Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы “Свабоды” рэагуюць на чарговае абвастрэньне беларуска-амэрыканскім дачыненьняў.

23 сакавіка Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджаецца, нібы амбасада ЗША пад прыкрыцьцём барацьбы з тэрарызмам арганізавала ў Беларусі шпіёнскую сетку.

Раней Беларусь адклікала свайго амбасадара Міхаіла Хвастова з ЗША для кансультацыяў. Амбасадарка ЗША Карэн Ст'юарт вярнулася ў Вашынгтон. Афіцыйны Менск запатрабаваў скараціць колькасьць супрацоўнікаў дыпляматычнага прадстаўніцтва ЗША. Амэрыканская амбасада часова прыпыніла выдачу візаў.

Валеры: “Адносіны паміж урадам Беларусі і ЗША нагадваюць сюжэт байкі Крылова, у якой Моська гучна брахала на слана. Навошта Моська гэта робіць? Усе добра ведаюць, што мазгі ў Моські значна меншыя, чым у слана”.

25 сакавіка ў Менску павінна адбыцца вулічная акцыя з нагоды 90-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

20 сакавіка гарвыканкам забараніў акцыю ў цэнтры гораду, а дазволіў маршрут ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Заяўнікі не пагадзіліся з такім рашэньнем і склалі зь сябе адказнасьць за ягоныя наступствы.

Спадарыня: “Скажыце, калі ласка, калі ваша шэсьце было нармальным? У вас жа як толькі шэсьце, так бойка, то асфальт рубіце, то машыны пашкоджваеце, то людзей зьбіваеце палкамі. Калі ў вас было нармальна?! Калі б вы спакойна прайшлі, шэсьце б не забаранялі. Але вы ж як бандыты па вуліцы ходзіце!”

Слухачцы адказвае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які выступаў адным з заяўнікаў мітынгу і шэсьця 25 сакавіка:

“Я ня буду сьцьвярджаць, што з кожнага прыхільніка пераменаў, з кожнага, хто выйдзе заўтра на вуліцу, можна пісаць партрэты Ісуса Хрыста. Але разам з тым гэтыя людзі маюць канстытуцыйнае права на свабоду мітынгаў. Праблема ня ў тым, як паводзяць сябе людзі, а ў тым, што гэтым людзям забараняюць рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы.

Я быў бы больш асьцярожны на вашым месцы. Ну, ня цягне ніяк на чалавека, які калупае асфальт, Генадзь Бураўкін, прафэсар Станіслаў Багданкевіч і іншыя, якія выходзяць на вуліцу. Калі вы так сьцьвярджаеце, вы абражаеце людзей, якія зьяўляюцца гонарам Беларусі. Запрашаю вас заўтра прыйсьці і стаць побач са мной. Вы паглядзіце на свае вочы, што ніхто ня робіць таго, пра што вы кажаце. Праблема ў паводзінах улады і ў тым, што ў нас забароны. Калі ёсьць забарона, гэта правакуе радыкальныя дзеяньні з боку некаторай часткі людзей, якія выходзяць на вуліцу”.

Наш слухач цікавіцца:

Спадар Юры, Менск: “Пытаньне Ўладзімеру Арлову. Скажыце, чаму нашы патрыёты на пачатку 20 стагодзьдзя ўзялі кацярынінскую назву для дзяржавы — Беларусь, а ня роднае — Літва?”

Адказвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

“Асабіста мне таксама болей імпануе назва Літва. Але назва Беларусь была прынятая бацькамі БНР і большасьцю дзеячоў нацыянальнага адраджэньня. Трэба сказаць, што яна адпавядала рэаліям. Якраз тады назва Беларусь у дачыненьні да краю і назва “беларусы” ў дачыненьні да нашых продкаў перамаглі. Менавіта да беларусаў зьвяртаўся ў сваёй славутай прадмове Францішак Багушэвіч. Менавіта Беларусьсю называў ён нашую краіну і акрэсьліваў яе межы”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Галіна: “Каля кафэ “Ідылія” па вуліцы Першамайскай у горадзе Магілёве я пабачыла расьцяжку, якая проста шакавала мяне. На ёй было напісана: “2 красавіка 1996 — 2008. Я жыву ў саюзнай дзяржаве”. Растлумачце, што гэта такое? Якая такая саюзная дзяржава? Адкуль і калі яна зьявілася?”

Адказвае палітоляг Алесь Лагвінец:

“Так званая Саюзная дзяржава — гэта вынік дамовы паміж Ельцыным і Лукашэнкам, якая была падпісаная 2 красавіка 1996 году. Гэтае ўтварэньне мела вельмі амбітныя мэты, але цягам 12 год яно паказала сябе цалкам аморфным. Задача стварэньня гэтай дзяржавы мела найперш палітычныя мэты. Беларуская ўлада вельмі ўдала спрабавала гуляць на імпэрскіх пачуцьцях Расеі дзеля таго, каб атрымаць канкрэтныя эканамічныя выгады. Сёньня гэтак званая Саюзная дзяржава існуе, але яна існуе толькі фармальна. Па сутнасьці, гэта форум для абмеркаваньня двухбаковых стасункаў. Мэты, якія ставіліся пры стварэньні Саюзнай дзяржавы, ня выкананыя. Іхнае выкананьне вельмі моцна пашкодзіла б беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Выкананьне ўсіх гэтых мэтаў прывяло б да зьнішчэньня беларускай дзяржавы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG