Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На 50-тысячную Рэчыцу засталася адна лазьня на 13 месцаў...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 22 сакавіка 2008 году.


Для сёньняшняга агляду я выбраў з пошты некалькіх апошніх тыдняў тыя лісты, у якіх слухачы “Свабоды” распавядаюць пераважна пра свае асабістыя штодзённыя турботы і праблемы, пра тое, аб чым гавораць з суседзямі на вясковай вуліцы ці ля пад’езду шматкватэрнага гарадзкога дому.

Назіраньні, клопат і трывогі пэнсіянэра, жыхара невялікага беларускага гораду – у лісьце Леаніда Цыбульскага з Рэчыцы, зь якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:

“Люблю я вас, “свабодаўцы”, за праўду. Мне 71 год, але па-сапраўднаму я яшчэ ня жыў і не жыву.

Летась у нас у горадзе правялі ўсебеларускія Дажынкі. Рэчыца стала як велікоднае яйка. Але гэта – звонку. А што ўнутры?

Пабудавалі мост цераз чыгунку, пашырылі цэнтральныя вуліцы – гэта добра. А ўскраіны якія занядбаныя былі, такія ж і засталіся. Была ў нас лазьня – разбурылі. Кажуць, з вышыні птушынага палёту кепска выглядала, псавала панараму. Цяпер на ўвесь 50-тысячны горад засталася адна лазьня на 13 месцаў. А на пытаньне “Дзе мыцца?” адказ у чыноўнікаў адзін: “У нас побач Дняпро”.

За вялізныя грошы пабудавалі амфітэатар – шэдэўр архітэктуры, які ні дня не працаваў. Цяпер яго аблюбавалі галубы. А да іх прыставілі ахову.

Нядаўна вырашылі будаваць яшчэ і лядовы палац, бо наш прэзыдэнт вырашыў зрабіць Беларусь хакейнай краінай”.

Далей у сваім лісьце Леанід Цыбульскі разважае пра сыстэму разнастайных адміністратыўных штрафаў, якая за апошнія гады значна пашырылася і стала больш жорсткай:

“Штрафныя санкцыі цяпер — на кожным кроку, усюды. Аказваецца, мы ня маем права паліць расейскія цыгарэты, есьці ўкраінскае сала (паспрабуй перавязі іх празь мяжу). Спаліў туалетную паперу ў сябе ў двары – штраф; перайшоў вуліцу без павязкі, якая адбівае сьвятло (флікера), – таксама штраф.

Не ўпільнаваў, што на агародзе вырасла каліва дзікага маку ці канапель – плаці; нясвоечасова прыбраў апалае лісьце – таксама плаці.

І за тое, што чытаеш забароненую газэту. І што выйшаў на рэчку зь лішнім рыбалоўным кручком альбо злавіў больш за пяць кіляграмаў рыбы... Цікава, што саму рэчку ўлада здала ў арэнду, і ўзаконеныя браканьеры вычэрпваюць зь яе ўсё. Атрымліваецца так: аматар падкормлівае рыбу і ловіць на кручок, а законны браканьер ня корміць, а рыбу выбірае сеткай. Што гэта за ўлада, якая дазваляе такое?”


напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Леанід Цыбульскі з Рэчыцы.

Наша радыё нядаўна паведамляла, што з ініцыятывы дзяржаўных лясгасаў уведзены буйныя штрафы тым, хто наважыцца нарыхтоўваць бярозавы сок. Што далей? Магчыма, увядзеньне абавязковых ліцэнзіяў на збор грыбоў і ягад альбо платных санкцыяў на адпачынак на беразе возера?

Пра сэктантаў, якія, зачыніўшыся ў пячоры пад расейскім горадам Пензай, ужо некалькі месяцаў чакаюць канца сьвету, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” наша слухачка Марыя Яроменка зь Менску. Яна піша:

“Людзі, якія схаваліся пад зямлю ў чаканьні канца сьвету, пацьвярджаюць маю думку, што Гасподзь падвёў нас да мяжы, на якой мы павінны зрабіць выбар: альбо схіляемся перад ім у паслушэнстве, як перад сапраўдным Айцом, які жадае нам дабра і шчасьця, альбо ён павінен будзе нас зьнішчыць.

Але, як і ў эпоху праведніка Ноя, якога сучасьнікі лічылі дзіваком, назіраючы, як ён рыхтуецца да выратаваньня ад гневу Божага, так і ў наш час людзі ня могуць зразумець учынку праведнікаў, якія замуравалі сябе пад зямлёй. Людзі працягваюць займацца сваімі мітусьлівымі справамі, нібы нічога не адбываецца”,


напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Марыя Яроменка зь Менску.

Паводле хрысьціянскага вучэньня, чалавек павінен ратаваць сваю душу добрымі ўчынкамі і думкамі, а ня пошукам пячораў ды падзямельляў. Даволі наіўны разьлік – схавацца ад гневу Божага і ад канца сьвету на глыбіні некалькіх мэтраў ад паверхні грэшнай зямлі. Тое, што такі выбар зрабілі для сябе дарослыя сьвядомыя людзі, якія падпалі пад уплыў чарговага прапаведніка, што лічыць сябе выратавальнікам чалавецтва, яшчэ б нічога: не яны першыя і не яны апошнія. Недапушчальна тое, што яны пацягнулі за сабой пад зямлю і трымаюць там гвалтам маленькіх дзяцей.

Наш слухач Георгі Крупскі з Полацку – санітарны доктар з больш як 30-гадовым працоўным стажам. Цяпер ён пэнсіянэр, але ўжо на працягу многіх гадоў змагаецца за права працаваць далей адпаведна са спэцыяльнасьцю. Пра вынікі і прычыны свайго змаганьня спадар Крупскі паведамляе на “Свабоду”. У лісьце ён піша:

“У Полацкім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі працуюць 10 пэнсіянэраў прыкладна майго ўзросту на пасадзе доктара. А мяне не бяруць нават на паўстаўкі. Падазраю, што дзейнічае сакрэтны грыф: “Чужы”. Калісьці галоўны доктар сказаў мне незадаволеным тонам: “Вы самі напружана працуеце і іншых прымушаеце, такія нам не патрэбныя”. Я, малады энтузіяст сталінскага выхаваньня, успрыняў гэта тады як жарт. А вось цяпер зразумеў, што ўсё было сказана сур’ёзна.

...Восем год хаджу па пакутах у пошуках працы, а яны толькі перазвоньваюцца ды пасьміхаюцца, назіраючы, як “Чужы” мітусіцца. На маё месца прынялі двух дактароў-пэнсіянэраў. А мне хоць бы на паўстаўкі ў Полацкі цэнтар эпідэміялёгіі ці чытаць лекцыі ў мэдвучылішчы... У мяне ж на ўтрыманьні дачка 1986-га году нараджэньня, якая вучыцца ў Менску ў мэдунівэрсытэце”
, —

паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Георгі Крупскі з Полацку.

На свае шматлікія звароты ў дзяржаўныя ўстановы спадар Крупскі атрымлівае адказы, у якіх немагчымасьць працаўладкаваньня тлумачыцца шэрагам аб’ектыўных прычынаў. Вось як, напрыклад, абгрунтоўвае гэта ў сваім афіцыйным адказе кіраўнік справаў Полацкага гарвыканкаму спадар Лысёнак. Па-першае, піша ён у сваім лісьце, спадар Крупскі не працуе ў адпаведнасьці з прафэсіяй больш як восем год (а мэдыкі ў такіх выпадках не дапускаюцца да працы безь перападрыхтоўкі). Па-другое, горад ня мае патрэбы ў дактарах-лябарантах без вышэйшай мэдычнай адукацыі. І па-трэцяе, гарвыканкам лічыць немэтазгодным працаўладкаваньне 70-гадовага пэнсіянэра – у той час, калі бяз працы застаецца багата людзей маладога і сярэдняга ўзросту.

Георгі Крупскі такім адказам абураны. Зьвяртаючыся да чыноўніка, ён піша:

“Паважаны Лысёнак, згадайце, што ў 94-м годзе вы зьбіралі подпісы за Кебіча, а я – за Лукашэнку. І сабраў 1170 подпісаў. Цяпер лічу, што як актыўны выбаршчык я маю права зьвярнуцца да прэзыдэнта ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека і Канстытуцыі, якая гарантуе права на працу”.

Зьвярнуцца да прэзыдэнта, спадар Крупскі, вы права маеце. А ён мае права пераадрасаваць гэты ліст у Полацкі гарвыканкам (што ўжо неаднаразова і было зроблена). Гэта – звычайная ў Беларусі практыка. І няўжо вы зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку ў карысьлівых мэтах – у разьліку на тое, што атрымаеце ад яго пратэкцыю?

А ўвогуле, калі казаць пра сутнасьць праблемы, то назваць беспадстаўнымі прычыны адмовы ў працаўладкаваньні, прыведзеныя ў лісьце гарвыканкамаўскага чыноўніка, цяжка. Магчыма, вам, спадар Крупскі, варта пашукаць занятку не ў мэдыцыне, а ў менш адказнай і працаёмістай сфэры, дзе звычайна ўладкоўваюцца людзі сталага ўзросту, каб мець сякую-такую дабаўку да пэнсіі.

На заканчэньне – фрагмэнт ліста Юрася Навіцкага зь Менску на тэму рэлігійнай цярпімасьці ў Беларусі. Абураючыся фактам перасьледу журналіста газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова, якога пакаралі турмой за перадрук карыкатураў на прарока Мухамада, слухач піша:

“Згадайце скандальны фільм “Код да Вінчы”, які выйшаў на экраны кінатэатраў Беларусі ў траўні 2006 году. Пакуль каталікі ня сталі ў пікеты, пакуль не пачаліся пасты – кіно ішло. Тыя тры тыдні пракату не страсянулі сьвет, але яшчэ раз даказалі, што сёньняшняя ўлада жыве не паводле закону, а паводле крымінальных паняцьцяў. Залішне й казаць, што ў тым выпадку вінаватыя ў распальваньні рэлігійнай варажнечы пакараныя не былі. І кінапракат не зачынілі.

Той выпадак можна было б назваць выключэньнем, калі б, аглядаючы інтэрнэт-старонкі, я не натрапіў на анэкдоты антырэлігійнага зьместу на сайце дзяржаўнага культурніцкага тэлеканалу “Лад”. І тым жа вечарам 16 лютага на ўласныя вушы не пачуў па гэтым канале анэкдоты пра Хрыста, пра Пана й нячыстага, прычым даволі брудныя. Сорам такой “культуры”, у параўнаньні зь якой перадрукі Зьдзьвіжкова – дзіцячае лапатаньне.

Нашай уладзе дазволена зьдзекавацца з пачуцьцяў вернікаў, ухваляць людажэраў Сталіна і Гітлера, карнікаў Суворава і Мураўёва-вешальніка, абражаць габрэяў. І зь яе як з гусі вада. А яе СМІ, якія ўсё гэта робяць, ня толькі не зачыняюцца, але існуюць за нашы падаткі – гэта значыць, на сродкі тых, каго абражаюць. І пасьля гэтага ўлада яшчэ нешта гаворыць пра падвойныя стандарты ў адносінах да яе?”


напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Юрась Навіцкі зь Менску.

Да напісанага слухачом дадам, што згаданага ў лісьце журналіста Аляксандра Зьдзьвіжкова ўлада ў выніку ціску міжнароднай супольнасьці вызваліла з турмы 22 лютага. Супраць жорсткага прысуду журналісту (а яго беларускі суд за “дацкія” карыкатуры пакараў трыма гадамі турмы) выступілі нават кіраўнікі аб’яднаньня мусульманаў Беларусі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG