Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае тэлебачаньне ўвечары 23 сакавіка ў перадачы “Панарама тыдня” паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася пра выкрыцьцё шпіёнскай сеткі ЗША на тэрыторыі Беларусі. Ніякіх афіцыйных камэнтароў – ні з боку КДБ Беларусі, ні з боку амбасады ЗША – пакуль што няма.


Паводле журналістаў Беларускага тэлебачаньня, амбасада ЗША нібыта стварыла ў структуры свайго офісу бясьпекі так званую “групу выяўленьня і выкрыцьця”. Яна складалася з 10 беларускіх грамадзянаў, якія займаліся зборам інфармацыі і перадачай яе амэрыканскаму боку. Ім выдалі адмысловы інвэнтар – фотаапараты, біноклі, відэакамэры і тэлефоны. Паводле БТ, групай кіраваў кадравы супрацоўнік ФБР і адначасова дыплямат амбасады ЗША Курт Фінлі.

Паведамляецца, што амаль усіх удзельнікаў групы затрымалі яшчэ 13 сакавіка на кансьпірацыйнай кватэры – за паўкілямэтра ад амбасады ЗША.

У Камітэце дзяржбясьпекі, а таксама ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі гэтай інфармацыі пакуль што не камэнтуюць. Ніякіх камэнтароў не падае і амбасада ЗША, у якой сёньня выходны дзень з нагоды велікодных сьвятаў.

Падпалкоўнік запасу КДБ Валеры Костка з нагоды паказанага відэасюжэту сказаў:

“Камэнтаваць вельмі цяжка гэтую справу, бо камэнтаваць трэба нейкія дзеяньні, нейкую інфармацыю. А інфармацыі няма. Я думаю, што гэта толькі штрыхі палітычнай барацьбы, і ня больш за тое. Спэцслужбы заўсёды падыгрываюць той ці іншай палітычнай сытуацыі. Усё ж ідзе паступова: спачатку выгналі пасла, потым далі каманду скараціць пасольства, цяпер затрымалі шпіёнаў. Будзе, як тады з Польшчай”.

Спадар Костка нагадаў, што падчас канфлікту з Польшчай улады Беларусі таксама лавілі шпіёнаў. Цяпер канфлікт са Злучанымі Штатамі – і зноў шпіёны:

“Усе гэтыя падзеі — адзін сцэнар вялікай барацьбы паміж дзьвюма імпэрыямі: расейскай і амэрыканскай. Беларусь уступае ў канфлікт з Захадам, яна ня мае магчымасьці палітычнага манэўру, і яна цалкам залежыць ад Расеі. І Расея зараз можа віць любую вяроўку зь Беларусі. І таму ўсе выйграюць, акрамя Беларусі. Мне здаецца, чым меней мы ўцягваемся ў гэтыя разборкі, тым лепш для нашай краіны наагул. Гэта ўсё палітыка”.

Нагадаем, напружанасьць у дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЗША ўзьнікла ў сувязі з тым, што амэрыканскі бок увёў санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”. Санкцыі ўведзеныя пасьля таго, як беларускія ўлады не пайшлі на вызваленьне ўсіх палітвязьняў, сярод якіх Аляксандар Казулін.

Падчас прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі неаднаразова выяўлялі шпіёнаў замежных дзяржаваў. У сярэдзіне 1990-х гадоў усчаўся скандал вакол турэцкіх шпіёнаў. Гэта былі супрацоўнікі амбасады, два зь якіх былі абвешчаныя пэрсонамі нон грата. Турэцкімі агентамі былі названыя і беларускія грамадзяне – журналісты, якія прадстаўлялі дзяржаўныя мэдыі.

У 2000 годзе быў арыштаваны яшчэ адзін шпіён – грамадзянін Нямеччыны Крыстафэр Лец, выкладчык Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Маршала. Яго абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасьці і судзілі.

У 2001 годзе беларускія ўлады затрымалі італійскага шпіёна Анжэла Антоніё Піў. Яго таксама вінавацілі ў вярбоўцы беларускіх грамадзянаў. Разам зь ім была затрыманая грамадзянка Беларусі, якую зьвінавацілі ў выдачы дзяржаўнай таямніцы. Абаіх судзілі.

Раней Беларускае тэлебачаньне расказвала пра дзейнасьць ЦРУ ў Беларусі пад прыкрыцьцём дыппрадстаўніцтва ЗША. Расказвалася, што дыпляматы-выведнікі бралі актыўны ўдзел у акцыях апазыцыі і займаліся вярбоўкай маладых актывістаў. Адным з гэтых дыпляматаў быў Серж Аляксандраў.

Наступны шпіёнскі скандал выбухнуў у 2004 годзе. Паводле беларускіх спэцслужбаў, агентурныя апэрацыі ажыцьцяўляў вайсковы аташэ польскай амбасады ў Беларусі Казімеж Віташчык. Яго выдалілі зь Беларусі.

У 2006 годзе тое ж Беларускае тэлебачаньне заявіла, што амбасада Польшчы ў Беларусі – цэнтар рэзыдэнтуры замежных спэцслужбаў. У выніку зь Беларусі былі высланыя польскія дыпляматы Бучак, Альборскі і Буцька.

Летась былі асуджаныя вайскоўцы, грамадзяне Беларусі і Расеі, якія працавалі на польскую выведку. Ад іх польская выведка павінна была атрымаць сакрэты, зьвязаныя з вайскова-стратэгічнымі аб'ектамі Беларусі і Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG