Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Манёнак: У Менску і Масквы наперадзе вялікія спрэчкі


Ці ўдалося беларускаму боку дамовіцца аб зьмене формулы ўтварэньня цаны на газ? Якія прэтэнзіі вылучае расейскі бок да дзейнасьці «Белтрансгазу»?


На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты "Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: Напярэдадні паседжаньня саюзнага Саўміну віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што Беларусь будзе ставіць пытаньне аб пераглядзе формулы ўтварэньня цаны на расейскі газ. Але расейскі прэм’ер Віктар Зубкоў падчас знаходжаньня ў Менску адзначыў, што Беларусь і Расея павінны вырашаць усе пытаньні, што ўзьнікаюць у газавай сфэры, у адпаведнасьці з заключанымі кантрактамі. Ці азначае гэта, што расейскі бок лічыць, што перагляду формулы не павінна быць?

Манёнак: Вялікага гандлю пакуль што не было. Спадар Зубкоў, напэўна, апошні раз прыехаў у Беларусь у статусе прэм’ер-міністра, таму стратэгічнае пытаньне карэктаваньня формулы кошту, я так разумею, было адкладзенае ўжо для гандлю з новым прэм’ерам. Створана нават сумесная беларуска-расейская камісія навукоўцаў і чыноўнікаў, якія будуць рыхтаваць нейкія аргумэнты, каб не падвышаць істотна цэнаў на газ для Беларусі. Сярод аргумэнтаў будзе і тое, што большая частка беларускай прадукцыі прадаецца ў Расею і ў выпадку падаражэньня будуць закранутыя і інтарэсы расейскіх пакупнікоў.

Цыганкоў: Але калі формула ня будзе зьмененая, то газ для Беларусі з новага году можа каштаваць 200 даляраў...

Манёнак: Можа быць і больш. Цана прыроднага газу для Эўропы вырасла вельмі істотна, нават у пэўным сэнсе нечакана для Расеі. Да канца году яна ў сярэднім будзе 400 даляраў. Рэч у тым, што вельмі хутка расьце сусьветны кошт на нафту, а цана газу непасрэдна зьвязаная з цаной на нафту.

Цыганкоў:
21 сакавіка таксама прагучала незадаволенасьць расейскага боку тым, што "Белтрансгаз" выплачвае розныя "непадатковыя" плацяжы ў беларускія дзяржаўныя фонды. Намесьнік кіраўніка Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Андрэй Белавусаў назваў гэтую практыку ўшчамленьнем інтарэсаў "Газпрому", які таксама зьяўляецца акцыянэрам “Белтрансгазу”. Наколькі сур’ёзная гэта праблема?

Манёнак: Вельмі сур’ёзная. У Беларусі створаныя інавацыйныя фонды амаль пры ўсіх міністэрствах, што дае магчымасьць падтрымліваць тыя ці іншыя прадпрыемствы. І слушна кажа расейскі бок, які мае ўжо 25 працэнтаў акцыяў “Белтрансгазу”, што гэтая практыка зьмяншае прыбытак акцыянэраў. Гэта супярэчыць беларуска-расейскім гандлёвым пагадненьням. Але беларускі бок кажа, што гэта не пярэчыць беларускаму заканадаўству. Тут наперадзе вялікія спрэчкі, і Масква будзе настойліва адстойваць свае інтарэсы”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG