Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня і заўтра ахвотныя могуць паўдзельнічаць у Першай агульнанацыянальнай дыктоўцы па-беларуску. У Менску дыктоўку можна будзе напісаць ў Палацы мастацтваў.


Сотні грамадзянаў Беларусі выказалі жаданьне паўдзельнічаць у Першай агульнанацыянальнай дыктоўцы, прымеркаванай да сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР. Толькі 23 сакавіка на сядзібе партыі БНФ і Таварыстве беларускай мовы кожную гадзіну ад 11 раніцы да 5 вечара людзі запаўнялі ўсе вольныя крэслы, каб напісаць пад дыктоўку тэкст – прадмову да кнігі Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”.

Кожную гадзіну гучала песьня Сокала-Воюша “Маналёг Багушэвіча”.

Людзі тлумачаць свой удзел у дыктоўцы:

Дзяўчына: “Дыктоўка – гэта наш першы крок да беларускай культуры. Сёньня беларусы ва ўсім сьвеце напішуць адны і тыя ж словы любові да сваёй роднай мовы”.

Хлопец: “Мне падабаецца гэтая мова, культура Беларусі”.

Спадарыня: “Гэта акцыя еднасьці ўсіх беларусаў. Ня толькі ў нас, але й у замежжы. А яшчэ ж гэта й 90-я ўгодкі БНР”.

“Беларуская дыктоўка пашырае беларускую тэрыторыю, бо, сапраўды, дыктоўка заканчваецца слова Багушэвіча: “Дзе Беларусь? Беларусь там, дзе ёсьць беларускае слова”, – гаворыць Аляксей Марачкін.

Уладзімер Падгол тлумачыць масавасьць акцыі тым, што дыктоўка ня цягне за сабой перасьледу з боку ўладаў, і таму людзі ахвотна да яе далучаюцца:

“Гэта псыхалягічная акцыя, у якой у людзей здымаецца абсалютна страх за ўдзел у ёй. Запалоханае грамадзтва. І страх не дазваляе людзям праявіць сябе нават на выбарах”.

Лявон Баршчэўскі лічыць паказальнай зьявай тое, што гарадзкія бібліятэкі адмовіліся даць чытальныя залі для напісаньня дыктоўкі:

“Час яшчэ ёсьць 24 і 25 сакавіка. Ёсьць магчымасьць напісаць, слухаючы па радыё. Мая мара, каб праз год-два было так, каб адначасова ў некалькіх краінах напісалі дыктоўку. Я атрымаў адказ, што няма ў ніводнай бібліятэцы горада Менску вольных памяшканьняў для напісаньня дыктоўкі! Гэта нават немагчыма камэнтаваць”.

Паколькі ня ўсе жадаючыя пасьпелі ўзяць удзел у дыктоўцы, яе можна будзе напісаць сёньня і заўтра. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разам зь некалькімі сваімі паплечнікамі будзе пісаць дыктоўку сёньня:

“Справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя ў Віцебску. Мы крочым насустрач зьезду. Але мы ўнесьлі гэты пункт у парадак дня – хоць дома, але ўзяць удзел у дыктоўцы”.

Ня ўсе апазыцыянэры пагадзіліся паўдзельнічаць у дыктоўцы. Прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал патлумачыў сваю пазыцыю:

“Ну, можа існаваць такая зьява, але дэманстраваць яе як вялікае дасягненьне беларускай культуры ці змаганьне за вызваленьне – было б залішне”.

Алег Корбан выказаў сваё меркаваньне:

“Я думаю, што для моладзі гэтая дыктоўка не актуальная. Напрыклад, можна было б арганізаваць які-небудзь рок-канцэрт. А гэта, я лічу, зусім не для моладзі. Нагадвае школу, «учылку», двойки»…

Ініцыятары Першай дыктоўкі па-беларуску ўпэўненыя, што дыктоўку будуць пісаць штогод, і яна набудзе ня толькі агульнанацыянальны маштаб.

15 сакавіка дыктоўку напісалі большасьць прадстаўнікоў амбасадаў краінаў Эўразьвязу і ЗША, а таксама рэдактары недзяржаўных выданьняў. Потым да яе далучыліся журналісты, палітыкі, грамадзкія дзеячы, людзі рознага ўзросту ад школьнікаў да пэнсіянэраў. 23 сакавіка дыктоўку пісалі ў Менску і ў абласных цэнтрах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG