыянальная беларуская дыктоўка”, для свайго сямейнага архіву. Сярод іх быў праваабаронца Валер Шчукін:

“Таму што я хачу ведаць і матчыну мову. Я размаўляю на мове свайго бацькі, але хачу размаўляць і на мове маёй маці. Спадзяюся, што калі-небудзь я й загавару па-беларуску”.

Тэкст дыктаваў Уладзімер Сіўчыкаў. Ён жа й зьбіраў працы. Літаратар распавёў камічны выпадак.

“Можа, кепска са слыхам, людзі не пасьпяваюць, і тады пачынаюць перапытваць, альбо ў слых прамаўляць усьлед за мной, дыктоўшчыкам. Але, міні-анэкдатычны выпадак адбыўся. На праверку мне паднесла дзяўчынка, напісаную ёю дыктовачку, папрасіла аўтограф, падпісацца. Але, калі я паглядзеў, унізе ліста было напісана: “Дыктатар: Сіўчыкаў”.

Скульптар Алесь Шатэрнік пад час дыктоўкі некалькі разоў раіўся са сваім суседам і прасіў паўтарыць сказ. Спадар Сіўчыкаў пажартаваў, што як школьны настаўнік рассадзіць іх па розных месцах.

Алесь Шатэрнік патлумачыў свой удзел:

“Я, канешне, пісаў на тарашкевіцы зь мяккім знакам. Нешта ёсьць у гэтым прывабнае і, сапраўды, успамінаеш школу... Адначасна, канешне, памаладзеў. Тэкст, відаць, пакіну сабе. Думаю, што памылак нарабіў, але няшмат, бо часам жа вершы пішу”.

У Першай агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысьвечанай 90-м угодкам БНР, удзельнічалі некалькі соцень чалавек. 15 сакавіка яе пісалі прадстаўнікі амбасадаў краінаў Эўразьвязу і ЗША, а таксама рэдактары недзяржаўных выданьняў. Потым да яе далучыліся грамадзкія дзеячы, палітыкі і прадстаўнікі шырокіх колаў грамадзтва – ад школьнікаў да пэнсіянэраў.
XS
SM
MD
LG