Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застануцца выцьвярэзьнікі без кліентаў?


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі маецца ўвесьці новую паслугу: за адну базавую велічыню (на гэты момант яна складае 35 тысячаў рублёў) міліцыянты будуць забіраць нецьвярозых з публічных месцаў, з вуліцаў і развозіць па дамах.


Апроч таго, плянуецца, што выцьвярэзьнікі абсталююць відэакамэрамі, якія будуць фіксаваць паводзіны кліентаў і пэрсаналу. Кіраўніцтва МУС робіць гэта для таго, каб пазьбегнуць прэтэнзіяў з боку наведвальнікаў выцьвярэзьнікаў.

“Зь вецярком” – пад завываньне сырэны?

У Беларусі каля трох дзясяткаў мэдычных выцьвярэзьнікаў. Паводле статыстыкі МУС, летась празь іх прайшлі 60 тысяч чалавек. Але ў некаторых гарадах людзей нападпітку міліцыянты развозяць па хатах. Гаворыць начальнік аддзелу арганізацыі працы спэцыяльных установаў МУС Беларусі Вадзім Рошчын:

“Зараз гэта робіцца ў Паставах і Віцебску. Рашэньнямі выканкамаў усё вырашана і вызначана: хто і як дастаўляе, увогуле, якім чынам ажыцьцяўляецца ўвесь гэты мэханізм”.

Карэспандэнт: “То бок, цяпер – без заезду ў выцьвярэзьнік?”

“Не, з заездам, натуральна. Трэба ж чалавека паглядзець, правесьці яго мэдычны агляд, можа, ён насамрэч мае патрэбу ў якой дапамозе. Яго даглядаюць, вымяраюць ціск. І калі чалавек у памежным стане (нецьвярозы, але памятае сваё імя, прозьвішча і дзе жыве), ёсьць падставы, каб зьмяшчаць ці не зьмяшчаць, са згоды яго сваякоў, што яны ня супраць, каб ён знаходзіўся дома, дастаўляем дахаты.

Ініцыятыва такая ёсьць, дзесьці яна ўжо ўкараняецца, і людзі адгукаюцца досыць нядрэнна. З аднаго боку, дзесьці здымем зь сябе дадатковую нагрузку, зь іншага, і людзям лепей. Адна справа – дабірацца ўначы дадому п'яным, калі могуць і па галаве даць, грошы забраць, ці сам дзесьці справакуеш. А ў гэтым выпадку – пад наглядам міліцыі, спакойна, да самага дому. Станоўчы эфэкт ёсьць ад гэтай працы”.

Але ня ўсе кіраўнікі мэдвыцьвярэзьнікаў ухваляюць ініцыятыву МУС за 35 тысячаў рублёў падвозіць дамоў выпівохаў. Начальнік менскага мэдычнага выцьвярэзьніка Сяргей Бабіцын лічыць, што ад такой дабрачыннасьці ўстанова, якой ён кіруе, можа збанкрутаваць:

“За адну базавую велічыню? Калі яны “вобласьць” прыводзяць у прыклад, то ў некаторых выцьвярэзьніках сапраўды ўжо ёсьць такое. Але ж там тэрыторыя зусім іншая, не такая, як у Менску. Калі ўзяць Бабруйск ці тыя ж Асіповічы – дык гэта вельмі істотная розьніца! Што, сёньня з Маскоўскага раёну да мяне ў мэдвыцьвярэзьнік прывезьлі, а потым назад яго зноў везьці? Мы зь яго адну базавую возьмем, як вы кажаце, а бэнзіну, прабачце, я прапалю колькі?

Тут ёсьць тэхнічныя пытаньні, і вы пацікаўцеся, калі ласка, у Рошчына: як ён гэта бачыць, як гэта ўсё будзе прапрацоўвацца, хто і каму будзе выдаваць квіткі, каб ён аплачваў паслугі? Але пакуль што ад пачутага я проста ў шоку”.

Спадар Рошчын, у сваю чаргу, заяўляе, што канчатковае рашэньне пра кошт паслугі пакуль не прынятае. Але супрацоўнікі мэдвыцьвярэзьнікаў у розных рэгіёнаў павінны адштурхоўвацца ад лічбы 35 тысячаў.

“Ну, мы яшчэ прадумаем гэтае пытаньне. Можа, там будзе не адна базавая велічыня, можа болей. Але, зноў жа, у канчатковым варыянце сумы будзе вызначаць выканкам, таму што ўсё кладзецца на мясцовы бюджэт. Будзем размаўляць, узгадняць пазыцыі”.

Поўная палата голых мужыкоў. Жах!

Мянчук Віктар патрапіў у выцьвярэзьнік двойчы – у Менску і ў Варшаве. Узгадвае досьвед зь вялікай неахвотай, але лічыць, што шанец дабрацца дадому чалавеку нападпітку варта даць:

“Як па мне, дык было б лягчэй. Бо ўсё роўна я плачу тыя ж грошы, што і за паслугі выцьвярэзьніка. А там такія страшэнныя ўмовы! Я калі туды трапіў, прачнуўся – блін!!! Страшна холадна, накрыты прасьціной, на гумавых матрацах побач куча п’яных мужыкоў храпіць. Усе голыя да трусоў. Жах! Усё ж лепей хай дадому завязуць у сям’ю, чым туды кінуць. На раніцу і так непрыемна. І плюс яшчэ адчысьцілі кішэні, у мяне амаль увесь аванс зьнік. Так што, як ні круці, зусім непрыемна”.

Карэспандэнт: “Я ведаю, што вы трапілі ў аналягічную сытуацыі і ў Польшчы?”

“Так, і вы ведаеце, там такая ж сытуацыя. Нічым ня лепей, чым у Беларусі. Праўда, крыху больш зручна, што там жа прыбіральня, у гэтай палаце. Таксама можна было папіць штосьці, яны называлі гэта кавай, але насамрэч была нейкая кіслая гадасьць падфарбаваная. Лепей, натуральна, не даводзіць сябе да такой сытуацыі, каб там бываць”.

Пры канцы 20-га стагодзьдзя мэдвыцьвярэзьнікі ў Беларусі зьліквідавалі.Тады гэта патлумачылі тым, што такім чынам нельга эфэктыўна змагацца зь п'янствам. Аднак у 2003 выцьвярэзьнікі адкрыліся зноў.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, злоўжываюць алькаголем болей за 200 тысяч грамадзянаў Беларусі.

Паводле галоўнага лекара Менскага наркалягічнага дыспансэру Сяргея Малочкі, спробы ўзьдзейнічаць на выпівохаў праз выцьвярэзьнікі вялікага плёну ня маюць. Нават стацыянарнае лекаваньне, як кажа экспэрт, у бальшыні выпадкаў заканчваецца кароткатэрміновым вяртаньнем да паўнавартаснага жыцьця.

“Існуюць у чыстым выглядзе аднамомантавыя мэтодыкі, скіраваныя на рэабілітацыю. Прыкладам, хворага выпісалі са стацыянару, у яго скончылася “ломка”, ён адчувае сябе больш-менш нармалёва. Але само па сабе гэта працяглае захворваньне, цягнецца ня год і ня два. Стаж, як правіла, сур'ёзны, працяглы. Мы ведаем, што ёсьць і “дзявяты вал”, калі ўсё нібыта закончылася, але праходзіць месяц, і зноў выяўляюцца рудымэнтарныя сымптомы, якія пра сябе нагадваюць. Яны, канечне, ужо не такога маштабу, не такой разбуральнай сілы, але цякуць аналягічна, толькі ніжэй у амплітудзе. Таму казаць пра хуткае і поўнае выздараўленьне не выпадае”.

Таварышы п’яніцы, усьміхайцеся! Вас здымаюць!

Прадстаўнікі сілавых структураў заявілі, што неўзабаве выцьвярэзьнікі будуць абсталяваныя камэрамі сачэньня, каб выключыць неабгрунтаваныя прэтэнзіі кліентаў пра “катаваньні” ці падазрэньні ў тым, што хтосьці з супрацоўнікаў выцьвярэзьніка нешта скраў. Цяпер грамадзянін мае права зьвярнуцца да кіраўніцтва выцьвярэзьніка і пазнаёміцца з відэазапісам свайго гасьцяваньня.

Самыя першыя відэакамэры зьявіліся ў менскім выцьвярэзьніку, якім кіруе Сяргей Бабіцын:

“У мяне ўжо з пачатку 2005 году 16 відэакамэраў, якія пішуць у 20-гадзінным рэжыме. То бок, усё гэта ў нас ужо абсталявана. У горадзе Менску адзін выцьвярэзьнік на сёньняшні дзень. Больш пакуль няма, але і нямэтазгодна яшчэ адкрываць, мы цалкам даем рады. Спачатку мы адкрыліся 16 сьнежня 2003 году на Ўманскай. Потым тут, дзе цяпер і знаходзімся, каля крамы “1000 дробязяў”, адбыўся капітальны рамонт выцьвярэзьніка, які быў на гэтым месцы і раней. І ў сакавіку 2004-га мы сюды пераехалі”.

Сяргей Бабіцын кажа, што для кліентаў ягонай установы падрыхтаваны яшчэ адно новаўвядзеньне – спэцкрэсла:

“Спэцыяльна абсталяванае для асобаў, якія знаходзяцца ў нецьвярозым выглядзе. Яго распрацавалі ў 2006 годзе і ўсталявалі ў сябе. Зараз досьвед подзе на ўсю краіну. Пакуль адно крэсла ў нас экспэрымэнтальнае, але будуць вырабляцца масава. Раней былі зэдлікі, а гэта спэцкрэсла для ўжываньня захадаў на фізычнае абмежаваньне для буйных, якія могуць нанесьці шкоду сабе ці навакольным, якія кідаюцца ў бойку і г.д. Такой інструкцыі ў нас не было і давялося яе распрацаваць. У 2007-м інструкцыю прынялі, Генпракуратура разглядзела, ухваліла, Міністэрства аховы здароўя ўхваліла, і літаральна праз некалькі месяцаў ува ўсіх выцьвярэзніках будуць усталяваныя такія спэцкрэслы. Пакуль яно толькі ў нас”.

Аплата за паслугі выцьвярэзьніка вагаецца ў залежнасьці ад рэгіёну Беларусі і складае ад 15% до 80% выдаткаў, затрачаных установай: ад 26 да 105 тысяч рублёў за ноч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG