Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя ў Празе: “Беларусь была і ёсьць часткай Эўропы” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Празе пад патранажам міністра замежных справаў Чэхіі Карла Шварцэнбэрга адбылася канфэрэнцыя “Мінуласьць, сучаснасьць і будучыня беларускай дзяржаўнасьці”.


У ёй ўзялі ўдзел старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, іншыя палітыкі, навукоўцы, прадстаўнікі грамадзкасьці зь Беларусі і замежжа.

Ян Когаўт і Івонка Сурвіла
Намесьнік міністра замежных спраў Чэхіі Ян Когаўт сказаў, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў канфэрэнцыі:

"Чэская Рэспубліка бачыць ў беларускай дзяржаўнасьці эўрапейскія пэрспэктывы, таму мы выступаем за эўрапейскую Беларусь з павагай да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Будучыня Беларусі – у Эўропе, у эўраатлянтычнай супольнасьці".

Былы дысыдэнт, сэнатар і міністар унутраных спраў Чэхіі, кіраўнік ініцыятывы “Грамадзянская Беларусь” Ян Румл зачытаў прысутным зварот Вацлава Гаўла. У звароце, сярод іншага, былы прэзыдэнт Чэхіі зьвярнуў увагу на неабходнасьць спрасьціць эўрапейскую візавую палітыку ў дачыненьні да грамадзян Беларусі. "Свабодамысныя беларусы павінны былі б тут мець нашмат большыя магчымасьці для вывучэньня і разьвіцьця сваёй культуры і нацыянальных традыцыяў – калі немагчыма дасягнуць гэтага дома”, – зазначыў Вацлаў Гавэл.

Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк і Ян Румл
Вось што сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Ян Румл:

"Мы будзем спрабаваць, асабліва падчас старшынёўства Чэхіі ў Эўразьвязе, ініцыяваць заканадаўчыя зьмены, каб зьменшыць цэны візаў для беларусаў. Гэтым пытаньнем будуць займацца ня толькі краіны Вышаградзкай групы, але, я таксама думаю, і Данія, і іншыя краіны, якія далучацца да гэтай ініцыятывы. Беларусь была і ёсьць геаграфічнай і культурнай часткай Эўропы. Калі людзям не даюць магчымасьці падарожнічаць, гэта шкодзіць не Лукашэнку, але найперш шкодзіць беларусам".

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў сваёй прамове казала пра ролю Беларускай Народнай Рэспублікі для ўсталяваньня беларускай дзяржаўнасьці і набыцьця Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе.

"Мы былі тым агеньчыкам, які даваў надзею на ажыцьцяўленьне ідэалаў, выказаных у Акце 25 сакавіка. Сёньня мы ведаем, што гэтыя ідэалы стануцца рэчаіснасьцю, што наш народ зойме пачэснае месца паміж іншымі вольнымі народамі сьвету. Так, як развалілася савецкая турма народаў, разваліцца і сёньняшняя дыктатура, якая пануе ў Беларусі. Разваліцца, бо расьце новае пакаленьне Дашкевічаў, Фінькевічаў і Севярынцаў, якія жывуць верай у лепшую будучыню Беларусі і якія пяроймуць нашае змаганьне за ідэалы 25 сакавіка".

Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у сваёй прамове, сярод іншага, зьвярнуў увагу на надзвычай неспрыяльныя геапалітычныя ўмовы, у якіх была абвешчаная незалежнасьць БНР у 1918 годзе. Ён таксама прывёў паралелі зь цяперашнім часам, гаворачы пра пагрозу незалежнасьці Беларусі з боку Расеі, чый рэжым ён назваў "карпаратыўнай дыктатурай КГБ". Зянон Пазьняк сказаў, што эўрапейскія палітыкі недаацэньваюць расейскую небясьпеку.

"Каб не было позна, як было позна ў 1930-я гады, калі да ўлады прыйшоў фюрэр. Гэта вельмі істотна, бо калі Беларусь страціць незалежнасьць, і калі расейскія ракеты, гэбісцкія ракеты будуць стаяць каля Буга, тады будзе зусім іншая размова і пра балтыйскі газаправод, і пра ўсю сытуацыю зусім па-другому будзе весьціся гаворка".

Заля была поўная
Гісторык Сяргей Абламейка засяродзіўся на важнасьці беларускай культуры, як падмурку існаваньня беларускай нацыі і гарантыі беларускай незалежнасьці. Ён падкрэсьліў, што расейскі царызм, камуністычныя ўлады і сучасны беларускі рэжым падобныя ў сваіх дзеяньнях на вынішчэньне беларускай культуры:

"Барацьба за дэмакратычную Беларусь сёньня – гэта барацьба за беларускую культуру, за захаваньне рэшткаў беларускай гістарычнай спадчыны. Любы культурны праект, фінансаваны на міжнародныя грошы, які мае на мэце вяртаньне беларусам іх страчанай спадчыны і зноў хаванай ад народу гістарычнай праўды, будзе мець большае значэньне для дэмакратызацыі Беларусі, чым утапічныя канфэрэнцыі аб зьменах выбарчага заканадаўства, якія ня могуць адбыцца ў прынцыпе. Зьмены адбудуцца, калі гэтага захоча народ. А народ захоча тады, калі будзе здольны ацаніць вартасьць свайго эўрапейскага мінулага і эўрапейскай пэрспэктывы ў будучым, а значыць – дэмакратыі і правоў чалавека".

Павал Севярынец слухае сынхронны пераклад
Палітык і былы палітзьняволены Павал Севярынец у сваім выступе падкрэсьліў важнасьць адраджэньня хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у Беларусі. Менавіта Севярынцу найбольш задавалі пытаньні наведнікі канфэрэнцыі. Сярод іншага, Паўла папрасілі распавесьці пра тое, як ён сьвяткаваў Дзень Волі ў вёсцы Малое Сітна, дзе два гады адбываў пакараньне абмежаваньнем свабоды за арганізацыю масавых пратэстаў супраць фальшаваньня рэфэрэндуму 2004 году.

"Дзень Волі, які быў у 2006 годзе пасьля Плошчы, мне вельмі запомніўся, бо ўсе "хімікі" сабраліся слухаць Свабоду і пасьля рэпартажу пыталіся, што там за сьвяткаваньні сёньня. Адзін з "хімікаў" у мяне спытаўся: "Слухай, а Дзень Волі – гэта ў сэнсе свабоды ці сілы волі?" Я задумаўся над гэтым пытаньнем і сказаў, што беларусам пашчасьціла – у іх свабода і рашучасьць вызначаныя адным словам – гэта Дзень Волі".

Пры канцы канфэрэнцыі яе ўдзельнікі напісалі агульнанацыянальную дыктоўку.

Фотагалерэя

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG